Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лінія Сталіна», якой ніколі не было


Дзякуючы «гістарычна-культурнаму комплексу» каля Заслаўя імя Сталіна ўжо не адзін год на слыху ў беларусаў і гасьцей краіны. Сярод маршрутаў, рэкамэндаваных для школьнікаў, «Лінія Сталіна» займае першае месца. І ня дзіва, што адным зь першых аб’ектаў, якія зьявіліся на гэтай лініі, былі ня танкі і акопы. А бюст «правадыру і настаўніку».

Праўда гістарычная і людзкая

Абарончую лінію, якая існавала да верасьня 1939, зьнішчыў сам Сталін.

Гісторыкі пісалі, што ў чэрвені 1941-га на гэтай «Лініі» не магло быць баёў, бо старыя ўмацавальныя раёны тут былі зьнішчаныя самім Сталіным. Пасьля «вызвольнага паходу» Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, які пачаўся 17 верасьня 1939 году. Што нават сама гэтая назва, «Лінія Сталіна», узятая ў Гёбэльса. Нягледзячы на ўсе рацыі гісторыкаў, на самой «Лініі» сёньня створана ўсё, каб у наведніка складалася ўражаньне, што ён, наведнік, прысутнічае на месцы сапраўднага поля бітвы.

Рэканструкцыя баявых дзеяньняў на «Лініі Сталіна»
Рэканструкцыя баявых дзеяньняў на «Лініі Сталіна»

Але ў вёсках каля той «Лініі» ўлетку 2007 году яшчэ жыло нямала сапраўдных сьведкаў тых падзеяў. Ніяк не заангажаваных ні ў прапаганду «вялікай бітвы», ні ў замоўчваньне «подзьвігу». Для каго адзінымі крыніцамі інфармацыі пра пачатак вайны былі ўласныя вочы.

Дык ці быў тут бой?

Дык ці быў тут бой? З гэтым пытаньнем я паехаў па вёсках, якія знаходзяцца побач. Паехаў з надзеяй, што ў Гарошках і Шчарбінах яшчэ ёсьць жывыя сьведкі тых далёкіх падзеяў.

«Аднаго немца забілі»

Ганна, гарадзкога выгляду кабета, жыве ў Менску. На радзіму, у Гарошкі, прыяжджае на выходныя. Вайну памятае.

— Стралялі. Аднаго немца забілі. Масток быў. Забілі аднаго. Але яны самі пахавалі ды пайшлі. Немцы як ішлі, так і пайшлі. Баёў моцных тут не было.

Разгаварыўшы спадарыню Ганну, я вывудзіў у яе гісторыю пра тое, як сяляне хавалі зьбітага нямецкага лётчыка.

— Калі пачыналася вайна, зьбілі самалёт тут нямецкі. І там лётчык адзін быў. І тут яго схавалі, у склепе, гэтага немца. Тут прыяжджаюць на матацыкле. «Дзе лётчык?» — «Пайшоў туды». Яны за ім. Яны яго не знайшлі. А пасьля прыяжджаюць немцы. Гэтага немца аддалі, і за гэта нас сталі паважаць. Нашы кабеты выратавалі яго ад савецкіх войскаў. Глебчыха ўмела па-нямецку гаварыць. Ляшок таксама мог па-нямецку. Яны яго схавалі ў пограбе. Што імі рухала? Чалавек жа. І немец чалавек. Глебка яе прозвішча. Гэта самы першы дзень вайны. Самалёт той не бамбаваў. Можа, фатаграфаваў, ці што. Мы ўсю вайну разьбіралі яго на часткі.

«Таму што рускія не здаюцца». Тысячы людзей сьвяткавалі на «Лініі Сталіна»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:15 0:00

Партызанам трэба васямнаццаць кароў

Дзякуючы ўчынку гэтай Глебчыхі вёска Гарошкі была ў акупантаў на асаблівым рахунку. Ні немцы, ні паліцаі яе лішні раз не турбавалі. Сюды наведваліся іншыя госьці.

— Амаль што ўвесь час немцы някепска ставіліся, калі шчыра казаць. Партызаны горш. Ім есьці трэба. За адну ноч яны ўганялі васямнаццаць кароў. Насупраць нас, у Ігналіхі, забралі карову, дык яна ўпала на лёдзе. Старая, можа, хітрая карова. І яны прыйшлі, узламалі дзьверы і нашу забралі. У нас чацьвёра дзяцей. Партызанам трэба васямнаццаць кароў. А што, сямнаццаці мала? Ім трэба было жэрці, гуляць і піць.

Сяргей Альхімовіч жыве ў самым пачатку вёскі Шчарбіны. У 1941-м яму было сем гадоў.

Сяргей Альхімовіч зь вёскі Шчарбіны, сьведка
Сяргей Альхімовіч зь вёскі Шчарбіны, сьведка

— Выходзім на дарогу, стаяць танкі. Я да мамы — што гэта такое? Яна кажа: «Сынок, немцы». Дзядзька мне кажа: «Сяргей, бяжы ў Путнікі. Там дот стаіць. Скажы салдатам, што немцы ў Шчарбінах. Я пабег. Дот, дротам абцягнуты. Сядзіць часавы каля дота. Сьпіць. Я яго штурхануў. «Што такое?» — «Чаго ты сьпіш? Немцы ў Шчарбінах». Ён у гэты дот забег. Чалавек шэсьць іх там было. Выходзяць з дота і, як цяляты, адзін за другім папёрлі ўніз. А мне ж сем гадоў, ужо цяміў. Дай, думаю, зайду у
дот, патронаў набяру. Заходжу ў дот — ні храна. Ні адзінага патрона. Ляжаць пальчаткі, ляжыць бінокль. Я ў кішэню і пайшоў. Дадому прыходжу. Дай, думаю, у Лашаны забягу. Пайшоў — і там ніводнага салдата. Я не разумею, як гэта было і як яны пабудавалі «Лінію Сталіна»? Што яна ахоўвала?

Калекцыя бюстаў на «Лініі Сталіна»
Калекцыя бюстаў на «Лініі Сталіна»

Вось табе і поле Кулікова... Калі б не маленькі Сярожа, дык зусім праспалі б немцаў. Іншая жыхарка Шчарбінаў, Тацяна Сідараўна, у пачатку вайны была дарослай дзяўчынай, якая ў Шчарбіны выйшла замуж. Дзевяностагадовая згорбленая старая сядзела на ганку і грэлася на сонейку.

Тацяна Сідараўна зь вёскі Шчарбіны, сьведка
Тацяна Сідараўна зь вёскі Шчарбіны, сьведка

— Не, дзіцятка. Там нічога не было. Кусты, лес і ўсё. Я, сынок, помню. Нічога там не было. Нічога. А немцы спалілі нас. У сорак трэцім. Праз партызанаў, сынок. Партызаны ў іншай вёсцы сабраліся ў адну хату.
Выпівалі. А адна жанчына ішла. Яна зайшла і кажа: «Што вы, бадзягі, п’яцё? А немцы Шчарбінаў грабяць». Яны, сынок, не рабавалі. Яны прывезьлі соль. На санях некалькі немцаў. Соль вазілі. Хто дасьць мяса, хто малака. Да мяне прыйшлі, я кудзелю прала. А тут партызаны заехалі. Іх многа было, дванаццаць падвод. І падняўся бой. Пяць партызанаў забілі і пяць немцаў. Хто куды ўцякалі. Ой, страшна было. Палавіну вёскі спалілі. Але партызаны болей бралі, чым немцы. Немцы толькі соль вазілі памяняць. А гэтыя, як прыйдуць, дык — «Што, б...га старая, ня хочаш нічога даць?» Вось так было. Пазаймелі дзевак, каторыя халасьцякі. Паабкрадуць сукенкі, спадніцы. Сяброўкам дадуць. А тая ня ведае, адкуль гэта бралася. Пойдзе на танцы, а там гаспадыня пазнае сваю адзежу. «Ах, ты такая!» Зьдзіралі зь дзевак гэтыя сукенкі ды праз вокны ўцякалі. Во, якія былі партызаны. А немцы са станцыі ехалі. Калі б вы хацелі, заселі ў засаду і там бы пабілі ў лесе. А то ў вёсцы, у хатах.

«Не было ніякіх супраціўленьняў»

Віктар Калантай зь вёскі Шчарбіны, сьведка
Віктар Калантай зь вёскі Шчарбіны, сьведка

Ад васьмідзесяцігадовага жыхара Шчарбінаў Віктара Калантая я, шчыра кажучы, хацеў пачуць хоць нешта ў абарону той «Лініі». Але пачуў тое, што пачуў.

— Я табе клянуся. Богам! Нічога не было. Ніякіх супраціўленьняў. Ну, навошта людзям муру вешаць на вушы? Зрабілі для моладзі. Хлусьня поўная. Гэтая «Лінія» ні разу ня стрэліла. Гэта ўсё тухта, братка. Вялікая тухта. Ніхто не хацеў абараняць савецкую ўладу. Ніхто! Сволачы гэтыя ўшлі ўсе. А на трэція суткі мы пачулі, што — за Мінскам і бог ведае дзе. Нічога тут, сынок. Богам клянуся. Ніхто тут не абараняў.

Крывая «Лінія Сталіна»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:05 0:00
Наўпроставы лінк

Чаму так атрымалася, што ніхто нас не абараніў?

А проста за два крокі ад Шчарбінаў стаяць калёны машын. Едуць
сем’і зь дзецьмі падзівіцца на акопы і танкі. Едуць экскурсіі юных піянэраў. Едуць салдаты тэрміновай службы, прыняць прысягу. Шкада, што ім не пачуць апошняга пытаньня спадара Калантая, адказу на якое яму не дадуць ні гісторыкі, ні пагатоў стваральнікі міту пра «Лінію Сталіна».

— Чаму так было? Дзе была гэтая дзяржава? Чаму так атрымалася, што ніхто нас не абараніў? І ніхто ня стрэліў? ​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG