Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане адкрылі «куток Парыжу» за 4 млн даляраў. ФОТА


«Парыж» у Таджыкістане

У таджыцкім горадзе Куляб адкрылі новы парк на 5 гектараў з «кутком Парыжу» — у ім паставілі ў 10 разоў меншую копію Эўфэлевай вежы. У парку таксама зьявілася копія піраміды Люўра, а вакол разьмясьцілі кавярні і крамы ў будынках, пабудаваных у францускім стылі, паведамляе таджыцкая служба Радыё Свабода.

На добраўпарадкаваньне парку было выдаткавана 4 мільёны долараў. «Куток Парыжу» пабудаваны на сродкі дзяржаўнай алюмініевай кампаніі TALCO. Афіцыйна яго на наступным тыдні адкрые прэзыдэнт краіны Эмамалі Рахмон.

Некаторыя мясцовыя жыхары лічаць, што грошы на парк марнаваць ня варта было, а лепей было пабудаваць прадпрыемства і стварыць новыя працоўныя месцы; іншым ён падабаецца.

Журналіст Куляба Ахмадзі Ібрахім сказаў, што Таджыкістан стараецца прыцягнуць замежных турыстаў, а стварэньне такіх паркаў не прываблівае замежных гасьцей. Паводле яго, ніхто з замежных падарожнікаў не захоча прыехаць у Куляб для таго, каб убачыць мініятурную копію Эўфэлевай вежы.

Куляб — трэці па велічыні горад Таджыкістану з колькасьцю насельніцтва больш за 200 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG