Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапамога беспрацоўным у Беларусі перавышае 30 рублёў толькі ў двух рэгіёнах. І гэта ня Менск


Кірмаш вакансіяў для беспрацоўных, ілюстрацыйнае фота

Дапамога беспрацоўным перавышае 30 рублёў толькі ў двух рэгіёнах — Гомельскай і Віцебскай абласьцях. Finance.tut.by паглядзеў, наколькі памер сярэдняй дапамогі пры беспрацоўі адрозьніваецца ў розных рэгіёнах Беларусі.

Найбольшая сярэдняя дапамога беспрацоўным у чэрвені 2019 году была ў Гомельскай вобласьці, пры гэтым яна склала ўсяго 13,4% ад бюджэту пражытковага мінімуму на душу насельніцтва. Менш за ўсё — у Менску (11,3% ад бюджэту пражытковага мінімуму).

Сярэдняя дапамога беспрацоўным у чэрвені 2019 году:

  • Гомельская вобласьць — 31 рубель,
  • Віцебская — 30,8 рубля,
  • Берасьцейская — 29,5 рубля,
  • Горадзенская — 28,81 рубля,
  • Магілёўская — 29,67 рубля,
  • Менская — 29,3 рубля,
  • Менск — 26,1 рубля.

Максымальны памер дапамогі пры беспрацоўі ў Беларусі складае 2 базавыя велічыні (51 рубель). У суседніх краінах такая дапамога заўважна большая, чым у Беларусі.

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч шматкроць адзначала, што цяперашняя дапамога — «дастаткова маленькая велічыня», і ўлады ўжо ня першы год абяцаюць прыдумаць, як яе павысіць, але бясплённа. Чыноўнікі вырашылі, што павялічваць гэтыя выплаты заўчасна.

Раней міністэрства працы і сацыяльнай абароны выступала за разьвіцьцё сыстэмы страхаваньня паводле рынкавай мадэлі, дзе чалавек атрымлівае вялікую дапамогу пры беспрацоўі. «Той, хто апынуўся бяз працы, цягам паўгода зможа разьлічваць на выплаты ў памеры 60% ад яго сярэдняга заробку на апошнім працоўным месцы», — казаў раней прадстаўнік міністэрства працы Алег Токун.

Паводле падлікаў міністэрства, штомесячная складка пры такой мадэлі павінна складаць 0,5% ад фонду аплаты працы, суму мусяць плаціць пароўну наймальнік і работнік. Гэта значыць работнік замест 1% у ФСАН плаціцьме 1,25%.

Страхаваньне ад беспрацоўя прапаноўвалі зрабіць абавязковым, але атрымліваць дапамогу змаглі б толькі тыя, хто зарэгістраваўся ў службе занятасьці. Аднак далей за абмеркаваньне гэтая справа не пайшла.

У Беларусі «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы» (як яны самі сябе жартам назвалі, «дармаеды») мусяць цалкам кампэнсаваць пэўныя камунальныя паслугі зь дзяржаўнай датацыяй.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG