Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане рэзэрвістам забаранілі выезд з краіны, а афіцэрам загадалі быць «напагатове»


Афіцэры запасу ў Туркмэністане яшчэ ў лістападзе атрымалі апавяшчэньне быць «напагатове» праз сытуацыю ў Аўганістане. Рэзэрвістам таксама забаранілі выезд з краіны.

Мужчын ва ўзросьце да 50 гадоў выклікаюць у ваенкаматы і патрабуюць знаходзіцца па месцы ўліку, паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода са спасылкай на крыніцы ў міністэрстве абароны Туркмэністана.

«Афіцэраў запасу яшчэ да новага года папярэджвалі быць напагатове. Гэта пачалося яшчэ ў лістападзе. Афіцэры запасу былі выкліканыя ў ваенкаматы для ацэнкі, і ім сказалі, каб нікуды не выяжджалі з краіны і былі даступныя па месцы ўліку» — паведаміў прадстаўнік ведамства на ўмовах ананімнасьці.

Душанбэ
Душанбэ

Выданьне «Кроніка Туркмэністану» пацьвердзіла інфармацыю аб пачатку масавага ўліку рэзэрвістаў у краіне.

«Вядзецца ўлік рэзэрвістаў. Усім ваенкаматам былі дадзеныя ўказаньні праверыць мужчын ва ўзросьце да 50 гадоў на прадмет прыдатнасьці да ваенных дзеяньняў» — распавяла крыніца ў міністэрстве абароны Туркмэністана.

«Гэта зьвязана зь неспакойным становішчам на мяжы (з Аўганістанам). Сытуацыя па ўсёй працягласьці мяжы, пачынаючы ад Керка ў Лебапе да Тагтабазара і Сэрхатабада ў Мары, вельмі неспакойная» — адзначыў чыноўнік. Цяпер, па дадзеных туркмэнскіх вайскоўцаў, амаль усе прымежныя рэгіёны на аўгана-туркмэнскай мяжы з боку Аўганістану знаходзяцца ў руках узброеных груповак, у асноўным «Талібану».

Памірскія горы, Таджыкістан
Памірскія горы, Таджыкістан

«Аб мабілізацыі пакуль гаворкі няма, але вайскоўцы занепакоеныя тым, што рэзэрвісты, ды і вайскоўцы тэрміновай службы вельмі дрэнна падрыхтаваныя да магчымых баявых дзеяньняў» — распавяла раней яшчэ адна крыніца ў мінабароны.

Афіцыйна ўлады Туркмэністану і афіцыйны друк пра сытуацыю на мяжы з Аўганістанам нічога не паведамляюць, сытуацыю і ўлік рэзэрвістаў не камэнтуюць. 17 студзеня выданьне «Туркмэнпартал» са спасылкай на ананімнага прадстаўніка штабу дзяржаўнай памежнай службы Туркмэністану заявіла, што сытуацыя на туркмэна-аўганскай мяжы «штатная» і знаходзіцца пад кантролем «кампэтэнтных сілавых органаў».

У Туркмэністану з Аўганістанам прыкладна 800 км мяжы: яна праходзіць праз вобласьці Лебап і Мары. З Туркмэністанам мяжуюць пяць правінцый Аўганістана — дзевяць раёнаў правінцыі Фар'яп, тры раёны правінцыі Джаўзджан, тры раёны правінцыі Бадгіс, тры раёны правінцыі Герат, а таксама адзін раён правінцыі Балх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG