Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэты артыкул прысьвечаны тэме, ці можа харчаваньне садзейнічаць прадухіленьню анкалягічнай паталёгіі ў сталым узросьце.

Чаму для старых рызыка большая

Сталы ўзрост сам па сабе зьяўляецца фактарам рызыкі ўзьнікненьня новаўтварэньняў, бо цягам жыцьця ў клетках назапашваюцца так званыя «памылкі» — непаўнавартасныя бялкі, шкодныя рэчывы, якія ўскладняюць працу генэтычнага апарату.

Гэта вядзе да разрастаньня паталягічных клетак і ўзьнікненьня пухлін. Самы небясьпечны ўзрост 60-90 гадоў — менавіта ў гэтым прамежку часу, згодна са статыстыкай, выяўляецца найбольшая колькасьць анкалягічных хваробаў.

Цікава, што доўгажыхары (згодна з клясыфікацыяй Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта асобы ва ўзросьце пасьля 90 гадоў) нярэдка зьяўляюцца значна больш жвавымі і мажнымі ў параўнаньні з асобамі ў веку 75-90 гадоў.

Прафіляктыка

Найбольш унівэрсальнай абгрунтаванай парадай што да прадуктаў харчаваньня, якія ў пэўнай ступені могуць прадухіліць рак, зьяўляецца штодзённае ўжываньне рознакаляровай сьвежай садавіны і гародніны ў колькасьці ня менш за 400 грамаў.

Прафіляктычны эфэкт гэтай меры зьвязаны з тым, што ў складзе рознакаляровых сьвежых расьлінных прадуктаў знаходзіцца вялікая колькасьць вітамінаў (напрыклад, вітаміну Е), якія могуць абяззбройваць шкодныя рэчывы ў клетках, якія там назапашваюцца і прыводзяць да анкалягічнай трансфармацыі клеткі.

Адным з навукова абгрунтаваных сродкаў прафіляктыкі рака малочнай залозы, тоўстай кішкі і прастаты зьяўляецца абмежаваньне спажываньня тлушчу. Лепей абіраць абястлушчаныя прадукты, бо гэта таксама прафіляктыка атэрасклерозу.

Небясьпека чырвонага мяса

Дарэчы, людзі, якія спажываюць шмат тлушчу, таксама любяць мяса. Гэта ня вельмі добра, бо спажываньне чырвонага мяса зьвязана з разьвіцьцём анкалягічных захворваньняў тоўстай кішкі і прастаты.

Справа ў тым, што пры перапрацоўцы мяса ствараюцца гэтак званыя N-нітрозазлучэньні, якія атакуюць клеткі згаданых органаў, а гэта прыводзіць да анамальнага клетачнага росту і ракавага перараджэньня.

Як засьцерагчы асобныя органы

Наконт іншых органаў у літаратуры згадваецца, што ўжываньне вялікай колькасьці каратыну, якога шмат у моркве, садзейнічае прафіляктыцы рака лёгкіх.

Рак стрававода разьвіваецца пры празьмерным спажываньні хлеба, страўніка — салёнай рыбы, падстраўнікавай залозы — пры прыхільнасьці да смажаных прадуктаў, асабліва прыгатаваных на грылі.

Разьвіцьцё анкалягічных захворваньняў тоўстай кішкі зьвязваюць зь вялікай колькасьцю ўжываньня макаронаў, пасты.

Ва ўсіх вышэйпералічаных выпадках мерай прафіляктыкі зьяўляецца ўжываньне сьвежай садавіны і гародніны.

Агульныя рэкамэндацыі

Самымі агульнымі рэкамэндацыямі ў справе здаровага харчаваньня ў сталым узросьце, выкананьне якіх можа патэнцыйна прадухіліць разьвіцьцё анкалягічнай паталёгіі, зьяўляюцца:

1. Ужываньне дастатковай колькасьці (каля 400-500 грамаў кожны дзень) сьвежай рознакаляровай садавіны і гародніны.

2. Разумнае спажываньне мяса, а таксама лёгказасваяльных вугляводаў у складзе пасты, макаронаў і хлеба.

3. Важна таксама выбіраць прадукты зь невялікай колькасьцю тлушчу.

Гэта, па-сутнасьці, тое, што завецца здаровым харчаваньнем і садзейнічае прафіляктыцы ня толькі анкалягічных, але і сардэчна-судзінных хваробаў.

Выкананьне гэтых парад карыснае ня толькі сталым людзям, але і маладым. Лепш прывучацца да здаровага ладу жыцьцё з самага маладога ўзросту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG