Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць міні-сьмерцяў і адно жыцьцё. Як жывецца, калі забівала сябе ня раз


Беларусь займае пятае месца ў сьвеце і трэцяе ў Эўропе паводле колькасьці самагубстваў. Тыя, хто пазбавіў сябе жыцьця, не адкажуць, чаму. Пытаньні да тых, хто застаўся. Свабода пагутарыла з жанчынай, якая пяць разоў спрабавала «закончыць гэта ўсё». Няўдала.

Першы. Выпадковы

Гэта ня быў клясычны суіцыд. Мне было восем. Знайшла ў бутэлечцы таблеткі ад сэрца. Яны былі ў жоўтай абалонцы, салодкай на смак. Але горкія ўнутры. Праблема вырашылася хуткім глытаньнем, без смакаваньня, некалькіх жменек таблетак. Ніхто з дарослых гэтага не заўважыў. Якраз зьбіраліся ехаць у горад і мяне ўзялі з сабой. На прыпынку доўга чакалі аўтобуса. У галаве шумела. Стан быў дзіўны – перад вачамі ўсё плыло, дрэвы і трава зьмянілі афарбоўку, галасы дарослых даляталі здалёк. Як быццам я была ўнутры нейкага касьмічнага караблю ці батыскафу. Ногі зрабіліся млявымі – я ўхапілася за плот.

«Што з табой?», – пыталіся бацькі. «Нічога». Памятаю, увесь час усьміхалася тады, як блазан. Чамусьці было неверагодна весела. Так, як ніколі дагэтуль. Напэўна, дзіцячы мозг мэханічна зафіксаваў гэты момант: жменька «салодкіх» таблетак дае задавальненьне.

Дарослыя не зьвярнулі асаблівай увагі на ненармальныя паводзіны і ўсьмешкі. Я нічога ім не расказвала – гэта быў мой сакрэт. Мой і «салодкіх» таблетак. Чаму сардэчныя лекі далі такі эфэкт – ня ведаю і сёньня.

Другі. Каб схавацца

Мне было чатырнаццаць. «Двойкі» за паводзіны зрабіліся звыклай справай. Бойкі, гулянкі, паленьне, першыя каштаваньні алькаголю, выклікі да дырэктара... Дома – наезды з боку бацькоў, часам лупцоўкі пад гарачую руку. За разьбітую шыбу ў школе ўвечары быў «вынас мозгу». У бацькоў той раз «лопнула цярпеньне» (так яны крычалі). Пагражалі ўлікам у міліцыі, інтэрнэтам для «дэбілаў», крычалі, што мяне «чакае вар'яцкі дом». Дом той, відаць, моцна жадаў мяне бачыць унутры сябе: дачакаўся (праўда, празь пятнаццаць гадоў). А тады... Гвалт і лямант увечары, ад страху перад «інтэрнатам для дэбілаў» баялася заснуць. Ні ў інтэрнат для «дэбілаў», ні ў «варʼяцкі дом» не хацелася. Трэба было хуценька некуды схавацца. На вочы трапілася бутэлечка з жоўтымі таблеткамі. Маці была хворая на сэрца, заўсёды іх піла.

Напэўна, у тыя адчайныя хвіліны мозг падказаў самую надзейную схованку. Уяўленьне малявала страшныя карціны жыцьця ў «інтэрнаце для дэбілаў». Схавацца. Там мяне не дастануць, сьціхнуць злосныя галасы, гэты лямант бясконцы. Па дарозе ў школу я ела тыя таблеткі. Жменямі. Душылася, але ела. На апошніх уроках галасы вакол заціхалі, заціхалі. Я зноў была ў батыскафе, касьмічным караблі. Што там рабілася звонку, не цікавілася. Ледзьве дайшла дахаты і ўпала на ложак. Спаць. Памятаю, што мяне будзілі – я няўцямна ўсьміхалася і казала, што проста хачу спаць. Прыйшла вясковая фэльчарка, мерала тэмпэратуру і ціск. «Я хачу спаць», – паўтарала я. Яны крычалі: «Ты ўжо суткі сьпіш!»

У кішэні курткі яны знайшлі пустую бутэлечку ад лекаў. Калі я прачнулася, праз суткі, то яны адразу спыталіся: ці піла я таблеткі? «Не піла». «А чаму ў кішэні была пустая бутэлечка?». «Ня ведаю. Можа, брала для нечага. Таблеткі выкінула». Паверылі ці не? Ня ведаю, але маўчалі, пазіралі ўпотайкі асьцярожна так. Не крычалі больш. Прынамсі, першы час пасьля «гэтага».

Трэці. Папсовы

У каледжы, у «вялікім горадзе», маленькія людзі любілі перажываць вялікія трагедыі. Хлопец кінуў дзяўчыну ці наадварот. Сяброўкі зьбіраліся, спачувалі, падавалі насоўкі, казалі: «Забудзь яго, гэты казёл цябе ня варты, яшчэ сам прыпаўзе на каленях!». Хацелася так жыць, як у кіно ці ў кнігах. Каб усё было вялікае, сапраўднае. Асабліва каханьне. Як жыць, калі табе шаснаццаць, і ты ня маеш «каханьня», ні з кім ня ходзіш? Ненармальна. На дыскатэцы пазнаёмілася зь Сяргеем з трэцяга курса. Прапанаваў у суботу схадзіць у кіно. Ён і ня вельмі падабаўся, але гэта ж трэцякурсьнік, ён зьвярнуў на мяне ўвагу, прычым жыхар «вялікага гораду», які пасьля заняткаў вяртаўся да мамы і таты, а не ў галодны інтэрнат.

Мне тады здавалася, што ў інтэрнаце жывуць падлеткі другога гатунку. Такія няздары, як я. Інтэрнат быў страшным словам зь дзяцінства. Мяне ўсё пагражалі туды здаць. І вось сама трапіла. Мая суседка вучылася ў адной групе з тым Сяргеем. Калі я пахвалілася ёй запрашэньнем у кіно, яна прыжмурылася, зацягваючыся цыгарэтай, і грэбліва працягнула: «У яго гарачая любоў з Марынай, увесь каледж ведае, як яны на бульбе «запальвалі». Цяпер яна яго кінула. Вось ён і хоча яе падражніць. Ты ня думай, нічога сурʼёзнага з табой ня будзе». Я не давала веры. Як так? Нехта ж павінен і мяне любіць. Чаму не Сяргей? Тады хто ўвогуле? Мы хадзілі ў кіно і на дыскатэку, па горадзе цягаліся. Аднойчы ў мэтро я выпадкова ўбачыла – ён ехаў з той «гарачай любоўю», Марынай. Яны ехалі ў суседнім вагоне, трымаліся за рукі, глядзелі адно на аднаго, зь нечага рагаталі. «Можа, зь мяне?!», – мільганула думка.

Назаўтра на перапынку паміж парамі ён паклікаў мяне і сказаў: «Давай будзем сябрамі. Я кахаю Марыну, а яна мяне». Я яго не любіла. Проста было крыўдна, што кінуў, падмануў. Вялікія людзі ў фільмах ці кнігах рабілі ў такіх выпадках суіцыд. Вечарам і я ўзялася за лязо – пад папсовыя песьні з магнітафона ад імя тых, каго кінулі. Пабегла да сябровак – гляньце, я парэзала вены, ратуйце мяне! Тыя не зьдзівіліся – час ад часу ў інтэрнаце нехта «ўскрываўся» ад няшчаснага каханьня.

«Я хачу памерці, я хачу памерці», – паўтарала я. «Ат, не памрэш, неглыбока парэзала», – здаецца, сяброўкі былі расчараваныя такім няўдалым самагубствам. Можа, яны ўяўлялі, што нехта нарэшце памрэ па-сапраўднаму і будзе тады трагедыя – такая, як у тых людзей з тэлевізара ці кніг.

Чацьвёрты. Каб апраўдацца

Было мне тады дваццаць. Была праца і часовае жытло – рабочы інтэрнат. Суседкі працавалі на ткацкай фабрыцы і пілі «як цэбар ваду». У час чарговай пʼянкі ў іх прапаў кашалёк. На той момант празь іхны пакой «перакруціліся», можа, дваццаць чалавек – «палучка» была. Але вінаватай яны пакінулі мяне. Хоць я не заходзіла да іх. Гэта было страшна несправядліва! Тлустая рыжая Наташа, прыжмурыўшы вочы, заявіла: «Малая, мы ведаем – гэта ты скрала кашалёк. Больш няма каму. Мы вылічылі цябе!». Яна патлумачыла, што пілі ўсе, апроч мяне. Значыць, я злодзей. «Прызнавайся!», – шыпела яна, старэйшая на дзесяць гадоў, цяжэйшая на дваццаць кіляграмаў. Яе суседкі стаялі ззаду і зьдзекліва ўсьміхаліся. «Ага, злавілі, прызнавайся, прызнавайся!».

Ня памятаю, як я высьлізнула ад іх. Наўздагон нёсься рогат і крыкі «Каб вечарам быў кашалёк, ці не вяртайся сюды!». Я ня брала яго. Я ніколі ня крала. Але ніхто ня верыў. Ноччу я зьбіралася неяк трапіць у свой пакой. Прабіралася па чорнай лесьвіцы. Яны былі на кухні. Пʼяныя, рагаталі нечага. Я ўціснулася ў сьцяну – яны гаварылі пра мяне. Зьдзекаваліся, перадражнівалі маю гаворку, рагаталі з адзеньня, прычоскі, паходкі.

«Я ня брала кашалёк, я ніколі ня крала нічога, – шаптала я сама сабе. Але ніхто ня верыць. Як жыць з такой ганьбай? Як мне на вочы людзям паказацца? Яны ж разьнясуць па ўсім інтэрнаце»... Давялося ісьці шукаць лязо. Можа, тады яны павераць мне! «Хуткая» завезла ў шпіталь. Там хірург без асаблівых пытаньняў сшыў руку. Я казала, што на кухні інтэрнату ўпала на разьбіты слоік. Ён недаверліва ўсьміхаўся, але пытаньняў не задаваў. Так дык так.

Пяты. Сапраўдны

У 29 гадоў «дама ў чорным» стала такой частай наведніцай у маім «доме», што сапраўды давялося прыйсьці туды, куды прарочылі бацькі 15 гадоў таму – у псыхіятрычную лякарню. На прыёме лекар слухаў мяне без асаблівай увагі. Пра самоту, праблемы са сном, настроем, апэтытам. Выпісваў таблеткі. Мяне гэта раззлавала. Таму сказала патаемнае, што «хачу скончыць гэта ўсё». Ён напісаў накіраваньне на шпіталізацыю. Так «паложана» паводле заканадаўства – «закрываць» за суіцыдальныя думкі і паводзіны.

Пра варʼятню шмат можна апавядаць, але ня так гэта цікава. Гэта для мяне схованка, каб пераседзець там месяц, пакуль ня скончацца жыцьцёвыя буры, зьмяніць абстаноўку. Выходзіш – на цябе зноў гэта ўсё навальваецца. Але нічога. Там добра, бо ты ні за што не адказваеш. Ты «дурань», прычым афіцыйна аформлены. За цябе вырашаюць, калі есьці, калі спаць, калі працаваць. Што нельга – вострае, гарачае, мабільныя тэлефоны, асадкі. Гэта такі сьвет са сваімі законамі — ня горшы і ня лепшы, чым «гэты», – проста іншы.

Па выпісцы мне ўручылі рэцэпт, сказалі: антыдэпрэсант трэба піць шэсьць месяцаў, тады будзе эфэкт. Шэсьць месяцаў – гэта вечнасьць, а кепска сёньня. Неяк змрочным лістападаўскім вечарам я выпіла каля 50 гэтых сіненькіх таблетак. Маці знайшла мяне непрытомнай на падлозе. Яна казала потым, што трое сутак я была ў рэанімацыі. Маці сказала лекару, што я дакладна выпіла 50 таблетак – бо гэта была новая бутэлечка, яна сама набывала мне па рэцэпце чарговую дозу, якую я так нахабна выпіла за адзін вечар. Лекар моцна зьдзівіўся, што я выжыла. Я сама зьдзівілася, калі ачулася на рэанімацыйным ложку – да гэтага ў сьне ці наяве я сядзела на ложку і глядзелася ўвесь час у люстэрка.

Апрытомнела. Прыйшоў псыхіятар. Гэта была раённая бальніца. Ён спытаўся: «Шкадуеш, што такое зрабіла?» — «Шкадую». — «Усьведамляеш, што зрабіла блага?» — «Усьведамляю». — «Гэта добра. Тады накіраваньне ў варʼятню я табе даваць ня буду. Едзь дахаты». Паехала.

Шосты. Касьмічны

Неяк я сядзела ў ванным пакоі, плакала і скардзілася Космасу, што я не хачу жыць. На гэты, адзіны раз, мае «малітвы» нарэшце былі пачутыя. Наш аўтамабіль урэзаўся ў іншы на шашы, лоб у лоб. Наш кіроўца загінуў. Я ляжала на ўзбочыне і ўспамінала, што ў той момант унутры крычала «не» – калі ўбачыла перад сабой, здаецца, саму сьмерць у лабавым шкле. Вочы ў вочы.

«Не, няпраўда, я хачу жыць, я перадумала!», – крычала моўчкі, унутры. І вось ляжу на траве. Адчуваю яе пах. Потым у шпіталі пʼю гарбату, вельмі смачную. Сьцены пафарбаваныя ў прыгожы блакітны колер. Людзі вакол добрыя. Іншыя – дзіўныя і цікавыя.

«Не, я не хачу паміраць, я перадумала, хачу жыць». Той урок я вывучыла.

«Жыць лепей, чым ня жыць»

Раней здавалася і цешыла сябе думкай, што суіцыд – гэта выбар, магчымасьць. Што гэта адвага, мужнасьць, гэта запрашэньне, гэта расчыненыя дзьверы, куды я магу ўвайсьці – тады, калі толькі захачу. У любы час. Цяпер я моцна зачыніла іх знутры. Ланцужок, тры замкі, жалезныя дзьверы.

Часам моцныя вятры звонку проста выбіваюць іх. Яны выюць пад усімі вокнамі, просяцца да мяне: «Адчыні, адчыні нам!» Я маўчу. Раблю выгляд, што мяне няма дома. Варта проста перачакаць, прамаўчаць, не адчыняць ім. Жыць лепей, чым ня жыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG