Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беднасьць і алькагалізм. Чаму беларусы ідуць на самагубства


10 верасьня — сусьветны дзень прадухіленьня самазабойстваў. Якія асаблівасьці беларускіх самазабойстваў? Як зьвязаныя самазабойствы і алькагалізм? У чым прычыны зьніжэньня ўзроўню самазабойстваў у Беларусі ў 2010-х гадах і рост гэтага ўзроўню ў мінулым годзе? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Юрыя Развадоўскага, урач-псыхіятр з Гародні, экспэрт у пытаньні суіцыдаў у Беларусі і іншых постсавецкіх краінах, аўтар публікацыяў у спэцыялізаваных навуковых выданьнях і манаграфіях.

Дракахруст: Якія асаблівасьці беларускіх самазабойстваў у параўнаньні зь іншымі краінамі, народамі? Напрыканцы 90-х такой асаблівасьцю быў удзельны паказьнік суіцыдаў, адзін з самых высокіх у сьвеце. Зараз гэта ня так. Але ці ёсьць нейкія структурныя асаблівасьці, якія характарызуюць менавіта беларускія самазабойствы? У чым мы, беларусы, забіваем сябе ня так, як іншыя?

Юры Развадоўскі
Юры Развадоўскі

Развадоўскі: Няма падстаў весьці гаворку пра нейкую нацыянальную спэцыфіку суіцыду ў Беларусі. Самагубства зьяўляецца дастаткова ўнівэрсальным мэдыка-сацыяльным фэномэнам, які мае пэўныя чыньнікі. Гэтак жа, як і ў іншых краінах, суіцыд у Беларусі зьвязаны з наступнымі характарыстыкамі: мужчынскі пол, сярэдні ўзрост, самота (каля паловы мужчынаў, якія скончылі жыцьцё самагубствам, не былі ў шлюбе), беспрацоўе (каля паловы мужчынаў-самазабойцаў, афіцыйна не працавалі), пражываньне ў сельскай мясцовасьці, злоўжываньне алькаголем.

Ёсьць падставы лiчыць, што афіцыйныя дадзеныя ўзроўню самагубстваў у былых савецкіх рэспубліках, у тым ліку і ў Беларусі, крыху заніжаныя

Такім чынам, суіцыд, у пэўнай ступені, зьяўляецца індыкатарам маргіналізацыі і сацыяльнай абяздоленасьці. Менавіта таму ў СССР дадзеныя ўзроўню суіцыдаў былі афіцыйна засакрэчаныя, а ў цяперашні час у былых савецкіх рэспубліках гэтыя дадзеныя ў значнай ступені робяцца вынікам статыстычных маніпуляцыяў. Па гэтай прычыне ёсьць падставы лiчыць, што афіцыйныя дадзеныя ўзроўню самагубстваў у былых савецкіх рэспубліках, у тым ліку і ў Беларусі, крыху заніжаныя.

Маюцца некаторыя адрозьненьні паміж краінамі ў спосабах учыненьня суіцыду, якія абумоўленыя культурнымі асаблівасьцямі і даступнасьцю сродкаў учыненьня самагубства (напрыклад, агнястрэльнай зброі і атрутных рэчываў). У Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх рэспубліках, дамінуючым спосабам учыненьня суіцыду зьяўляецца самапавешаньне. Таксама можна весьці гаворку пра адрозьненьні ва ўзроўнях і дынаміцы суіцыдаў у розных краінах. Да прыкладу, у савецкі пэрыяд узровень суіцыдаў у Беларусі быў істотна ніжэй, чым у Расеі, аднак у 2000-х сытуацыя зьмянілася на супрацьлеглую.

Некаторыя адрозьненьні ў дынаміцы ўзроўню суіцыдаў у гэтых краінах адзначаліся ў першай палове 1990-х. У Расеі адзначаўся больш рэзкі, але менш працяглы рост узроўню гэтага паказчыка, чым у Беларусі, што зьвязваюць з больш імклівымі тэмпамі прыватызацыі ў Расеі і, адпаведна, з больш высокім узроўнем псыхасацыяльных дыстрэсаў і анаміі.

Дракахруст: Вы сказалі, што дадзеныя статыстыкі па самазабойствах у Беларусі не зусім дакладныя. А чаму і наколькі?

Развадоўскі: Ніхто не ведае, наколькі дадзеныя недакладныя. Я калісьці параўноўваў дадзеныя міністэрства аховы здароўя і МУС, паводле дадзеных міліцыі самагубстваў было больш.

Я калісьці параўноўваў дадзеныя міністэрства аховы здароўя і МУС, паводле дадзеных міліцыі самагубстваў было больш

Ёсьць тэндэнцыя маніпуляваньня дадзенымі, паколькі гэта сацыяльна значымы паказьнік. Прыкладам можа быць Віцебская вобласьць, дзе гэты паказьнік быў традыцыйна самы высокі. А тут, на працягу некалькіх гадоў, ён раптам зьменшыўся ў параўнаньні з другімі рэгіёнамі. Звычайная практыка маніпуляцыяў — аднясеньне самагубстваў у іншыя дыягнастычныя рубрыкі.

Прынамсі, такая практыка характэрная і для Расеі. Вясною я быў на справаздачным сэмінары псыхіятрычнай і наркалягічнай дапамогі ў Навінках. У сваёй справаздачы галоўны ўрач зьвярнуў увагу на рост паказчыка самагубстваў у мінулым годзе і заклікаў звузіць дыягнастычныя рызыкі самагубстваў. Відавочна, што ён атрымаў загад на зьніжэньне паказчыка з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу.

Дракахруст: Існуе вельмі распаўсюджанае ўяўленьне: беднае жыцьцё, цяжкое жыцьцё — ну вось і больш самазабойстваў. Гэта так? Ці больш істотныя фактары духоўныя, культурныя, маральныя?

Развадоўскі: Фактар матэрыяльнай дэпрывацыі, галечы, безумоўна, важная прычына самагубстваў, што было паказана ў многіх навуковых дасьледаваньнях. Дарэчы, ёсьць меркаваньне, што зьніжэньне ўзроўню суіцыдаў у былых савецкіх рэспубліках на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя зьвязанае з паляпшэньнем эканамічнай сытуацыі і падвышэньнем узроўню жыцьця насельніцтва. У гэтую гіпотэзу лягічна ўпісваецца факт росту ўзроўню самагубстваў у Беларусі ў мінулым годзе на фоне эканамічнага крызісу.

Маральна-этычная дэградацыя грамадзтва была адной з прычынаў росту ўзроўню самагубстваў і алькагалізму ў былым Савецкім Саюзе, нягледзячы на паляпшэньне дабрабыту насельніцтва

Роля духоўнасьці і маралі, як антысуіцыдальных барʼераў, безумоўна, вялікія. Маральна-этычная дэградацыя грамадзтва была адной з прычынаў росту ўзроўню самагубстваў і алькагалізму ў былым Савецкім Саюзе, нягледзячы на паляпшэньне дабрабыту насельніцтва. У той жа час некаторыя дасьледчыкі зьвязваюць зьніжэньне ўзроўню самагубстваў у сярэдзіне 1980-х з надзеямі на перамены ў грамадзтве і дух свабоды, які адчуваўся ў пэрыяд перабудовы.

Дракахруст: Паводле Вашых дасьледаваньняў адзін зь вельмі істотных чыньнікаў беларускіх самагубстваў — алькагалізм. Але ў якой ступені гэты фактар вызначае дынаміку: пачынаюць больш піць — пачынаюць больш забіваць сябе? Так? Ці існуе тут лінейная залежнасьць?

Развадоўскі: У Беларусі, гэтак жа як і ў іншых краінах, алькаголь быў ідэнтыфікаваны як адзін з асноўных фактараў рызыкі суіцыду. Прычым, унёсак алькагалізму ва ўзровень суіцыдаў у нашай краіне адзін з самых высокіх у сьвеце. Сувязь паміж самагубствам і алькаголем складаная.

Па-першае, алькаголь часта выкарыстоўваецца тым, хто ідзе на самагубства (суіцыдэнтам), з мэтай палягчэньня ўчыненьня суіцыду. Акрамя таго, на фоне алькагольнага апʼяненьня імпульсіўныя суіцыдальныя думкі могуць зьявіцца нават у людзей, якія сьвядома не плянавалі скончыць з жыцьцём. У гэтым выпадку алькаголь выступае ў якасьці правакатара суіцыду. І, нарэшце, часта самагубства ўчыняюць асобы, якія працяглы час злоўжываюць алькаголем на фоне так званай алькагольнай дэпрэсіі.

У найбольшай ступені праблема алькагольных суіцыдаў тычыцца мужчынаў сярэдняга ўзросту, удзельная вага алькагольнага фактару ў самагубствах сярод іх перавышае 60%.

Алькаголь у крыві таксама выяўляецца ў значнай часткі маладых суіцыдэнтаў. У гэтым выпадку як раз гаворка ідзе пра «дапаможную» ролю алькаголю, як сродку, які зьніжае так званы вітальны страх, г.з. страх сьмерці.

У цэлым жа, суіцыд і алькагалізм зьяўляюцца мадэлямі самаразбуральных паводзінаў і індыкатарамі сацыяльнага недабрабыту, шчыльна зьвязанымі паміж сабой. На ўзроўні ўсяго грамадзтва гэтыя паказчыкі станоўча карэлююць паміж сабой, што ўскосна кажа пра іх сувязь на індывідуальным узроўні.

Існуе практычна лінейная сувязь паміж узроўнем спажываньня алькаголю і ўзроўнем суіцыдаў

На самай справе, існуе практычна лінейная сувязь паміж узроўнем спажываньня алькаголю і ўзроўнем суіцыдаў, прычым, гэтая сувязь больш выяўленая ў дачыненьні да моцных алькагольных напояў. Найбольш выразна сувязь паміж гэтымі паказчыкамі праявілася ў былым Савецкім Саюзе ў пэрыяд антыалькагольнай кампаніі, калі рэзкае абмежаваньне даступнасьці алькаголю прывяло да значнага зьніжэньня ўзроўню самагубстваў.

Дракахруст: Постсавецкія, былога СССР, краіны і краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы — ёсьць адрозьненьні ў дынаміцы самазабойстваў за апошнія 25 гадоў?

Развадоўскі: У дынаміцы ўзроўню суіцыдаў у былых савецкіх рэспубліках (тут гаворка ідзе пра славянскія рэспублікі і рэспублікі Прыбалтыкі) і ў Цэнтральнаэўрапейскіх краінах на працягу апошніх 25 гадоў маюцца істотныя адрозьненьні. Яны палягаюць у рэзкім росьце ўзроўню самагубстваў сярод мужчынаў сярэдняга ўзросту ў першыя гады пасьля распаду Савецкага Саюзу. У краінах Цэнтральнай Эўропы такога ўсплёску самагубстваў не адзначалася. У цэлым, у гэтых краінах адзначалася тэндэнцыя да зьніжэньня гэтага паказьніка.

Дракахруст: 10 верасьня — сусьветны дзень прадухіленьня самазабойстваў. А ці можа дзяржава нешта зрабіць, каб зьменшыць іх узровень? Што робіцца ў Беларусі ў гэтым накірунку? Які досьвед іншых краінаў, на Ваш погляд, варта было б запазычыць?

Развадоўскі: На жаль, нягледзячы на мноства існых у цяперашні час стратэгіяў прафіляктыкі суіцыдальных паводзінаў, толькі некалькі з іх даказалі сваю эфэктыўнасьць.

Да іх належаць: 1) абмежаваньне доступу да сродкаў учыненьня суіцыду; 2) псыхатэрапэўтычная падтрымка асобаў, якія ўчынілі суіцыдальную спробу пасьля іх выпіскі са стацыянара; 3) арганізацыя цэнтраў крызіснай суіцыдалягіческой дапамогі з тэлефонам даверу.

У некаторых краінах была паказаная эфэктыўнасьць мерапрыемстваў па ўключэньні лекараў агульнай практыкі ў выяўленьне пацыентаў з высокімі суіцыдальнымі рызыкамі. У многіх краінах існуюць нацыянальныя стратэгіі прафіляктыкі суіцыдальных паводзінаў, якія ўключаюць цэлы спэктар мерапрыемстваў.

Істотны рост узроўню суіцыдаў у мінулым годзе на фоне эканамічнага крызісу ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць прафіляктычных мерапрыемстваў

У Беларусі прафіляктыцы суіцыдальных паводзінаў надаецца дастаткова шмат увагі на дзяржаўным узроўні. У 2009-2012гадах у краіне быў рэалізаваны Комплексны плян прафіляктыкі суіцыдальных паводзінаў, які прадугледжваў цэлы шэраг мераў, накіраваных на зьніжэньне ўзроўню самагубстваў. Некаторыя экспэрты лічаць, што менавіта дзякуючы рэалізацыі мерапрыемстваў у рамках гэтага пляну ў 2014 годзе паказьнік суіцыдаў у Беларусі стаў ніжэй за 20 на 100 тыс. насельніцтва, дзякуючы чаму Беларусь выйшла з групы краінаў з высокім узроўнем суіцыдаў.

Аднак істотны рост узроўню суіцыдаў у мінулым годзе на фоне эканамічнага крызісу ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць прафіляктычных мерапрыемстваў. Відавочна, што зьніжэньне ўзроўню суіцыдаў, якое адзначаецца ў краіне на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, зьявілася адлюстраваньнем рэгіянальнага трэнду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG