У 2018 годзе Беларусь наведалі 365,5 тысяч арганізаваных турыстаў і экскурсантаў з 122 краінаў сьвету, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. У сярэднім турысты былі ў Беларусі 5 дзён.
Агулам жа з улікам перасячэньня беларуска-расейскай мяжы ў 2018 годзе Беларусь наведалі 11,5 млн іншаземцаў, што на 440 тысяч больш, чым у 2017 годзе.
Больш за ўсё арганізаваных турыстаў у Беларусь прыехалі з:
- Расеі — 207,4 тысячы чалавек (+15,9 тысячы у параўнаньні з 2017 годам),
- Літвы — 59,6 тысячы чалавек (+33,4 тысячы),
- Польшчы — 46,3 тысячы чалавек (+ 23,6 тысячы).
Таксама ў першай дзясятцы лідэраў па колькасьці наведваньняў турысты з
- Латвіі — 11 тысяч (+ 4500 чалавек у параўнаньні з 2017 годам),
- Украіны — 4 тысячы (– 400 чалавек),
- Нямеччыны — 3,6 тысячы (+ 500 чалавек),
- Кітаю — 3,3 тысячы (+ 100 чалавек),
- Гішпаніі — 3,2 тысячы (+ 1800 чалавек),
- Эстоніі — 2,6 тысячы (– 200 чалавек),
- Вялікай Брытаніі — 2,3 тысячы (+ 300 чалавек).
Каб наведаць Беларусь, больш за 8 тысяч кілямэтраў пераадолелі турысты з такіх далёкіх краінаў, як Мазамбік (3 чалавекі), Буркіна-Фасо, Балівія, Коста-Рыка, Танзанія, Ямайка (па 2 чалавекі), Дамініканская Рэспубліка, Маўрыкій, Кот-д’Івуар, Гаіці (па 1 чалавеку).
Больш за мільён іншаземцаў, якія наведалі Беларусь, пражывалі ў гатэлях і гостэлах.
Колькі беларусаў зьезьдзілі за мяжу
Плынь турыстаў зь Беларусі (з улікам перасячэньняў беларускай мяжы на адкрытым беларуска-расейскім участку) у 2018 годзе склала 9,3 мільёна чалавек. 850,7 тысячы беларусаў у 2018 годзе паехалі за мяжу арганізавана, па пуцёўках турыстычных агенцтваў.
Усяго беларусы наведалі 123 краіны сьвету, у сярэднім былі за мяжой 8 дзён.
Найбольш папулярнымі краінамі для адпачынку па пуцёўках у беларусаў былі:
- Эгіпет — 212 тысяч чалавек,
- Турэччына — 151,4 тысячы,
- Украіна — 122,1 тысячы,
- Баўгарыя — 49,8 тысячы,
- Расея — 47 тысячаў,
- Гішпанія — 32,2 тысячы,
- Польшча — 28,1 тысячы,
- Грузія — 16,4 тысячы,
- Чарнагорыя — 16,2 тысячы.
Сярод далёкіх і экзатычных краінаў — Сэнт-Люсія (3 чалавекі), Ангільля (3 чалавекі), Панама, востраў Бувэ (па 2 чалавекі), Гватэмала, Уганда і Гана (па 1 чалавеку).
У 2017 годзе зь Беларусі за мяжу паехалі 727 500 турыстаў (у сярэднім ехалі адпачываць на 8 дзён), а ў Беларусь прыехалі 282 700 турыстаў.