Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кава не выклікае раку, але гарачыя напоі — могуць


Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, няма ніякай сувязі паміж кавай і ракам, але гарачыя напоі могуць быць канцэрагеннымі.

Пра гэта на сайце sharecare.com піша аглядальнік Тэйлар Лупаў.

Састарэлыя падазрэньні

Некалі лічылася, што кава можа ствараць канцэрагенную пагрозу для тых, хто яе п’е. Асабліва часта пісалі пра рак падстраўнікавай залозы.

Але ўжо даўно Міжнароднае агенцтва вывучэньня раку (IARC) адмяніла сваё папярэджаньне, заявіўшы, што няма ніякіх пераканаўчых доказаў, што кава можа быць канцэрагеннаю. Група з 23 навукоўцаў, скліканая IARC, разгледзела вынікі больш за 1000 дасьледаваньняў і не знайшлі дастатковых доказаў канцэрагенных уласьцівасьцяў кавы.

Наадварот, некаторыя дасьледаваньні паказалі, што кава можа зьмяншаць рызыку разьвіцьця некаторых формаў раку. Напрыклад, каву ўжо даўно хваляць за тое, што яна паляпшае функцыі мозгу і можа зьніжаць рызыку дыябэту 2 тыпу.

Любоў да гарачага — падстава для рызыкі

Але, кажуць навукоўцы, падставы турбавацца ёсьць у тых людзей, якія любяць піць вельмі гарачую каву і іншыя гарачыя напоі. Іншымі словамі, відавочная сувязь ёсьць паміж ня тыпам напояў, але іх тэмпэратурай.

Напрыклад, навукоўцы сьцьвярджаюць, што рак стрававода можа быць зьвязаны з частым ужываньнем напояў, нагрэтых да 65 градусаў і вышэй.

У 2018 годзе былі прааналізаваныя асобныя дасьледаваньні, якія ахапілі 456 155 чалавек ва ўзросьце ад 30 да 79 гадоў. Выснова была аналягічнаю. Навукоўцы зьвязалі спажываньне гарачай гарбаты з ракам стрававода ў тых, хто паліць або штодзень спажывае алькаголь.

На працягу 9-гадовага дасьледаваньня навукоўцы сачылі за тым, якой тэмпэратуры чай п’юць яго ўдзельнікі і колькі яны спажываюць алькаголю. Аказалася, што тыя, хто п’е вельмі гарачы чай і спажывае прынамсі 15 грам алькаголю штодзень, павышаюць рызыку захварэць на рак стрававода.

Наколькі рак стрававода распаўсюджаны

Ва ўсім сьвеце, рак стрававода зьяўляецца восьмым паводле колькасьці выпадкаў тыпам раку. На яго прыпадае каля 5 працэнтаў усіх сьмерцяў анкалягічна хворых.

Большасьць выпадкаў раку стрававода сустракаюцца ў некаторых частках Азіі, Паўднёвай Амэрыкі і Ўсходняй Афрыкі, дзе традыцыйна п’юць вельмі гарачыя напоі.

Лічыцца, што гарачыя вадкасьці здольныя наносіць шкоду клеткам стрававода, што можа, у сваю чаргу, спрыяць зьменам, якія прыводзяць да раку. Але, як і ўсюды, патрэбныя дадатковыя дасьледаваньні, каб карціна стала зусім яснаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG