Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Wargaming: ад «Танчыкаў» да Дня танкіста


Самазвал БелАЗ, брэндаваны пад World of Tanks — відэагульню кампаніі Wargaming, 27 жніўня 2019 году
Самазвал БелАЗ, брэндаваны пад World of Tanks — відэагульню кампаніі Wargaming, 27 жніўня 2019 году

Беларускі распрацоўнік відэагульняў Wargaming ладзіць у Менску фэст «Дзень танкіста», дзе на адной сцэне 15 верасьня выступяць вядомыя рок-гурты: каліфарнійскія панкі The Offspring, расейцы «Звери», украінцы «Воплі Відоплясова» і беларусы «Крамбамбуля». І гэтыя гурты сабрала кампанія, вядомая перадусім гульнёй пра баі танкаў часоў Другой сусьветнай вайны.

Свабода згадвае, чым яшчэ вядомы Wargaming.

1. «Танчыкі» — далёка ня першая гульня кампаніі

Мянчук Віктар Кіслы зь сябрамі заснаваў Wargaming яшчэ ў 1998 годзе. У 2000-м выйшла іхная першая відэагульня — пакрокавая гістарычная стратэгія DBA Online, якая не здабыла істотнай папулярнасьці (але сайт гульні дзейнічае дагэтуль).

Першая гульня Wargaming, DBA Online
Першая гульня Wargaming, DBA Online

Праз год яны выпусьцілі сыстэму аптымізацыі паказу рэклямы ў інтэрнэце, якую ў іх пазьней купіла брытанска-амэрыканская рэклямная сетка. Затым кампанія вярнулася да пакрокавых стратэгіяў: у 2003-м выпусьціла футурыстычную Massive Assault, у 2007-м — Galactic Assault: Prisoner of Power паводле раману братоў Стругацкіх «Жылы востраў» і стратэгію ў рэальным часе пра Другую сусьветную вайну «Операция „Багратион“». За год да «танчыкаў», у 2009-м кампанія выпускае яшчэ адну стратэгію ў рэальным часе пра Другую сусьветную — Order of War.

Усе гэтыя гульні мелі сваіх прыхільнікаў, а «Багратыён» у Расеі нават называлі найлепшай стратэгіяй году ў 2008-м. Але іхны посьпех не параўнаць з World of Tanks, што выйшла ў 2010 годзе і прапанавала гульцам бясплатныя баі ў рэальным часе на танках часоў Другой сусьветнай вайны.

2. World of Tanks сапраўды біла рэкорды папулярнасьці

«Танчыкі» трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінэс у 2011 годзе як гульня, дзе на адным сэрвэры адначасова сабралася найбольш чалавек: гулялі ў адзін момант аж 91 311 «танкістаў». Праз два гады рэкорд абнавілі — ужо з 190 541 гульцом. У 2014-м кампанія ўжо казала пра больш як мільён чалавек у гульні адначасова.

У чым сакрэт World of Tanks, акрамя таго, што гэта проста якасная гульня? «Танчыкі» — ня проста ўмоўна бясплатная. У адрозьненьне ад шматлікіх іншых гульняў, што распаўсюджваюцца паводле мадэлі free-to-play («гуляць бясплатна»), у ёй няма рэклямы або абавязковых плацяжоў, каб перамагчы або прайсьці нейкі этап. Усе пакупкі за рэальныя грошы апцыянальныя і не даюць значных перавагаў у баі, таму кампанія заяўляе, што мадэль распаўсюду World of Tanks — free-to-win («перамагай бясплатна»). Шмат іншых гульняў-рэкардсмэнаў цяпер распаўсюджваюцца падобным чынам: напрыклад, Counter-Strike, DotA або Fortnite.

І такая мадэль прыносіць хай не рэкордныя, але значныя прыбыткі: нават калі плоціць толькі частка гульцоў, у сярэднім на месяц ад карыстальніка прыходзіць па пары даляраў.

3. Кіеўскія самалёты і піцерскія караблі

Праўда, папулярнасьць «танчыкаў» паволі спадае, а ў гульнях канкурэнтаў сядзіць ужо больш гульцоў (у «стралялцы» Fortnite на спэцыяльным «канцэрце» сёлета рэгістравалі 10 млн гульцоў адначасова).

Ды Wargaming ня робіць стаўку на адны толькі танкі. У 2013 годзе студыя з Кіеву распрацавала для Wargaming аналяг «танчыкаў» у небе — World of Warplanes з баямі на самалётах часоў Другой сусьветнай. Годам пазьней самі беларусы распрацавалі мабільную вэрсію «танчыкаў»World of Tanks Blitz і браўзэрную картачную гульню World of Tanks Generals. У 2015-м студыя з Санкт-Пецярбургу распрацавала World of Warships з баямі караблёў.

4. Аргентынскі космас родам з ЗША і нядоўгая брытанская антычнасьць

Але кампанія ня толькі прыдумляе новыя «World of…». Wargaming часам купляе студыі распрацоўкі гульняў і нават правы на старыя гульні. У 2013 годзе кампанія купіла правы на Master of Orion — амэрыканскую сэрыю касьмічных стратэгіяў, у якой гітовыя гульні выходзілі з 1993-га. І ў 2016-м Wargaming выдаў пакрокавую стратэгію Master of Orion: Conquer the Stars, якую для беларусаў распрацавалі ў Аргентыне.

Таксама Wargaming выдавала адну з гульняў брытанскай сэрыі гістарычных стратэгіяў Total War. Праўда, стратэгія пра войны ў антычнасьці Total War: Arena выйшла ў 2018-м і закрылася празь 9 месяцаў, не атрымаўшы істотнай папулярнасьці.

Акрамя таго, у 2017 годзе Wargaming разам з расейскай 1С выпусьціла «стралялку» «Калибр», а ў 2019-м — супольна з сэрбамі фэнтэзійную ролевую гульню Pagan Online. У кампаніі таксама існуе «інавацыйны цэнтар» WG Labs, які выдае ўласныя «нестандартныя» відэагульні.

5. Адзін з самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі

Бізнэсовец Віктар Кіслы, які заснаваў Wargaming, пэрыядычна трапляе ў сьпісы самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Напрыклад, у топе часопісу «Ежедневник» у 2019 годзе ён на трэцім месцы (за ўладальнікам «Санта-Брэмар» і сузаснавальнікам EPAM), а два гады запар, у 2016 і 2017, быў на першым. З топу маладых бізнэсоўцаў ён зьнікнуў, як споўнілася 40 гадоў.

Віктар Кіслы, 2013 год
Віктар Кіслы, 2013 год

На пытаньне аб тым, ці не зьбіраецца ён прадаваць бізнэс або выдаваць значную частку акцыяў на біржу, Кіслы ў 2015 годзе казаў, што Wargaming не прывабіў зьнешніх інвэстараў і прадавацца ня будзе.

Дакладныя лічбы даходаў і прыбыткаў Wargaming не публікуе. Але аналітыкі ацэньвалі даходы ад адной толькі World of Tanks на пэрсанальных кампутарах у 471 млн даляраў за 2017 год — гэта пятае месца сярод PC-гульняў пасьля League of Legends, Dungeon Fighter, Crossfire і PUBG.

Колькасьць супрацоўнікаў Wargaming ацэньваюць у больш як 4500 чалавек — гэта параўнальна зь Менскім маторным ці Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам. Ды гэтыя людзі працуюць ня толькі ў Менску: Wargaming мае два дзясяткі офісаў у розных краінах: у Кіеве, Санкт-Пецярбурзе, Хельсынкі, Празе, некалькіх гарадах ЗША, нават у Сыднэі.

6. Афшор ці не?

На самой справе, невялікая частка акцыяў кампаніі — ня больш за 2% — прадавалася на кіпрскай біржы з 2011 па 2014 год. Продаж спынілі, бо кампанія не апублікавала фінансавыя справаздачы за 2013 год. Чаму кампанія вырашыла не публікаваць справаздачу, не паведамлялася. Як невядома і тое, чаму наогул акцыі ў такой колькасьці вырашылі разьмясьціць для гандлю на біржы.

Штаб-кватэра «Варгеймінг» у Нікосіі, Кіпр. Фота: Nikolasphotography via Flickr, CC BY 2.0
Штаб-кватэра «Варгеймінг» у Нікосіі, Кіпр. Фота: Nikolasphotography via Flickr, CC BY 2.0

Ды штаб-кватэра кампаніі па-ранейшаму месьціцца на Кіпры. Такая лякацыя некалі магла насьцярожваць — гадоў 15 таму Кіпр лічыўся афшорнай зонай, куды кампаніі «ўцякалі» ад падаткаў. Яшчэ больш магло насьцярожыць тое, што Кіслы рэгістраваў мацярынскую кампанію ў Лёндане пад кіраваньнем з Брытанскіх Віргінскіх астравоў (дагэтуль вядомых як афшорная зона). Але кампанію ліквідавалі ў 2017 годзе.

Падобна, ніхто ня супраць. За ўвесь час прэтэнзіяў па ўхіленьні ад падаткаў ці нейкіх фінансавых махінацыях да Wargaming не было агучана.

7. Сьвяты на «Лініі Сталіна»

Прэтэнзіі да Wargaming агучвалі за іншае. Кампанія ад 2011 году ладзіла свой фэст на Дзень танкіста на культурна-гістарычным комплексе «Лініі Сталіна» пад Менскам.

Бюст Сталіна на «Лініі Сталіна»
Бюст Сталіна на «Лініі Сталіна»

Комплекс мае прынамсі неадназначную рэпутацыю ў знаёмых з гісторыяй: умацаваньняў пад такой назвай у СССР не было (назву прыдумаў нацысцкі міністар прапаганды Гёбэльс), а ўмацаваньні, што былі, разабралі яшчэ да пачатку вайны СССР зь Нямеччынай, бо мяжа «пасунулася» на ўсход пасьля таго, як саветы падзялілі з нацыстамі Польшчу. Ды й да бюсту Сталіна ў комплексе ставяцца прынамсі неадназначна, памятаючы сталінскія рэпрэсіі.

Але сам Wargaming ня ладзіў на фэстах на «Лініі Сталіна» наўпроставага ўсхваленьня Сталіна ці ягонай палітыкі — там былі рэканструкцыі танкавых баёў, турніры па відэагульнях і рок-канцэрты. І з 2017 году Wargaming перанёс свой фэст у менскі Парк перамогі.

У сувязі са Сталіным гульню згадвалі і зь іншага боку: ня толькі беларусы, але і палякі, і немцы крытыкавалі Wargaming за выкарыстаньне ў гульні лёзунгаў накшталт «За Сталіна». Кампанія адказвала на гэта, што разумее незадаволенасьць, але прытрымліваецца гістарычнай дакладнасьці ў гульні і не выдаляе кантэнт, «не забаронены нацыянальнымі ці міжнародным заканадаўствамі». І на тых жа фэстах Wargaming не выкарыстоўвае партрэты Сталіна і не «злоўжывае» савецкай сымболікай.

8. «Танкалёт», «танкаБелАЗ» і «Супэрбоўл»

Фэстываль, што ладзяць на Дзень танкіста — не адзіная іміджавая рэкляма Wargaming. Так, у 2016 годзе кампанія замовіла рэкляму на самалёце Boeing 737-300 кампаніі «Белавія» — той пафарбавалі ў чорны, нанесьлі беларускі арнамэнт у форме танка «фірмовага» рудога колеру і надпіс «World of Tanks». Другі «танкалёт» Wargaming і «Белавія» паказалі ў 2018-м — ужо ня з танкам, а з зубрам. А ў 2019-м пад «танчыкі» забрэндавалі самазвал БелАЗ.

Другі «танкалёт» Wagraming і «Белавія»
Другі «танкалёт» Wagraming і «Белавія»

Да рэклямы сваіх гульняў Wargaming прыцягваў самых розных зорак: і італьянскага футбаліста Джанлюіджы Буфона (брамнік «Ювэнтуса»), і брытанскага сьпевака Бруса Дыкенсана (пілёта пасажырскіх самалётаў і вакаліста Iron Maiden), і амэрыканскага актора Стывэна Сыгала (таго самага, якога Лукашэнка частаваў морквай і кавунамі), і героя мэма «Гаральт, які хавáе боль» (за заўчасную публікацыю фота зь ім аднаго супрацоўніка нават звольнілі).

А за рэкляму на галоўным спартовым матчы ЗША, «Супэрбоўле», Wargaming мог заплаціць некалькі мільёнаў даляраў.

9. Свой мэтал-«вэтэран» і супраца зь Мінабароны

У Беларускім офісе кампаніі больш за пяць гадоў працуе мясцовая зорка: Уладзіслаў Наважылаў (вядомы пад псэўданімам Лэсьлі Найф) — лідэр пэган-мэтал-гурту Gods Tower, што грае ад 1989 году і лічыцца адным зь піянэраў жанру язычніцкага мэталу. У кампаніі ён займаецца працай з фанатамі. Ён казаў, што і сам фанат — актыўна гуляў у «танчыкі», якія выводзілі яго з дэпрэсіі. Любімай гульні ён нават прысьвяціў песьню.

З кампаніяй супрацоўнічалі, але толькі разава, сьпявачкі беларускага гурту Šuma: у музычным трэку да «фінскай» мапы яна запісала сьпевы на фантастычнай мове, што гучала як фінская.

Яшчэ адзін вядомы «па-за сьветам танкаў» супрацоўнік Wargaming — колішні мэнэджэр спэцыяльных праектаў кампаріі і колішні кіраўнік беларускага дзяржаўнага вайсковага інфармагенцтва «Ваяр» Андрэй Шубадзёраў, які летась сышоў у EPAM на пасаду намесьніка генэральнага дырэктара. Але з сыходам Шубадзёрава супраца Wargaming зь беларускімі вайскоўцамі не спынілася — і сёлетні «Дзень танкіста» кампанія ладзіць супольна зь Міністэрствам абароны.

10. Беларуская мова і віртуальны Менск

«Танчыкі» — адна зь нешматлікіх відэагульняў, калі не адзіная, зь беларускай агучкай. Спачатку быў толькі фанацкі пераклад тэкстаў гульні, але ў 2016 годзе кампанія сама ўзялася за беларускую (і ўкраінскую, і казахскую) агучку.

І адна зь нешматлікіх гульняў, дзе ёсьць Менск. У гульню летась дадалі мапу цэнтру Менску, але чамусьці перанесьлі дзеяньне гульні з часоў Другой усясьветнай вайны на пачатак 1970-х гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG