Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч пра гомасэксуалаў, самагубцаў і эўтаназію


Сьвятлана Алексіевіч

Мэханізм самагубства як пэўная форма абароны закладзены ў чалавечай прыродзе. Мужчын сярод самагубцаў болей, бо беларускія жанчыны мацнейшыя за мужчын. Самагубцы — гэта вельмі цікавыя людзі, якіх не нясе біялягічным патокам. Такі лічыць ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, аўтарка кнігі пра самазабойцаў «Зачараваныя сьмерцю», зь якой мы гутарым з нагоды Сусьветнага дня прадухіленьня самагубстваў.

Сьцісла

  • Я запісвала для новай кнігі людзей іншай сэксуальнай арыентацыі — геяў і лесьбіянак. Гэта больш складаныя людзі, чым тыя, каго, як я кажу, нясе біялягічным патокам. Так і ў выпадку самагубстваў.
  • Мастацтва ў гэтым пляне вельмі жорсткае, нават амаральнае, таму што для мастацтва гэта вельмі цікавыя людзі.
  • Я б пастаралася пайсьці з жыцьця раней, чым страціла чалавечае аблічча. Гэтых людзей я разумею. І эўтаназію падтрымліваю.
  • Гэта здаецца, што мужчыны моцныя. Можа быць, толькі калі ў акопы едуць выконваюць нейкую сваю ролю. А ў жыцьці ўсе на жаночых плячах.
  • Жыцьцё вельмі цікавае, нягледзячы ні на што. Трэба проста гэты момант перажыць, бо момант адчаю не канчатковы. Потым вы зноў будзе радавацца жыцьцю, і тым жа дзецям, якія вас крыўдзяць.


«Самагубства — адна з формаў абароны, калі чалавек хоча спыніць пакуты»

— Паводле апошніх дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь займае пятае месца ў сьвеце па колькасьці суіцыдаў. У 2016 годзе на 100 тысяч насельніцтва прыпадала блізу 21 суіцыду за год. Наколькі гэта ўласьціва чалавечай прыродзе — у пэўных абставінах зрабіць самагубства?

— Гэты мэханізм закладзены ў чалавечай прыродзе. Можна нават сказаць, што гэта такая форма абароны. Калі я пісала «У вайны не жаночы твар», мне людзі расказвалі, як яны ў лесе пасьвілі кароў і бачылі, як паляць вёску ці вядуць на расстрэл бацькоў, сястру. І чалавек засынаў, а калі прачынаўся, вёска ўжо дагарала, карнікі зьехалі, і нікога зь людзей не засталося.

Гэта таксама ахоўны мэханізм. Ён палягае і ў прычыне вар’яцтва, якое часам здаралася ў хлопцаў на вайне, Я сустракала некалькі хлопцаў, якія сталі варʼятамі на вайне. Арганізм абараняўся, чалавек сыходзіў у нейкую рэальнасьць, дзе яму ўжо не было балюча. Я думаю, што самагубства — гэта таксама адна з такіх формаў, калі чалавек хоча спыніць пакуты, боль, цяжкую думку, жыцьцёвыя абставіны — і выбірае такую форму абароны.

«Маленькі чалавек яшчэ менш абаронены, чым за камуністычным часам»

— Дзесяць гадоў таму ў «Праскім акцэнце» вы называлі тры прычыны, чаму ў сучаснай Беларусі людзі ідуць на самагубства — страта сэнсу жыцьця пасьля развалу савецкай імпэрыі; людзі пакінулі барыкады, вярнуліся дадому і ня ведаюць, што рабіць; новае жыцьцё, да якога не адаптаваныя. Цяпер беларусы ўжо чвэрць стагодзьдзя жывуць у іншай аўтарытарнай сыстэме, і ўзровень самагубстваў вельмі высокі. У 2018 годзе жыхары Беларусі амаль у шэсьць разоў часьцей рабілі самагубства, чым гінулі ад рук злачынцаў. Як бы вы цяпер сфармулявалі асноўныя прычыны самагубстваў? Ці мяняюцца яны ў Беларусі?

— Не. На жаль, псыхалягічная канва нашага жыцьця не нашмат памянялася, і гэтыя тры галоўныя прычыны засталіся. Чалавеку ўсё ж ня так проста зьвесьці сваё жыцьцё толькі да біялягічнага выжываньня. Як мы любім паўтараць, што людзі занятыя выжываньнем... І сапраўды, жыцьцё вельмі жорсткае, варта толькі выехаць зь Менску. У малых гарадах, вёсках вельмі цяжка людзі жывуць. Я ня так даўно езьдзіла па вёсках, і ў людзей такі настрой, што ай, ня хочацца жыць, нецікава жыць. Крыху дзеці настрой паляпшаюць, але сапраўдны сэнс жыцьця старэйшага пакаленьня страчаны, жыцьцё перакрэсьлена. У новым жыцьці яны нічога не разумеюць ці яно вельмі жорсткае аказалася. Нічога новага не адбылося.

Усё нават стала больш жорсткім і страшным, таму што маленькі чалавек яшчэ менш абаронены, чым за камуністычным часам. Ён абсалютна безабаронны перад уладай. І ўлада паводзіць сябе больш разьвязна і больш нахабна, паколькі яна абсалютна не кантраляваная ні зь якога боку — ні зьверху з Масквы, ні зьнізу грамадзтвам. Яна абсалютна самаўпраўная. У людзей ёсьць гэты настрой страты сэнсу жыцьця.

«Беларускія жанчыны мацнейшыя за мужчын»

— Паводле статыстыкі, у Беларусі часьцей сыходзяць з жыцьця мужчыны, якія жывуць у сельскай мясцовасьці. Гэта тлумачыцца і праблемамі з занятасьцю, і алькагалізацыяй. Але ўвогуле, чаму мужчыны больш уразьлівыя? Ці гэта зьвязана з патрыярхальнай мэнтальнасьцю, калі мужчына шмат што павінен і ня можа быць слабым?

— Па-першае, нашы славянскія жанчыны, у тым ліку беларускія, мацнейшыя за мужчын. Гэта здаецца, што мужчыны моцныя. Можа быць, толькі, калі ў акопы едуць, там выконваюць нейкую сваю ролю. А ў жыцьці ўсе на жаночых плячах. Жанчына празь яе біялягічны матыў, біялягічны сэнс жыцьця больш зьвязаная адказнасьцю перад дзецьмі і ўсім астатнім. У мужчын гэта адсутнічае.

У мяне быў загарадны дом у вёсцы, 40 кілямэтраў ад Менску. Мы там жылі гадоў дваццаць пяць. Калі мы прыехалі, там жыло каля 30 мужчын. Гэта былі маладыя і ня вельмі старыя мужчыны. Гадоў 60 — гэта ня той узрост, калі паміраюць. Калі я зьяжджала адтуль, ніводнага мужчыны з тых, каго мы засьпелі, ужо не было ў жывых. Гэта быў алькаголь. Яны апынуліся ў маленькай вёсцы, далёка ад галоўнай вёскі, у іх не было працы, не было гэтага сапраўднага сялянскага гена, што трэба пабудаваць добры дом, што трэба сядзібу прывесьці ў парадак, — тое, што было да рэвалюцыі, пакуль сталінская калектывізацыя ня зьнішчыла гэты сялянскі ген.

Праедзьце па нашых вёсках, не па аграгарадках (і тыя таксама асаблівай культурай не вылучаюцца), а ўвогуле па маленькіх звычайных вёсках. Гэта страшна паглядзець. Ніводнага плота, недагледжанае ўсё. Калі ў вёсцы ёсьць два-тры добрыя дамы, нейкія гаспадары, — гэта добра. Такое адчуваньне, што там жывуць людзі, якія ня маюць паняцьця ні пра сэнс жыцьця, ні пра прыгажосьць, ні пра тое, навошта яны на гэтым сьвеце, нібыта яны ўсе жывуць у паўсьвядомасьці.

Я памятаю, калі пісала чарнобыльскую кнігу («Чарнобыльская малітва». — РС), якое цяжкае ўражаньне ў мяне было пасьля таго, як я пабачыла вёскі, зь якіх сышлі людзі, якіх адсялілі. І ня толькі таму, што людзі сышлі. Было страшна глядзець, што мы пакідалі, што мы за людзі. Нібыта нейкае племя зьнялося. Цэркваў не было ў тых вёсках, прыгожых дамоў не было, усё разьбіта, непрыгожа. Гэта было цяжкае ўражаньне. Тады я з боку пабачыла, як мы жывём.

«Чалавек ня толькі ў юнацтве многа думае пра сьмерць»

— У паўночных краінах таксама даволі высокі ўзровень самагубстваў — у Нарвэгіі, Фінляндыі, Літве. Там лепшая, чым у Беларусі, эканамічная і палітычная сытуацыя. Часам сярод прычынаў называюць недахоп сонца, што ўплывае на настрой. Як бы вы патлумачылі самагубства ў гэтых краінах?

— Чалавек вырашыў праблему выжываньня. Ёсьць дом, машына. Гэта ў нас высокая мэта, а там гэта мінімум. Там прэзыдэнт ня будзе гаварыць, колькі цэнтнэраў з гектара, што мы павінны тое ці гэта, што ў нас столькі мяса. Ён ня будзе езьдзіць па палях і камандаваць. Гэта робяць людзі на месцах. І тут пачынаюцца экзістэнцыйныя рэчы, мэтафізычныя. Чалавек пачынае задумвацца пра сэнс свайго жыцьця, Далёка ня ўсе шчасьлівыя, далёка ня ўсе сустрэлі каханьне. Далёка ня ўсіх любяць дзеці і ня ўсе здаровыя.

Чалавек ня толькі ў юнацтве многа думае пра сьмерць. Калі праходзіць час біялягічнай высакамернасьці і сілы і чалавек ужо не такі моцны, ён пачынае шмат думаць, а навошта ўсё гэта было. Навошта я так пакутаваў? І ўвогуле, навошта я? Я глыбока перакананая, што, вырашыўшы матэрыяльную, нашы людзі сутыкнуцца з больш вострымі праблемамі.

У нас не такая рэлігійная краіна, як часам нам унушаюць СМІ, нібыта рэнэсанс рэлігійны. Нічога падобнага, гэта ўсё носіць рытуальны характар. А насамрэч у людзей атэістычная сьвядомасьць. Пункту апоры няма, за што зачапіцца няма; культура як такая заўсёды была на водшыбе. Ніхто сурʼёзна не займаўся і ніхто сурʼёзна не лічыў, што важныя культура, мастацтва, што чалавек чытае, думае, каго бачыць, з кім размаўляе. Запытайце ў людзей у вёсцы ці ў маленькім гарадку, нават у Менску, пра нашых пісьменьнікаў ці пра вядомых расейскіх пісьменьнікаў, ці пра ўкраінскіх, ужо не кажу пра заходніх. Ніхто нічога ня ведае, Ніхто нічога не чытаў і ня лічыць, што гэта патрэбна, што пра гэта трэба думаць, што асабістага досьведу недастаткова, каб выстаяць у гэтым жыцьці.


Я думаю, што нашы праблемы выцякаюць з праблемы культуры, ня толькі пʼянства і палітычнай недасканаласьці, аўтарытарнай улады. Гэта вялізарная праблема культуры, якая ў нас ня лічыцца галоўным. Ня мяса-малако і ня спорт, а культура. Думаю, што ўсе праблемы — адукацыя і культура. Другога выхаду ніводная нацыя ня мае. І гэтага няма ў нас, каб падняцца і адарвацца ад мінулага. У нас пра гэта ня думаюць.

«Для мяне няма такога выйсьця, як самагубства. А навошта, калі жыць цікава?»

— Чалавеку ўласьціва думаць пра сьмерць, баяцца яе, прымаць яе непазьбежнасьць. А вось сьмерць з уласнага жаданьня... А ці вы калі-небудзь думалі пра магчымасьць самагубства?

— Не. Я чалавек моцнага характару, у мяне заўсёды ёсьць мэта, мне цікава жыць. Вось у чым справа. Для мяне няма такога выйсьця, як самагубства. А навошта, калі жыць цікава?

— Калі вы пісалі кнігу «Зачараваныя сьмерцю» і гаварылі зь людзьмі, якія спрабавалі, якія хацелі адысьці самі, што вы для сябе адкрылі, што вы хацелі даведацца ад іх?

— З тых цікавых людзей, каго я выбірала, каб прыйсьці да чалавека некалькі разоў, калі ён ацалеў з гэтага канфлікту з самім сабой і жыцьцём, я бачыла перад сабой вельмі цікавых людзей, людзей, якіх ня несла біялягічным патокам — нарадзіўся, жаніўся і гэтак далей. Не, яны былі ўзрушаныя. Устаў і задумаўся, а навошта ўсё гэта, а навошта я, чаму я нешчасьлівы. Мяне заўсёды ўражвала складанасьць гэтых людзей.

Я запісвала для новай кнігі людзей іншай сэксуальнай арыентацыі — геяў і лесьбіянак. Гэта больш складаныя людзі, чым тыя, каго, як я кажу, нясе біялягічным патокам. Трэба жаніцца і ўсё, а што ён, хто ён, чалавек не разьбіраецца. А гэтыя людзі шмат пакутуюць, шмат думаюць. Так і ў выпадку самагубстваў. Мастацтва ў гэтым пляне вельмі жорсткае, нават амаральнае, таму што для мастацтва гэта вельмі цікавыя людзі.

«Эўтаназію я падтрымліваю, калі чалавек хоча адысьці раней, чым перастае быць чалавекам»

— Гадоў пятнаццаць таму мой 50-гадовы сусед па лецішчы атрымаў анкалягічны дыягназ і застрэліўся з паляўнічай стрэльбы ў сваім гаражы. Ён, як і многія беларускія мужчыны, да гэтага не хадзіў да лекараў. Ён адмовіўся ад лячэньня, хоць рак лечыцца і людзі пасьля жывуць шмат гадоў у многіх выпадках. Тут, вядома, быў брак інфармацыі і страх перад болем, шырока распаўсюджаны. Як вы на такі сыход глядзіце?

— Цяпер памірае ад раку мая вельмі блізкая сяброўка. Яна вельмі мужная жанчына, змагаецца і не здаецца. Гледзячы на яе, мне здаецца, што я б, напэўна, здалася і пастаралася пайсьці з жыцьця раней, чым страціла чалавечае аблічча. Гэтых людзей я разумею. І эўтаназію я падтрымліваю, ідэю, калі чалавек хоча адысьці раней, чым перастае быць чалавекам.


— Вы кажаце, што Беларусь пераважна атэістычная краіна, і рэлігійнасьць, пра якую гавораць на высокім узроўні, насамрэч рытуальная. А ўсё ж наколькі рэлігійнасьць, вера дае чалавеку апірышча, засьцерагае ад самагубстваў?

— Я думаю, што рэлігійная сьвядомасьць, безумоўна, утрымлівае чалавека, і ён не адважваецца сам пайсьці насуперак Богу. Ён лічыць гэта справай Бога, што ён ня можа сам за Бога вырашаць.

У мяне ў адной кнізе ёсьць аповед пра дзяўчыну, якая забіла сябе падчас вайны. Вайна, усе пакутуюць, забіваюць, партызаны, немцы, вёскі паляць. А яна павесілася праз каханьне. Тое самае адбываецца паўсюль, у тым ліку і ў рэлігійных краінах. У той жа час рэлігійныя людзі — вельмі моцныя, у іх ёсьць унутраная сіла. Толькі рэлігійныя людзі вытрымлівалі ў сталінскіх лягерах, ня страчвалі да апошняга чалавечае аблічча. Большасьць зь іх. У мяне ёсьць некалькі знаёмых, якія па-сапраўднаму вераць. У іх нават нейкія іншыя твары, прасьветленыя. Сьвятло знутры адлюстроўваецца на твары. Такіх твараў я ня бачу нават сярод інтэлектуалаў. І там я бачу нейкае сьвятло, і гэта сьвятло ім, вядома, дапамагае.

«Трэба сабраць апошнія сілы і перажыць гэты момант»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

— Мы з вамі гутарым з нагоды Сусьветнага дня прадухіленьня самагубстваў. Вы маральны аўтарытэт для многіх людзей у Беларусі і ў сьвеце. Што бы вы маглі сказаць людзям, якія часам думаюць, што прасьцей адысьці?

— Я хацела б ім сказаць, што жыцьцё вельмі цікавае, нягледзячы ні на што, ні на якія выпрабаваньні, здраду, расчараваньне, разгубленасьць. Трэба проста гэты момант перажыць, бо гэты момант адчаю не канчатковы. У адчай можна ўпасьці. У жыцьці шмат абставінаў, калі можна быць у адчаі. Але трэба сабраць апошнія сілы і перажыць гэты момант. І потым вы зноў будзе радавацца жыцьцю, і тым жа дзецям, якія вас крыўдзяць, і новаму дню, які будзе, хоць у вас усё можа балець.

Можа быць расчараванасьць у людзях. Мы ведаем, што мы вельмі несправядлівыя адзін да аднаго. Я хачу пісаць кнігу пра старасьць і размаўляю са старымі людзьмі. З сотняў людзей, зь якімі я размаўляла, ніхто бяз крыўды не сышоў на пэнсію. Усіх так ці інакш пакрыўдзілі, ці яны жывуць з крыўдай на пэнсіі.

І гэта мы самі робім адно з адным — мужчыны і жанчыны і тое, як яны ставяцца да дзяцей. Мяне да паўпрытомнасьці даводзіць кожная навіна пра тое, што дзіця скончыла самагубствам. Я лічу, што гэта віна дарослых. Калі дзіця ў вёсцы засілілася, дзе была школа, дзе была настаўніца, якая бачыла яго кожны дзень у клясе? Бацька яго піў, а дзе вы ўсе, хто быў побач? Нельга аддаць дзіця самадуру. Трэба кола дабра ствараць вакол сябе і імкнуцца ў яго забіраць як мага больш іншых людзей. Вы прыйдзеце на дапамогу — вам прыйдуць на дапамогу. Злом на зло бессэнсоўна адказваць, гэта не прынясе супакаеньня. Толькі дабром вылячыць чалавека мы можам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG