Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўсё здарылася яшчэ летась!» Як Лукашэнка «арыштаваў» кіраўніцтва Цэнтральнага раёну Менску


Аляксандар Лукашэнка прымае новага кіраўніка Менгарвыканкаму Анатоля Сівака
Аляксандар Лукашэнка прымае новага кіраўніка Менгарвыканкаму Анатоля Сівака

Па словах кіраўніка краіны, чыноўнікі павінны «вярнуць грошы народу». Свабода паспрабавала высьветліць, хто пэрсанальна і якія грошы.

23 лістапада кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка правёў вялікую нараду пад назвай «Рэспубліканскі сэмінар аб падвышэньні эфэктыўнасьці будаўнічага комплексу Беларусі». На ёй кіраўнік краіны расказаў пра выкрытую нядаўна карупцыйную схему, якая ў выніку каштавала пасады Андрэю Шорцу.

«54 ці 56 пасьпелі прадаць кватэр. А дзе старшыня гарвыканкаму? Па-мойму, у Цэнтральным раёне гэта было. А дзе кіраўнікі гэтага раёну? Учора мною было прынятае рашэньне: усіх да адзінага ў сьледчы ізалятар, надзець кайданкі, разабрацца з усімі і вярнуць грошы народу», — заявіў кіраўнік краіны.

Старшыня гарвыканкаму Андрэй Шорац страціў сваю пасаду ўжо на наступны дзень пасьля нарады. Новым кіраўніком Менску стаў Анатоль Сівак, які раней займаў пасаду міністра транспарту і камунікацый. Паводле паведамленьняў дзяржаўных СМІ, Андрэй Шорац «будзе пераведзены на іншае месца працы». Якое менавіта, пакуль невядома.

«Ніякіх зьменаў у нас не адбылося»

З кіраўніцтвам Цэнтральнага раёну Менску, якое, па словах кіраўніка краіны, можа быць датычнае да карупцыйных схемаў, усё складаней. У прыёмнай адміністрацыі пытаньню Свабоды пра лёс кіраўніцтва раёну не зьдзівіліся і пракамэнтавалі сытуацыю не без эмоцый.

«Усё тое, пра што гаварыў кіраўнік краіны, тычылася мінулага году. Гэта ўсё здарылася яшчэ летась! — сказала сакратарка. — Вы хочаце, каб былі нейкія камэнтары да словаў кіраўніка краіны, ці што? Калі вы сочыце за падзеямі, якія адбываюцца, вы ведаеце, што зьмяніўся мэр (старшыня Менгарвыканкаму. — РС), на гэтым усё. Ніякіх зьменаў у кіраўніцтве адміністрацыі не адбылося».

Па словах супрацоўніцы адміністрацыі Цэнтральнага раёну сталіцы, яе кіраўнік Дзьмітры Пятруша знаходзіцца на працоўным месцы і выконвае свае абавязкі ў звычайным рэжыме. Гэтаксама як і яго намесьнікі.

54 кватэры

Якую ж карупцыйную гісторыю мог мець на ўвазе кіраўнік краіны?

Верагодна, гэта можа быць сытуацыя з распродажам танных кватэр у доме па вуліцы Выгоцкага ў Навінках. Амаль год таму Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёну Менску зладзіла распродаж адна- і двухпакаёвых кватэр у двух дамах, якія зьбіралася там будаваць. Цэны на іх выклікалі сапраўдны ажыятаж. Каб набыць кватэры па 27–35 тысяч даляраў (610–630 даляраў за «квадрат»), людзі выстойвалі ў чэргах на марозе аж па тры тыдні, там жа і начавалі.

«Ня спалі, ня елі — пяць дзён стаім». Чарга па танныя кватэры ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00

Не абышлося без скандалаў. Асабліва настойлівым удалося набыць адразу па некалькі кватэр, правіламі гэта не забаранялася. Агулам па нізкім кошце УКС Цэнтральнага раёну прадаў 54 кватэры (39 у адным доме і 15 у другім, акурат столькі, колькі назваў Лукашэнка). Усім ахвочым таннага жыльля не хапіла. Аднак пра выкрыцьцё карупцыйнай схемы падчас продажу гэтага жыльля афіцыйна не паведамлялася.

Ігар Бузоўскі
Ігар Бузоўскі

А вось кіраўніцтва Цэнтральнага раёну Менску неўзабаве і праўда зьмянілася. Ігар Бузоўскі, які ўзначальваў раённую адміністрацыю падчас гісторыі з распродажам кватэр у дамах на вуліцы Выгоцкага, страціў гэтую пасаду 26 чэрвеня 2018 году. Але трапіў зусім не ў СІЗА з кайданкамі. Новым месцам працы спадара Бузоўскага стала Міністэрства інфармацыі, яго прызначылі намесьнікам міністра. Указ аб прызначэньні падпісаў асабіста Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG