Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнік Менску, экс-міністар ЖКГ Шорац знайшоў новую працу


Андрэй Шорац, 2015 год
Андрэй Шорац, 2015 год

Чыноўнік Андрэй Шорац, які ў 2014–18 гадах узначальваў Менгарвыканкам, а ў 2011–14 гадах Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, цяпер працуе намесьнікам генэральнага дырэктара Галоўдзяржбудэкспэртызы.

Пра гэта даведаліся жыхары менскага «кварталу сямі паркінгаў», якія змагаюцца супраць ушчыльненьня. Зьвесткі апублікаваў лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які адзначыў, што з імем Шорца зьвязанае зацьверджаньне «сумнеўных будаўнічых праектаў» у Менску.

У Галоўдзяржбудэкспэртызе карэспандэнта Свабоды спачатку пагадзіліся злучыць з Шорцам па тэлефоне, але затым сказалі, што ён вызваліцца толькі пад вечар. На сайце прадпрыемства Шорца яшчэ няма ў сьпісе кіраўніцтва.

Гісторыя абурэньняў і ракіровак

Цяпер Андрэю Шорцу 46 гадоў. На пасаду старшыні гарвыканкаму ён прыйшоў у 2014 годзе — на месца звольненага Мікалая Ладуцькі, якога праз паўгода па звальненьні прызначылі кіраваць Мотавелазаводам.

На чале сталіцы Шорац правёў 4 гады і 22 дні. Пры ім працягнулася «ўшчыльненьне» жылых кварталаў і скандальныя будоўлі, але, напрыклад, зьявілася пешаходная вуліца і быў дазволены мітынг-канцэрт на 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай народнай рэспублікі.

Аляксандар Лукашэнка зьняў Шорца з пасады старшыні Менгарвыканкаму ў мінулым лістападзе. Ён выказаў незадаволенасьць працай гарвыканкаму на чале з Шорцам, зьвязваючы свае прэтэнзіі з карумпаванасьцю гарадзкіх уладаў.

Але асудзілі не старшыню, а ягонага намесьніка — Аляксандар Дамарацкі атрымаў 12 гадоў турмы, нягледзячы на неадназначнасьць доказаў і заступніцтва блогераў.

На месца Шорца Лукашэнка прызначыў іншага экс-міністра — былога кіраўніка Міністэрства транспарту і свайго былога памочніка па Менску Анатоля Сівака.

Яшчэ ў красавіку таго году ён выказваў незадаволенасьць Сіваком і пагражаў яго адправіць «туды ж, куды міністра лясной гаспадаркі» (звольнены «лясны» міністар Міхаіл Амельяновіч стаў намесьнікам генэральнага дырэктара па вытворчасьці і якасьці холдынгу «Амкадор»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG