Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба есьці і ад чаго адмовіцца, каб не захварэць на рак кішэчніка


Рак тоўстай кішкі зьяўляецца адной зь вядучых прычын сьмяротнасьці ад анкалягічных захворваньняў у сьвеце. Акрамя памяркоўных фізычных нагрузак, падтрыманьня нармальнай вагі і своечасовых аналізаў, здаровае харчаваньне таксама можа быць важным фактарам прафіляктыкі. Пра гэта на сайце harecare.com піша Ана Лопэс.

Ласось

Замест чырвонага мяса і смажанай курыцы ежце больш ласося, багатага на Амэгу-3. Дасьледаваньні паказваюць, што здаровыя тлушчы могуць запаволіць рост раку тоўстай кішкі і нават перашкаджаць яго ўзьнікненьню.

Амэрыканскі інстытут вывучэньня раку рэкамэндуе есьці 100-120-грамовую порцыю тлустай рыбы два разы на тыдзень. Прычым, гэта можа быць ня толькі ласось — падыдуць палтус, стронга, траска і іншыя віды рыбы.

Карычневы рыс

Карычневы рыс утрымлівае ў сабе такія пажыўныя рэчывы, як сэлен. Лекары мяркуюць, што карычневы рыс дапамагае зьменшыць рызыку ўзьнікненьня ў тоўстым кішэчніку паліпаў, якія пасьля ператвараюцца ў злаякасныя. Нядаўна былі апублікаваныя вынікі дасьледаваньня, якое сьведчаць, што ў тых, хто зьядае порцыю карычневага рысу раз на тыдзень, рызыка ўзьнікненьня раку кішэчніка ніжэй на 40 адсоткаў.

Карычневы рыс багаты на клятчатку, якая выводзіць таксычныя рэчывы са стрававальнага тракту.

Крыжакветная гародніна

Дасьледчыкі выявілі, што ўжываньне ў ежу гатаванай зялёнай гародніны прынамсі адзін раз на дзень (у параўнаньні з нормай менш чым у пяць разоў на тыдзень), было зьвязана з скарачэньнем на 24% рызыкі паліпаў тоўстай кішцы.

Крыжакветная гародніна, такая як брокалі, каляровая капуста, капуста, брусэльская капуста і рукала, дапамагаюць трымаць кішэчнік здаровым. Гэта адбываецца дзякуючы ізатыяцынатам — процізапаленчым злучэньням, якія дапамагаюць ўключаць ген, здольны зьнішчаць ракавыя клеткі.

Фасоля

Што агульнага паміж гарохам і арахісам? Гэта два тыпы бабовых культур. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што людзі, якія ядуць бабовыя тры разы на тыдзень, маюць на 33% меншую рызыку разьвіцьця паліпаў тоўстай кішкі.

Як і ў выпадку карычневага рысу, бабовыя маюць высокую канцэнтрацыю валокнаў, што можа растлумачыць іх проціракавыя ўласьцівасьці. Да ліку бабовых адносяцца фасоля, бабы, нут, сачавіца і іншыя падобныя культуры.

Садавіна

Адно дасьледаваньне паказала, што ўжываньне ў ежу сушанай садавіны тры разы на тыдзень (або часьцей), у параўнаньні з менш чым адзін раз на тыдзень, можа дапамагчы прадухіліць рызыку ўзьнікненьня раку тоўстай кішкі на 24%.

Сьвежая садавіна, напрыклад, яблыкі, таксама спрыяе здароўю тоўстай кішкі. Яблыкі ўтрымліваюць пэктын, які праз шэраг злучэньняў абараняе клеткі тоўстай кішкі. Антыаксыданты ў яблыках таксама могуць дапамагчы запаволіць рост ракавых клетак.

Чырвонае мяса

Чырвонае мяса, такое як ялавічына, сьвініна і бараніна, даўно зьвязваюць з рызыкай раку. З аднаго боку яно зьяўляецца добрай крыніцай бялку, з другога — нясе пагрозу, якая, як мяркуецца, можа быць зьвязана са спосабам прыгатаваньня мяса.

Смажаньне на грылі або на патэльні, а таксам вэнджаньне спрыяюць узьнікненьню ў мясе шкодных злучэньняў, якія выклікаюць рак тоўстай кішкі.

Шынкі, каўбасы і сасіскі з прычыны прысутнасьці ў іх кансэрвантаў таксама ўваходзяць у групу рызыкі.

Алькаголь

Паводле дадзеных Амэрыканскага анкалягічнага таварыства, нізкі ўзровень у арганізьме фоліевай кіслаты зьвязаны з высокай рызыкай раку кішэчніку. А тыя людзі, якія спажываюць алькаголь, як правіла маюць дэфіцыт фоліевай кіслаты.

Сьпірт, па ўсёй верагоднасьці, перашкаджае абсорбцыі фоліевай кіслаты. Асабліва гэта небясьпечна, калі і дыета аматараў алькаголю ўтрымлівае нізкі ўзровень такой кіслаты.

Лекары не рэкамэндуюць цалкам адмаўляцца ад алькаголю, але заклікаюць да стрыманасьці. Экспэрты раяць мужчынам піць ня больш чым два келіхі віна ў дзень; жанчынам — адзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG