Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі налічылі паўмільёна «дармаедаў» і прыдумалі ім новае пакараньне


Как в Беларуси с нового года накажут "тунеядцев"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:58 0:00

Серж Харытонаў, «Настоящее время»​

Беларускія ўлады налічылі 425 тысяч грамадзян, якія трапляюць пад дзеяньне дэкрэту «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», у народзе — «дэкрэту аб дармаедзтве». Тыя, хто трапіў у гэты сьпіс, будуць аплачваць усе камунальныя паслугі безь дзяржаўных субсыдыяў. Гэта значыць, што выдаткі на ЖКГ амаль у паўмільёна беспрацоўных у Беларусі вырастуць у некалькі разоў.

Новы закон прыйшоў на зьмену прэзыдэнцкаму дэкрэту 2015 году «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Ён прадугледжваў выплату збору памерам каля $180 грамадзянамі Беларусі, якія жылі на тэрыторыі краіны, але не працавалі больш за 183 дзён.

У 2017 годзе Дэкрэт № 3, які ў народзе празвалі «дармаедзкім», выклікаў ва ўсіх буйных гарадах Беларусі адну з самых масавых хваляў пратэсту.

«Марш дармаедаў» у Менску, 21 кастрычніка 2017 году
«Марш дармаедаў» у Менску, 21 кастрычніка 2017 году

У студзені 2018 году пад ціскам пратэстоўцаў «дармаедзкі» закон адмянілі. На зьмену яму прыйшоў новы дакумэнт, які падзяліў беларусаў на тых, хто «ўдзельнічае» і «ня ўдзельнiчае» ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў. З 1 студзеня 2019 году тыя, каго спэцыяльныя камісіі пры выканкамах вызначылі як «ня ўцягнутых у фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў», павінны будуць плаціць за паслугі ЖКГ паводле поўнай стаўкі.

Кошт камунальных паслуг у менскай стандартнай двухпакаёвай кватэры плошчай 48 кв м, дзе жыве сям’я з трох чалавек, зімой абыдзецца прыкладна 160 беларускіх рублёў — каля $80 у эквіваленце.

Калі, напрыклад, непрацуючы жыхар тыпавой двухпакаёўкі будзе прызнаны дармаедам, то яго штомесячная квітанцыя за гарачую ваду, газазабесьпячэньне і ацяпленьне вырасьце прыкладна на $50. Такую ацэнку дае Савет міністраў Беларусі.

Пра мэты новага дэкрэту неаднаразова выказваўся прэзіыдэнт Лукашэнка, які ўжо чатыры гады кажа пра барацьбу з дармаедамі ў краіне:

«200 тысяч мы можам вызваліць — шматдзетных, хворых, інвалідаў. Людзей, якія, можа быць, хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца ў сілу жыцьцёвых абставінаў. Але 300 тысяч дзе? Дэкрэт № 3 — гэта 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы павінны прымусіць іх працаваць. Вось і ўся ідэалёгія», — казаў беларускі прэзыдэнт у 2017 годзе.

Гомельская хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка пакуль адзіная з амаль паўмільёна так званых «дармаедаў», хто спрабуе праз суд дамагчыся адмены абноўленага дэкрэту. Яна настойвае, што нават не працуючы ўдзельнічае ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў.

Марыя Тарасенка
Марыя Тарасенка

«Мы выплачваем ускосныя, непрамыя падаткі — ПДВ і акцызы. Акцызамі ў нас аблеплена літаральна ўсё: у нас тавары першай неабходнасьці ўсе ў акцызах», — тлумачыць сваю пазыцыю Марыя.

Складаньнем сьпісу дармаедаў займаюцца спэцыяльна створаныя камісіі садзейнічаньня занятасьці пры выканкамах. Тарасенка падала ў суд Чыгуначнага раёнаў Гомелю скаргу на ўключэньне яе дадзеных у базу не занятых у эканоміцы. Адказ суду жанчыну зьдзівіў.

«Мы падалі пазоў на падставе таго, што дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, і мы ўдзельнічаем у фінансаваньні дзяржаўных расходаў. Нам прыйшло паведамленьне, што суду гэта непадведамнае, што яны гэта ня будуць разглядаць. І яшчэ прычыну паказалі, што, маўляў, ніякіх дзеяньняў у дачыненьні да вас не адбылося — за горла вас не ўзялі, у кішэню да вас ня залезьлі, ну чаго вы хвалюецеся так?» — распавядае Марыя Тарасенка.

Адмову раённага суду яна абскардзіла ў апэляцыйнай інстанцыі абласнога суду. 15 сакавіка суд разгледзіць яе пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды. Адказчыкамі па справе выступяць камісія па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва Чыгуначнага раёну Гомелю і Камітэт па працы, занятасьцi i сацыяльнай абароне аблвыканкаму, якія ўносяць людзей у сьпісы дармаедаў.

Юрыдычную падтрымку Марыі аказвае праваабаронца і юрыст Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Леанід Судаленка. Леанід ужо два гады займаецца падобнымі справамі і нават атрымаў мянушку «адвакат дармаедаў».

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

У 2017 годзе Леанід займаўся дзьвюма падобнымі справамі. Тады ён патрабаваў прызнаць дэкрэт прэзыдэнта неканстытуцыйным і даказваў удзел сваіх падабаронных у фінансаваньні дзяржаўных расходаў. Два гады таму суд таксама прыняў рашэньне аб непадведамнасьці такіх скаргаў — як і цяпер у выпадку зь яго падабароннай.

«У скарзе мы прасілі выключыць Марыю Тарасенка зь сьпісу незанятых у эканоміцы і больш яе ў гэтым пытаньні не турбаваць. Тым ня менш суд адмовіў. Фактычна суд у Гомелі сказаў, што ўсе 500 тысяч незанятых у эканоміцы — паўмільёна беларусаў, якіх улада ўнесла ў гэты сьпіс, — ня маюць права на судовую праверку дзеяньняў так званых „дармаедзкіх“ камісій», — кажа юрыст Судаленка.

Паводле папярэдніх дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, бліжэйшымі тыднямі першыя 54 тысячы чалавек, якія трапілі пад дзеяньне абноўленага дэкрэту, атрымаюць квітанцыі з поўнай сумай да аплаты за падагрэў вады за студзень і люты. Паводле дадзеных Белстату, у 2018 годзе, у 2018 годзе 65% беларусаў жылі на суму менш за $250 на месяц.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG