Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы паведаміў пра «мінаваньні» менскіх гатэляў, аэрапорту і чыгуначнага вакзалу. Шукаюць выбухоўку. ФОТА


​​Менскі гатэль «Гарні» (Garni)
​​Менскі гатэль «Гарні» (Garni)

Раніцай 19 жніўня ў апэратыўна-дзяжурную службу ГУУС Менгарвыканкаму паступілі паведамленьні пра мінаваньне ад пэрсаналу гатэляў «Беларусь», «Гарні», «Вікторыя Алімп Гатэль» і «Юбілейная», а таксама адміністрацый Нацыянальнага аэрапорту «Менск» і чыгуначнага вакзалу.

Ва ўсіх выпадках на электронную пошту прыйшло паведамленьне ад невядомай асобы пра нібыта закладзеныя выбуховыя прылады ў гэтых аб’ектах.

Сапёрна-піратэхнічныя і сьледча-апэратыўныя групы выехалі па адрасах, яны вядуць абсьледаваньне будынкаў, шукаюць выбухоўку. Не выключаецца эвакуацыя пэрсаналу і пастаяльцаў гатэляў і пасажыраў з аэрапорту і вакзалу.

У даведцы Нацыянальнага аэрапорту «Менск» карэспандэнту Свабоды паведамілі: «Мы працуем у штатным рэжыме».

Менскі чыгуначны вакзал
Менскі чыгуначны вакзал

Галоўны будынак Менскага чыгуначнага вакзала ачэплены, у яго нікога не пускаюць. Рух цягнікоў не прыпыняўся, супрацоўнікі чыгункі накіроўваюць людзей да плятформаў празь іншы ўваход. Чыгуначныя касы працуюць у старым будынку вакзала. Абстаноўка спакойная.

На чыгуначным вакзале
На чыгуначным вакзале

Па вакзале ходзяць патрулі міліцыі. Прыпынілі эскалатары, гучаць прапановы аб эвакуацыі, наведнікаў спакойна выводзяць з будынку.

Супрацоўнікі кавярняў ля ўваходу ў эвакуяваны вакзал
Супрацоўнікі кавярняў ля ўваходу ў эвакуяваны вакзал

Менскі гатэль «Гарні» (Garni), які знаходзіцца ў Верхнім горадзе, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, насупраць кінатэатру «Перамога», таксама ачэплены. Вакол дзяжурыць міліцыя. Да гатэлю пад’ехалі машыны «хуткай», міліцыі, ратавальнікі.​

Вуліцы Камсамольская і Інтэрнацыянальная перакрытыя
Вуліцы Камсамольская і Інтэрнацыянальная перакрытыя

Кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкаму просіць захоўваць спакой і не паддавацца паніцы.

Ад пачатку гэтага году праваахоўныя органы атрымалі больш за тры дзясяткі паведамленьняў аб замінаваных аб’ектах, аднак ніводзін такі факт не пацьвердзіўся.

Што важна ведаць пра «мінаваньне» будынкаў у Беларусі

Эвакуацыя на чыгуначным вакзале ў Менску, 31 сакавіка 2019
Эвакуацыя на чыгуначным вакзале ў Менску, 31 сакавіка 2019

Ад пачатку 2019 году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі 35 крымінальных спраў. У ходзе іх расьсьледаваньня ўсталявалі 14 чалавек, датычных да падобных паведамленьняў, па шасьці крымінальных справах ужо прайшлі суды і вынесеныя прысуды. Расьсьледаваньні працягваюцца.

  • 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
  • 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
  • 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
  • 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.

У 2018 годзе ў Беларусі міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі.

Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:

  • штрафам ці арыштам;
  • да 5 гадоў абмежаваньня волі;
  • ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG