Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Права на «збалянсаванае самагубства»


Нідэрлянды легалізавалі эўтаназію ў 2002 годзе
Нідэрлянды легалізавалі эўтаназію ў 2002 годзе

Што адбываецца з чалавекам, калі яму самому даць магчымасьць выбіраць час і абставіны сваёй сьмерці? Як, разам са зьменамі стаўленьня да сьмерці, зьмяняюцца законы аб эўтаназіі?

На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Радыё Свабода адказвае нідэрляндзкі ўрач-кансультант па пытаньнях эўтаназіі, філёзаф, пісьменьнік, аўтар дзесятка кніг і сьведка тысячы чалавечых сьмерцяў Бэрт Кайзэр. Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.

РС: Наколькі апраўдана такая канструкцыя, у якой лекар прымае канчатковае рашэньне аб ужываньні эўтаназіі?

Кайзэр: Урач не прымае канчатковага рашэньня — рашэньне сысьці з жыцьця прымае пацыент.

РС: Але ж у Галяндыі участковы лекар вырашае, ці будзе гэта жаданьне рэалізавана.

Кайзэр: Участковы ўрач мае права адмовіць пацыенту. Але жаданьне памерці выказвае пацыент.

Давайце ад пачатку: што такое эўтаназія? Эўтаназія — гэта дапамога самастойнаму сыходу з жыцьця пацыента, якое ажыцьцяўляе лекар на просьбу пацыента. На сёньня гэтую працэдуру ў Галяндыі мае права праводзіць толькі лекар. Гаворка ідзе пра цяжкіх, безнадзейных хворых, якія зьвяртаюцца да лекара па дапамогу. І лекар згаджаецца, у Галяндыі ён мае на гэта права — строга ў прапісаных у законе выпадках. Закон аб эўтаназіі зьявіўся ў нашай краіне ў 2002 годзе, каб абараніць лекараў, каб яны маглі праводзіць эўтаназію, не баючыся крымінальнага перасьледу.

РС: Таму што лекары і раней, да зьяўленьня гэтага закона, дапамагалі безнадзейна хворым сысьці?

Кайзэр: Так. І ў Расеі яны таксама гэта робяць, і ў Кіргізстане, і ў Чылі, і ў Лёндане, і ў Вашынгтоне. Практыка эўтаназіі мае месца паўсюль. Але ў Галяндыі мы вырашылі рабіць гэтага не патаемна, а годна і адкрыта. Іншымі словамі, чалавек у бядзе, які хоча сысьці з жыцьця, не павінен цалкам залежаць ад самавольства свайго лекара — у Галяндыі яго канкрэтная сытуацыя разглядаецца з усёй сур’ёзнасьцю, і ў пэўных сытуацыях дазваляецца эўтаназія. Гэта зусім не зьяўляецца правам, якое даецца кожнаму. І наадварот, ніводзін лекар не абавязаны праводзіць эўтаназію, калі ён гэтага не хоча, і мае права адмовіцца.

РС: І што ж тады рабіць?

Кайзэр: Тады лічыце, што вам не пашанцавала.

РС: Шукаць іншага лекара? Але перайсьці да іншага ўчастковага ўрача складана нават простаму здароваму чалавеку.

Кайзэр: Так, іншага лекара знайсьці складана. Калі ваш участковы ўрач сказаў, што ён не можа вырашыцца на эўтаназію, то вам давядзецца шукаць іншага лекара толькі з адной просьбай — каб ён дапамог вам памерці.

РС: Дзіўныя просьба да лекара, вы не знаходзіце? Аксюмаран.

Кайзэр: Не, я не бачу ў гэтым нічога дзіўнага, таму што лекар — гэта той, у каго ў кішэні ключы ад шафы з мэдыкамэнтамі. Усе атруты — у лекара. Давайце ўявім, што вам 22 гады і ў вас — першае сур’ёзнае расчараваньне ў каханьні, вы кажаце, што вам не хочацца больш жыць, — зразумела, ніхто нават размаўляць з вамі не стане аб сапраўднай эўтаназіі. Можаце нават не марнаваць час на званок лекара ў падобным выпадку.

Бэрт Кайзэр
Бэрт Кайзэр

РС: Што за пацыенты звычайна зьвяртаюцца з просьбай аб эўтаназіі?

Кайзэр: Большасьць пацыентаў, якія просяць правесьці эўтаназію, — гэта мужчыны з ракавымі захворваньнямі.

РС: І тым не менш, нават калі вам 80 і вы цяжка хворы чалавек, у вашым жыцьці яшчэ можа адбыцца нешта такое, дзеля чаго варта жыць.

Кайзэр: Гэта ня мне як лекару вырашаць. Сам гэты чалавек ацэньвае свае абставіны і кажа: «Нічога добрага з гэтага не выйдзе, маё жыцьцё ўжо ніколі не паправіцца, я хачу памерці». А я магу яму адказаць: «Усё не так ужо дрэнна. Можа, вам на ўрокі тэніса пахадзіць? А ў брыдж вы ўжо ўмееце гуляць? Шахматы не спрабавалі?» Што яшчэ я магу сказаць гэтаму чалавеку, якому за 80 і які больш ня хоча жыць?

РС: Але ў сучасным сьвеце 80 — гэта яшчэ ня старасьць!

Кайзэр: Гэта дакладна, але рэч нават не ва ўзросьце. Чым маладзейшым нехта сыходзіць з жыцьця, тым страшней. Мы не ўспрымаем сыход 90-гадовага чалавека як трагедыю, калі ж памірае малады чалавек, напрыклад, бацька дваіх маленькіх дзяцей, гэта жахліва. Вельмі рэдка бывае, што эўтаназія тычыцца і такіх трагічных выпадкаў, але як правіла гэта зусім іншая сытуацыя. Калі чалавек, незалежна ад узросту, аказваецца ў беспэрспэктыўнай, бязвыходнай і невыноснай сытуацыі ў сувязі з фізычным або псыхічным захворваньнем, у Галяндыі ён можа папрасіць лекара дапамагчы яму сысьці з жыцьця.

РС: У адным з тэлевізійных інтэрвію вы расказвалі, як адзін ваш знаёмы спытаў вас аднойчы, у якім узросьце лепш за ўсё сысьці, і вы сказалі «у 80». Вось чаму мяне так закранулі гэтыя «80». А потым праз гады ён патэлефанаваў вам і сказаў, што яму споўнілася 80, і ён хоча сысьці. І вы далі яму ампулу, якую ён паставіў у сябе дома і скарыстаўся ёй яшчэ празь пяць гадоў.

Кайзэр: Так, толькі гэта не была эўтаназія. Гэта была асабістая просьба, я яе выканаў не як лекар, а як чалавек. Гэтая гісторыя не мае дачыненьня да дыскусіі аб эўтаназіі. Калі вы мяне спытаеце цяпер не як лекара, а як чалавека, ці ёсьць у вас права самастойна сысьці з жыцьця, я вам адкажу: «Так». Таму што гэта — невясёлая плянэта. Я ня ведаю больш прыемнай плянэты, гэтая — адзіная, на якой ёсьць жыцьцё, але жыцьцё невясёлае, і калі хто-небудзь хоча з яго выйсьці, я лічу, што ў яго ёсьць на гэта поўнае права. Я ня маю на ўвазе такі сыход, калі чалавек ўпотай высьлізгвае, калі ён у адзіноце і з роспачы вешаецца. Хоць і такі «выхад» забараніць я не магу, але лічу яго няправільным. Я лічу, што чалавек павінен сыходзіць з жыцьця ў дыялёгу са сваімі блізкімі, а ня ўпотай — бах і ўсё, гэтага нікому не пажадаеш — гэта страшна. Аднак я веру, што кожны чалавек мае права на тое, што па-галяндзку называецца balanssuïcide — «збалянсаванае самагубства» (самагубства, перад якім чалавек старанна ўзважвае і абгаворвае са сваімі блізкімі ўсе за і супраць — РС).

Адна з кнігаў Бэрта Кайзэра
Адна з кнігаў Бэрта Кайзэра

Я хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што дыскусія аб эўтаназіі — гэта асобная тэма, хоць вымушаны прызнаць, часам тэма простага самагубства і эўтаназіі перасякаюцца. І ўсё ж у Галяндыі няма такога нацыянальнага праекту — «самагубства», ёсьць толькі нацыянальны праект «эўтаназія», і ён тычыцца хворых людзей, фізычна або псыхічна. Яшчэ раз вымушаны прызнаць, што катэгорыя людзей, якія маюць права на эўтаназію, увесь час заканадаўча пашыраецца. Першапачаткова гэта былі толькі пацыенты на тэрмінальнай стадыі захворваньня, якім і так заставалася жыць лічаныя дні. Затым была пастаўлена пад сумнеў фармулёўка «тэрмінальная стадыя», пра яе нельга было казаць з усёй упэўненасьцю, і права на эўтаназію далі ўсім сьмяротна хворым. Затым артыкул была спрошчаная яшчэ раз, таму што такія захворваньні, як напрыклад, расьсеяны склероз, нельга назваць па-сапраўднаму сьмяротнымі, таму што можа прайсьці вельмі шмат гадоў, перш чым чалавек памрэ ад расьсеянага склерозу. Дадалася хвароба Паркінсана, іншыя захворваньні. Потым аб’явіліся хворыя з паралюшам, якія не хацелі больш жыць. І так мяжа зрушваецца ўсё далей. Калі можна катэгорыі А, то чаму нельга катэгорыі Б? Англічане нас пра гэта папярэджвалі, што гэта — «склізкая сьцежка», «дарога ў пекла». Я лічу, што гэта ня так. Новыя катэгорыі дадаюцца, але ці значыць гэта, што сытуацыя выходзіць з-пад кантролю? Зусім не! Кожны год у Галяндыі памірае каля 144 тысяч чалавек. Зь іх шляхам эўтаназіі сыходзяць з жыцьця прыкладна чатыры з паловай тысячы. Гэты лік за апошнія гады ўзрос прыкладна ўдвая, першапачаткова было каля дзьвюх тысячаў, у бліжэйшыя гады будзе яшчэ расьці, але ніякага буму не назіраецца. Сам факт існаваньня дыскусіі на тэму таго, у якіх выпадках дазволеная эўтаназія, — характэрная адметная рыса любой этычнай, маральнай дылемы. Сутнасьць такой дылемы заўсёды выказаная ў пытаньні «Ці дапушчальна гэта? Ці добра гэта?». Раней мы тэлефанавалі пастару або чыталі, што з гэтай нагоды напісана ў Бібліі, спрачаліся, лаяліся на гэтую тэму. Сёньня ўсё гэта засталося ў мінулым, і мы самі разам павінны адказаць на гэтае пытаньне. Мы, людзі, ствараем этыку. Калі мы прыйшлі да высновы, што нешта добра (а большасьць галяндцаў сёньня станоўчай думкі аб практыцы эўтаназіі), то гэта добра. І хай суседні народ бурчыць, што гэта жудасна.

РС: Калі ж ніякіх шанцаў на тое, каб вам дазволілі эўтаназію, няма, а сысьці хочацца, то дапаможа толькі асабістае знаёмства з якім-небудзь мэдыкам, як вы тады дапамаглі свайму знаёмаму?

Кайзэр: Ды вы што, не, вядома! У інтэрнэце на кітайскіх сайтах можна папросту замовіць перадазіроўку снатворнага старога пакаленьня.

РС: І гэта легальна?

Кайзэр: Не, гэта нелегальна, але гэта ёсьць.

РС: Даступнасьць сродкаў для суіцыду ўсё ж лепш, чым іх дэфіцыт?

Кайзэр: Людзі ўсё роўна забіваюць сябе, так ці інакш, прабачце. Гэта — старадаўняя практыка, якая мела месца з пачатку існаваньня чалавецтва. Для некаторых людзей жыцьцё настолькі невыноснае, што яны ідуць на самагубства. Супрацьстаяць гэтаму немагчыма. З дасьледаваньняў на гэтую тэму вядома, што найбольш распаўсюджаны суіцыд ў цёмных краінах. Я маю на ўвазе краіны з доўгай зімой.

РС: Гэтыя паказчыкі часьцяком прама процілеглыя ўзроўню жыцьця ў гэтых краінах.

Кайзэр: Цалкам дакладна. Распаўсюджанасьць суіцыду ня мае нічога агульнага з тым, наколькі краіна сытая або галодная. Я нарадзіўся ў каталіцкай сям’і. Пра адносна высокую частату самагубстваў у скандынаўскіх краінах вядома даўно. Дык вось раней нам тлумачылі, што гэта ўсё з-за скандынаўскай мадэлі свабодных сэксуальных сувязяў, што нібыта менавіта гэта прыносіла няшчасьце! Фантастыка, не знаходзіце? Нам гэта казалі на поўным сур’ёзе. Сьмешна і сумна, праўда?

РС: А вы заўсёды ляяльна ставіліся да чужога жаданьні сыходу ці гэта зьвязана з вопытам і узростам?

Кайзэр: Я заўсёды лёгка да гэтага ставіўся, таму што, паўтаруся, я лічу, што жыцьцё на Зямлі не вельмі вясёлае. У мяне двое дзяцей, я не ведаю, магчыма, я іх чымсьці траўмаваў. Але проста жыцьцё — ня самая прыемная штука. Ці вам жыцьцё падабаецца? Можаце не адказваць! Але калі нехта кажа: «Мне гэта ўсё больш не трэба», абгрунтавана кажа, то гэтае яго рашэньне заслугоўвае павагі.

РС: Усе гэтыя выдатныя аптымісты без рук або без ног, або без рук і ног, у якіх пытаюцца: ну няўжо ім яшчэ падабаецца жыцьцё, яны кажуць, што кожны вечар проста бачыць заход сонейка і сустракаць яго узыход раніцай — гэта ўжо такое шчасьце!

Кайзэр: У доме састарэлых, дзе я працую, ёсьць шмат старых, чые жыцьцё ўжо даўно не пахне ружамі, але якія зусім не зьбіраюцца паміраць, яны радыя, што жывуць. У жыцьці нярэдка знаходзіцца месца для пераменаў да лепшага, але не тады, калі вам ужо вельмі шмат гадоў. Вось мне ўжо 67,5 гадоў. Я акуратна падлічваю месяцы. Я ўжо паспрабаваў усе варыянты пераменаў да лепшага. Я ўжо не паеду аўтастопам ў Індыю ў пошуках ісьціны.

РС: Чаму б і не?

Кайзэр: Таму што гэта было б па-дурному. Я ня веру, што я нешта знайшоў бы там, у Індыі. Калі мне было 18 гадоў, мне вельмі хацелася патрэсьці за плечы якіх-небудзь гуру і выпытаць у іх усё.

РС: Ну ня трэба аўтастопам, ня трэба гуру, бо можна проста падарожнічаць. Вы яшчэ колькі не бачылі ў сьвеце!

Кайзэр: Ну добра, я хачу ў Індыю, але ня з тым, каб знайсьці адказы на пытаньні, якія цікавілі мяне раней. Некаторыя рэчы можна перажыць толькі пэўную колькасьць разоў. Перад тым, як стаць лекарам, я вучыўся на філязофскім факультэце. Можна толькі адзін раз у жыцьці першы раз чытаць Платона. Гэта ўжо з вобласьці чытацкага ўспрыманьня. Я вельмі люблю чытаць. Але што нас чакае пасьля пяцідзесяці? Далей усё па сыходнай. Лік пісьменьнікаў, ад якіх займае дух і хочацца тэлефанаваць сябрам, каб зачытаць ім цытаты, няўмольна сыходзіць на нішто. Гэта ня значыць, што літаратура становіцца горш. Проста вы старэеце. Ваша здольнасьць зьдзіўляцца, ўспрымаць новы вопыт прытупляецца. Гэта ня значыць, што мне сумна жыць, час ад часу я пазнаю нешта новае, але падумайце толькі — першае каханьне, першае дзіця, усё гэта немагчыма паўтарыць. Ёсьць мужчыны, якія па трэцім крузе заводзяць сем’і, але ў іх іншая матывацыя.

РС: Гэта значыць зьяўленьне ўнукаў уразіць вас у меншай меры? А праўнукаў? Ну няўжо не цікава, што зь імі з усімі будзе, якімі яны вырастуць?

Кайзэр: Вядома уразіць, вядома цікава. Але прага да жыцьця ў чалавека амаль заўсёды прапарцыйная таму, на што здольны яго арганізм.

І я зусім не хачу паміраць. Але калі вам 90 гадоў і вы больш ня можаце чытаць, вам не чуваць, як гучаць вашыя музычныя пласьцінкі, калі вы не можаце, чорт пабяры, дзецям сваім патэлефанаваць, таму што вам нічога не чуваць са слухаўкі, тэлевізар вам не відаць і не чуваць, вы сядаеце есьці у доме для састарэлых і вам нешта крычыць ваш суразмоўца з таго боку стала, але ніякай слыхавы апарат ужо не дапамагае, то ваш сьвет зачыняецца. Наўрад ці вас яшчэ чакаюць новыя ўражаньні. І гэта палёгка, што вы да таго часу ўжо стамляецеся ад жыцьця. Уявіце сабе, якая была б прыкрасьць, калі б вы з прагай жыцьця трыццацігадовага чалавека апынуліся б у целе дзевяностагадовага старога, якое нічога не можа. Давайце спадзявацца, што і духам мы пастарэем, а ня толькі целам!

РС: Я памятаю, як мая прабабуля 1904 году нараджэньня з вялікай цікавасьцю перачытвала Талстога, калі ёй было глыбока за 90, і казала, што толькі цяпер зразумела яго. Яна пражыла амаль сто гадоў. Я дакладна ведаю, што нават у самыя апошнія месяцы, ёй было вельмі прыемна, што я прыйшла і патрымала яе рукі ў сваіх маладых. А маёй бабулі цяпер 87 гадоў, яна на днях прыяжджала ў госьці зь Пецярбургу. Яна яшчэ працуе два дні ў тыдзень лекарам у дзіцячым садку і падарожнічае, таму што гэтая магчымасьць зьявілася ў яе толькі ў апошнія гады.

Кайзэр: Паслухайце, у вас — у расейцаў зусім іншыя меркі таго, што жудасна, а што — нармальна. Гэта стоадсоткавая праўда, я клянуся вам! Расейцы — такія загартаваныя, здольныя жыць ва ўмовах, у якіх галяндцы ўжо даўно растаялі б, як сьнег на сонцы. У расейцаў ёсьць такая ўпартасьць, у якую складана паверыць, што такое бывае. Я аддаю перавагу пярынам і аксамітным падушкам, якія разасланы на кожным кроку нашай дзяржавай, каб ніхто не пабіўся, але ваш парог выжываньня, жыцьцяздольнасьці ў шмат, шмат разоў вышэй, чым наш. Гэта зьвязана з нашай гісторыяй — мы тут ужо дзесяцігодзьдзямі ляжым на пярыне, і вам бы гэтага вельмі хацелася пажадаць, але вы значна спакайней ставіцеся да пакутаў. У нас кажуць: «Пакутаваць не паложана!» і кідаюцца прадухіляць пакуты усімі спосабамі. А расейцы кажуць: «Што значыць не паложана? У мэню — пакуты, а калі каму не падабаецца, усё роўна еш».

РС: А што калі нехта з блізкіх сваякоў пацыента, які вырашыў памерці, не згодны з яго рашэньнем?

Кайзэр: Рашэньне заўсёды прымае сам пацыент. Я не магу сабе ўявіць і ніколі такога не бачыў, каб эўтаназія праводзілася ў пацыента, чые жонка або дзеці былі б супраць. Я ўжо казаў, што сьмерць у адзіноце — няправільная сьмерць. Эўтаназія — гэта заўсёды сыход у прысутнасьці блізкіх, чалавек сыходзіць у дыялёгу з блізкімі. Калі пацыент мне скажа, што хоча сысьці адзін, то мяне гэта вельмі насьцярожвае. Я яму адкажу, што ня мне трымаць яго ў гэты момант за руку, гэта — не мая роля, ня я — яго любімы. Я ня буду ў такім выпадку праводзіць эўтаназію. Прысутнасьць блізкіх — гэта маё абсалютная патрабаваньне.

РС: А хто часьцей выбірае добраахвотны сыход з жыцьця — тыя, хто верыць, што іх яшчэ нешта чакае пасьля сьмерці, або тыя, хто разумее, што гэта — абсалютны канец іх сьвядомасьці?

Кайзэр: Я вельмі рады, што вы пра гэта спыталі. Як кансультант па эўтаназіі я заўсёды размаўляю з пацыентамі, якія хочуць эўтаназію. У мяне ёсьць сьпіс неабходных пытаньняў, але ў гэтым сьпісе няма двух пытаньняў, якія я заўсёды задаю з асабістай цікаўнасьці: «Вы пражылі добрае жыцьцё?» — Усе адказваюць «Так», абсалютна ўсе — і «Куды вы адправіцеся пасьля сьмерці?» На гэтае апошняе пытаньне прыкладна 80% адказваюць, што нікуды, астатнія 20% вераць у «нешта».

РС: А вы самі у што верыце?

Кайзэр: Ні ў што. Нічога там няма. Я б вельмі хацеў, каб гэтая казка была праўдай — я б тады зараз жа забіў бы сябе, з цікаўнасьці. Мне б вельмі захацелася сустрэцца з богам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG