Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыка вяртаецца ў Беларусь


Дэвід Гейл
Дэвід Гейл

Пра гэта сьведчыць заява, зробленая падчас візыту ў Менск намесьніка дзяржсакратара ЗША Дэвіда Гэйла. Ён абвясьціў, што ЗША вяртаюць свайго амбасадара ў Беларусь.

Насамрэч ЗША Беларусь і не пакідалі і не забывалі. Колішняя дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс у свой час патлумачыла, чаму ў разгар вострага дыпляматычнага канфлікту ў 2008 годзе Амэрыка не прыпыніла дыпляматычныя адносіны — каб амэрыканскі сьцяг не спускаўся ў Беларусі.

Зь іншага боку, ініцыятарам зьніжэньня ўзроўню дыпляматычнага прадстаўніцтва быў менавіта беларускі бок, і беларускі ж бок вуснамі міністра замежных справаў Уладзімера Макея ў студзені сёлета выказаў гатоўнасьць зьняць абмежаваньні на колькасьць пэрсаналу амэрыканскай амбасады ў Менску, тады ж афіцыйны Менск прапанаваў вярнуць дыпляматычныя стасункі на ўзровень амбасадараў, а не часовых павераных.

Так што не прайшло і якіх 9 месяцаў ад прапановы Макея, як прыйшоў афіцыйны адказ — Вашынгтон прымае прапанову і гатовы аднавіць паўнацэнныя дыпляматычныя адносіны.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што памочнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан, які нядаўна наведваў Менск, падкрэсьліваў, што пытаньне пасольстваў — не пытаньне яго візыту. Іншымі словамі, што гэта ўжо па сутнасьці тэхнічнае пытаньне. Вось дэталі гэтага тэхнічнага пытаньня і прыехаў вырашаць Дэвід Гэйл.

Пра тое сьведчыць і пратакольная тонкасьць — госьць перадаў Аляксандру Лукашэнку вітаньне не ад прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, а ад дзяржсакратара Майка Пампэа. Мэта місіі, прынамсі, фармальна, была непалітычнай, на палітычным узроўні ўсё вырашана раней.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што спадар Гэйл, як і Болтан, заявіў пра падтрымку Амэрыкай незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, але ў адрозьненьні ад Болтана назваў традыцыйныя сфэры, у якіх ЗША чакаюць прагрэсу ад Беларусі — палітычнае разьвіцьцё, паляпшэньне ў сфэры правоў чалавека, дэмакратыі, эканамічны рост. Болтан, нагадаем, адным з галоўных пытаньняў у двухбаковых адносінах назваў нераспаўсюд зброі.

Ці то з сыходам Болтана з пасады крыху памяняліся прыярытэты, ці ўзровень намесьніка дзяржсакратара і яго цяперашняя місія — ня тыя, каб нават прыгадваць такую далікатную тэму.

Візыт Дэвіда Гэйла плянаваўся даўно. Аднак атрымалася цікавае супадзеньне — ён прыехаў на наступны дзень пасьля таго, як расейскі «Коммерсант» апублікаваў інфармацыю пра зьмест праграмы паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Супадзеньне аказалася дарэчным: ня тое, што Амэрыка можа ў агляднай пэрспэктыве стаць альтэрнатывай Расеі, але супрацьвагою некаторым яе занадта амбітным праектам адносна Беларусі можа і стаць.

Праўда, амэрыканскі госьць ад падобных дэклярацыяў устрымаўся па пазначаных вышэй прычынах. Калі яго папярэднік Уэс Мітчэл летась казаў пра Беларусь, як пра фарпост супраць расейскага нэаімпэрыялізму, то Дэвід Гэйл як раз падкрэсьліваў, што Вашынгтон прымае і паважае геапалітычны выбар Беларусі — «мы не патрабуем ад Беларусі выбіраць паміж Усходам і Захадам».

Дзіўна было б патрабаваць і нават прапаноўваць іншае падчас фактычна тэхнічнай місіі.

Важную палітычную заяву зрабіў падчас перамоваў Лукашэнка, выказаўшыся наконт ракетаў сярэдняй і малой далёкасьці. Ён выказаў вельмі беларускую радасьць з нагоды заяваў Расеі і Паўночнаатлянтычнага альянсу, што бакі не зьбіраюцца разьмяшчаць ракеты гэтага тыпу ў Эўропе. Абы вайны не было. І дадаў — «Мы ніколі ня будзем такія ракеты разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі, каб не ўскладняць абстаноўку». І яшчэ дадаў — «Калі гэта не пагражае нашай бясьпецы». Тым самым даўшы магчымасьць што Вашынгтону, што Маскве ацэньваць сказанае як заўгодна.

Усё як бы наагул віртуальна, калі (і пакуль) ні Захад, ні Ўсход не зьбіраюцца ставіць ракеты ў Эўропе. Але рашэньні могуць быць і перагледжаныя. І тады гэтае «ніколі» можна прачытаць, як сапраўды ніколі — у сэнсе, што нават калі Захад такія ракеты паставіць, а Расея захоча паставіць таксама, і менавіта ў Беларусі, дык вось на гэта — ніколі, нават у гэтым выпадку.

Ну а можна прачытаць і дадатак — што пагражае бясьпецы Беларусі, у ёй вызначае вядома хто. Так што гэта такі лёгкі пас краіне, якую прадстаўляў спадар Гейл, але і напамін дарагому саюзьніку, што ўсё мае сваю цану.

Ацэньваючы візыт Дэвіда Гэйла, ня варта ні прымяншаць, ні перабольшваць яго значэньне. Прыгожы сымбаль, Амэрыка паўнацэнна вяртаецца ў Беларусь. Калі гэта адбудзецца практычна, заяўлена не было. Магчыма, да наступнага візыту высокага госьця з Вашынгтону.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG