Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: у 2019 годзе пачнецца «палітычная бакханалія». І яшчэ 5 цытатаў


АМАП падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, 19 сьнежня 2010 году

«Бакханалія»* працягнецца «мінімум паўтара года» — будуць парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, а «нашы людзі ўмеюць пытаць».​

Падчас прызначэньня шэрагу чыноўнікаў 13 лістапада Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да «кіраўнікоў на месцах», піша БелТА.

«Будучы год — гэта год сурʼёзны, — казаў Лукашэнка. — У нас пачынаецца палітычная „бакханалія“, якая працягнецца мінімум паўтара года. І выбары парлямэнта, і прэзыдэнта. Яны ніколі не дадавалі стабільнасьці і спакою ў нашым грамадзтве».

Паводле Лукашэнкі, «палітычная кампанія — гэта іспыт», а іх давядзецца здаваць адразу два, «даваць справаздачу перад народам», а «нашы людзі ўмеюць пытаць».

Ён таксама даў яшчэ некалькі парадаў чыноўнікам, у прыватнасьці згадаў, як ужо раней казаў адносна карупцыі — «лепш быць жабраком, але на свабодзе».

Яшчэ некалькі ягоных цытатаў паводле БелТА:

  • «Працаваць па прынцыпе „чаго жадаеце?“ катэгарычна забараняецца. Вы павінны быць актыўнымі ў прыняцьці рашэньняў».
  • «Адзінае, пра што я вас папрашу: каб вы, прыйшоўшы на працу, не займаліся паднясеньнем нейкіх папераў. Вы кіраўнікі, і ў рот глядзець, нават начальству, забараняецца».
  • «Я за свой пэрыяд прэзыдэнцтва бачыў розныя народы. Якія б ні былі беларусы, лепш за нашых людзей няма. Гэта нерасьпешчаныя, цярплівыя, працавітыя людзі. Адпаведна і мы павінны паступаць. Мы павінны адпавядаць свайму народу».
  • «Таму стаўцеся па-чалавечы да людзей. Там, дзе трэба прымусіць працаваць кагосьці, прымусьце. Каму трэба дапамагчы — дапамажыце».
  • «Барацьба з карупцыяй — гэта непахіснае маё патрабаваньне і мае дзеяньні зь першага дня майго прэзыдэнцтва. Не таму, што я хачу здацца такім крутым. Пытаньне ня ў гэтым. Карупцыя зьядае ўсё. Гэта іржа».

***

*Бакханалія (вакханалія) — крайняя ступень беспарадку. Паходзіць ад лацінскага bacchanaliaсьвята ў гонар бога Бахуса (Bacchus, Вакх, Дыёніс), якое першапачаткова праводзілася адну ноч у сакавіку і толькі сярод жанчын, затым стала больш працяглым, з удзелам мужчын, і было зьвязана з гвалтам і распустай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG