Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць менш гуляць і псаваць зрок», — улады Таджыкістану пра павышэньне цэнаў на інтэрнэт


Рэакцыя сацсетак на падаражаньне інтэрнэту ў Таджыкістане
Рэакцыя сацсетак на падаражаньне інтэрнэту ў Таджыкістане

Ад 18 красавіка ў Таджыкістане рэзка павысяцца цэны на сувязь – на распараджэньне Антыманапольнай службы аб увядзеньні новых тарыфаў, расказвае «Настоящее время». Мабільны інтэрнэт падаражэе ў два-тры разы — да 6,7 даляра за 1 Гб.

«З павышэньнем цэнаў на інтэрнэт людзі будуць граматна карыстацца ім, — растлумачыў у інтэрвію Asia Plus намесьнік старшыні Службы сувязі Ільхом Атоеў. — Менш будуць гуляць і псаваць свой зрок, будуць берагчы сваё здароўе».

Вынікам стане тое, што людзі «пачнуць больш кантактаваць адно з адным» і «чытаць кнігі», спадзяецца ён. А тое цяпер у моладзі, казаў ён, «галавы апушчаныя, заўсёды сядзяць у інтэрнэце» — «яны нічога не разумеюць, заходзяць у віртуальны сьвет і назад не вяртаюцца».

У апошнія некалькі гадоў у Таджыкістане ўзмацняецца кантроль над мабільнай сувязьзю. У 2018 годзе ўлады забаранілі продаж смартфонаў без сэртыфікату ад дзяржаўнай Службы сувязі, а кошт SIM-картак павялічыўся да 26,5 даляра.

У пачатку гэтага году набылі моц новыя правілы для афармленьня SIM-картаў — на біямэтрычныя пашпарты з дактыляскапічнымі зьвесткамі грамадзянаў. У Службе сувязі патлумачылі гэта захадамі «дзеля прадухіленьня тэрарызму і экстрэмізму».

Службай сувязі пры ўрадзе Таджыкістану кіруе Бег Сабураў, блізкі сваяк прэзыдэнта краіны Эмамалі Рахмона, сын якога жанаты на адной з дачок Рахмона.

У рэйтынгу свабоды інтэрнэту ад Freedom House Таджыкістан нават не разглядаўся. Беларусь у тым рэйтынгу даўно мае статус «несвабоднай». У рэйтынгах свабоды прэсы і свабоды ў сьвеце і Беларусь, і Таджыкістан залічаныя да несвабодных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG