Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды вэнджаная рыба выклікае рак


Амэрыканскі інстытут дасьледаваньняў раку лічыць, што з пункту гледжаньня рызыкі разьвіцьця анкалягічных хваробаў вэнджаная рыба не адрозьніваецца ад апрацаванага мяса. Пра гэта ў газэце The New York Times піша Сафі Эган.

Як вядома, працоўная група Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) яшчэ ў 2015 годзе назвала ўсе апрацаваныя мясныя вырабы канцэрагенамі. Спэцыялісты САЗ лічаць, што ёсьць дастаткова доказаў таго, што вырабы зь мяса могуць выклікаць рак тоўстай кішкі.

Тым ня менш, на пытаньне, ці вэнджаная рыба можа лічыцца канцэрагенамі, лекары пакуль што дакладна адказаць ня могуць. Іх адказы на канкрэтныя пытаньні бываюць нават супярэчлівыя.

Гэтак, паводле дырэктаркі праграмы харчаваньня ў Амэрыканскім інстытуце дасьледаваньняў раку доктаркі Эліс Бэндэр, цалкам магчыма, што перапрацаваная рыба, як і курыца з індыкам можа быць лепшай альтэрнатывай перапрацаванаму чырвонаму мясу. Але, разам з тым, кажа доктарка, яна ня можа дакладна сьцьвярджаць, што адно лепшае за другое.

Эліс Бэндэр прапануе абмежаваць спажываньне вэнджанай рыбы і ласавацца ёю, зрэдчас, але ня есьці кожны дзень.

Праблема, кажа доктарка, ня ў рыбе, але ў спосабе яе апрацоўкі. І вэнджаньне, і вяленьне салёнай рыбы ўяўляюць сабой пагрозу разьвіцьця раку. Напрыклад, Сусьветны фонд барацьбы з ракам лічыць, што сушаная салёная рыба можа спрыяць разьвіцьцю раку страўніка. У Паўднёвым Кітаю сушаная, фэрмэнтаваная рыба кантонскага тыпу можа павялічваць рызыку раку насаглоткі.

І гарачае вэнджаньне таксама можа быць небясьпечным, бо падчас яго ўтвараюцца небясьпечныя рэчывы. Да таго ж у гэтым выпадку ў якасьці кансэрвантаў выкарыстоўваюцца нітраты, што ўяўляе сабой павышаную рызыку.

Аднак іншыя калектывы навукоўцаў ня так катэгарычныя ў сваіх высновах адносна вэнджанай рыбы. У ЗША Інстытут дасьледаваньня раку пакуль што адзіны ў такім стаўленьні да вэнджанай рыбы.

Магчыма прычына ў тым, што амэрыканцы ядуць адносна мала вэнджанай рыбы ў параўнаньні з бэконам і каўбасой.

Таму аўтарка The New York Times Сафі Эган нагадвае, што мова ідзе менавіта пра вэнджаную і салёную рыбу. Сьвежыя і замарожаныя прадукты з рыбы да гэтых засьцярог ня маюць дачыненьня.

Таксама журналістка нагадвае, што спажываньне рыбы зьвязана з многімі станоўчымі наступствамі для арганізму — ім можа зьнізіць рызыку сардэчна-сасудзістых хваробаў і некаторых відаў раку, асабліва калі рыбу спажываюць замест чырвонага мяса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG