Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля трох патопаў менскую пешаходную вуліцу абяцалі адрамантаваць


Вуліца Рэвалюцыйная ў чаканьні дажджу

Нядаўна адрэмантаваную вуліцу Рэвалюцыйную ў Менску ўжо назвалі «судаходнай»: яна «паплыла» пасьля першай жа залевы, патопы працягнуліся з наступнымі дажджамі. Уладальнікі памяшканьняў на вуліцы пры пагаршэньні надвор’я будуюць «дамбы».

Дырэктар кампаніі «Менская спадчына» Аляксандар Кохан расказаў БелТА, што праблему вуліцы Рэвалюцыйнай плянуецца вырашыць цягам двух-трох тыдняў: магчыма, давядзецца ставіць дадатковыя прымальнікі для адводу вады ў бок Камсамольскай і Нямігі. Рашэньне наконт таго, што дакладна трэба зрабіць, маюць прыняць да канца тыдня.

«Сеткі чыстыя, знаходзяцца ў працаздольным стане, але не спраўляюцца з тым аб'ёмам вады, якая паступае падчас моцных ападкаў», — сьцьвярджае Кохан.

Пры гэтым пасьля першай залевы супрацоўнікі МНС «прапілавалі» зьліў з вадасьцёкаў да каналізацыі, ды ў наступныя залевы гэта не дапамагло.

Залевы апошніх дзён ператварылі ў рэкі і іншыя вуліцы ў Менску (у тым ліку каля будынка МНС), і ў іншых гарадах Беларусі. Наконт менавіта Рэвалюцыйнай менчукі абураюцца асабліва моцна, бо кажуць, што да дарагой рэканструкцыі вуліцу так не залівала. У дачыненьні рэканструкцыі суседняй Камсамольскай патрабуюць правесьці пракурорскую праверку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG