Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іншаземцам у Беларусі далі права на 10 дзён без рэгістрацыі і спрасьцілі атрыманьне грамадзянства


Нацыянальны аэрапорт «Менск», ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Нацыянальны аэрапорт «Менск», ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Дэпутаты ў першым чытаньні прынялі законапраект «Аб становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства». Іншаземцы змогуць знаходзіцца ў краіне без рэгістрацыі да 10 дзён (цяпер да 5 дзён).

Тэрмін без рэгістрацыі павялічыцца ўдвая

У Беларусі будуць уведзеныя новыя правілы для іншаземцаў, якія хацелі б стала пражываць на тэрыторыі краіны. Калі цяпер для заяўкі на сталае жыхарства неабходна ня меней за 7 апошніх гадоў безь перапынку знаходзіцца ў Беларусі, то ў папраўках да закону «Аб прававым стане замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» прапануецца скараціць гэты тэрмін да 4 гадоў.

Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Мельчанкі, які прадстаўляў законапраект, такія захады дазволяць прыцягнуць у Беларусь адмыслоўцаў высокай кваліфікацыі.

Дакумэнт таксама прадугледжвае і пашырэньне сьпісу падставаў наведваньня Беларусі для іншаземцаў, якія прыяжджаюць сюды на вучобу. Мяркуецца, што гэта паспрыяе павелічэньню колькасьці студэнтаў з-за мяжы.

Таксама зь 5 да 10 сутак павялічваецца тэрмін знаходжаньня ў Беларусі іншаземцаў без рэгістрацыі. Як лічыць Мікалай Мельчанка, гэта стане яшчэ адным сродкам для заахвочваньня наведваньня Беларусі замежнымі турыстамі.

Паводле намесьніка кіраўніка МУС, летась у Беларусь прыехалі 5 мільёнаў іншаземцаў, сярод іх 100 тысяч скарысталіся бязьвізавым уездам.

Захады для заахвочваньня іншаземцаў

Каб Беларусь была больш прывабнай для турыстаў, плянуецца ўнесьці змены ў законапраект «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў РБ»:

• іншаземцам дазволяць знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі на працягу 10 дзён (цяпер яны павінны зарэгістравацца, калі прыяжджаюць на тэрмін, большы за 5 дзён);

• высокакваліфікаваным работнікам з-за мяжы дазвол на часовае пражываньне можа быць выдадзены на тэрмін да двух гадоў;

• дазвол на сталае пражываньне такім работнікам можа быць выдадзены праз 4 гады, а не праз 7, як цяпер.

Што важна ведаць пра беларускі «бязьвіз»

Бязьвізавы ўезд у Беларусь дзейнічае зь лютага 2017 году:

Колькі дзён можна знаходзіцца ў Беларусі бязь візы?

  • Да 30 дзён пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і вылету адтуль жа;
  • Да 15 дзён для турыстаў бязьвізавай зоны «Берасьце — Горадня».

«Бязьвізам» нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.​

Замежнікам, якія зьбіраюцца гасьцяваць у Беларусі больш за 10 працоўных дзён, трэба рэгістравацца ў органе рэгістрацыі (МЗС, або органе ўнутраных спраў) па месцы пражываньня. У гатэлях і санаторыях рэгістрацыю праводзіць адміністрацыя падчас засяленьня, са студзеня 2019 году можна таксама бясплатна зарэгістравацца праз інтэрнэт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG