Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі запатрабавалі пракурорскай праверкі і «дэкамунізаваных» назваў для пешаходных вуліцаў


Вуліца Камсамольская, 1957 год
Вуліца Камсамольская, 1957 год

Вуліцы Камсамольская і часткова Рэвалюцыйная, што ў цэнтры Менску, з канца чэрвеня маюць стаць пешаходнымі. Цяпер завяршаецца іх рэканструкцыя. У ёй адзначаюць недарэчнасьці.

Блогер Антон Матолька запусьціў пэтыцыю з патрабаваньнем правесьці пракурорскую праверку адносна рэканструкцыі Камсамольскай: чаму там два шэрагі ліхтарных слупоў, калі дастаткова было аднаго; навошта закуплялі кветачніцы аж на 100 тысяч даляраў, па 1400 даляраў за кожную; чаму пры гэтым ня зладжаны якасны вадасьцёк і не правялі абяцанага азеляненьня?

Акрамя таго, у пэтыцыі патрабуюць ад Менгарвыканаму тлумачэньняў наконт таго, чаму рэканструкцыі правялі без грамадзкіх абмеркаваньняў і збору прапановаў ад жыхароў, а таксама чаму нідзе не апублікавалі праектнай дакумэнтацыі аб’екта.

На момант публікацыі, празь дзьве гадзіны пасьля запуску, пэтыцыя набрала больш за тры сотні подпісаў.

Рэвалюцыйную ў Койданаўскую, а Камсамольскую ў Фэліцыянаўскую

Амаль у той жа час зьявілася іншая пэтыцыя адносна «будучых пешаходных» вуліцаў: ім прапануюць вярнуць гістарычныя назвы — пераназваць Рэвалюцыйную ў Койданаўскую, а Камсамольскую ў Фэліцыянаўскую.

«Раней вуліца Фэліцыянаўская праходзіла каля Марыінскага касьцёла (цяпер — Катэдральны касьцёл ля плошчы Свабоды), у адной вежы якога захоўваліся мошчы сьвятога Фэліцыяна, абаронцы нашага гораду, — гаворыцца ў пэтыцыі. — Паколькі Фэліцыян быў прызнаны сьвятым яшчэ да расколу хрысьціянскай царквы, яго вызнавалі пакутнікам як праваслаўныя, так і каталікі. На Дзень сьвятога Фэліцыяна, 6 лютага, у Менску ладзіліся Дні гораду, дзе сьвята ператваралася ў маніфэст яднаньня ўсіх хрысьціянаў. І гэта сымбалічна.

Вуліца Койданаўская была пракладзеная ў канцы XVI стагодзьдзя і злучала цэнтральную плошчу гораду са шляхам, які вёў у бок мястэчка Койданава, якое цяпер называецца Дзяржынскам».

Гэтую пэтыцыю на момант публікацыі падпісалі чатыры дзясяткі чалавек.

У Менску ўжо ня раз прапаноўвалі перайменаваць вуліцы, у тым ліку названыя ў гонар забойцаў і тэрарыстаў, але фактычна значных перайменаваньняў не было з 2005 году, калі праспэктам Скарыны і Машэрава далі назвы Незалежнасьці і Пераможцаў — тады менчукі абураліся, што іх аб перайменаваньні не спыталі, а ўлады тлумачылі новыя назвы «просьбамі вэтэранаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG