Мінабароны прызнала «трагедыяй» колькасьць суіцыдаў у войску

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў 23 ліпеня на круглым стале на тэму адтэрміновак ад войска згадаў колькасьць суіцыдаў у арміі, перадае БелаПАН.

«У 1995 годзе было 102 загінулых і 42 самагубствы, — казаў Уладзімер Макараў. — Для нас гэта не статыстыка, а трагедыя. Як і трагедыя тое, што ў апошнія гады — тры-пяць суіцыдаў на год».

Пры тым ён адзначыў, што імавернасьць гібелі па-за войскам вышэйшая, чым у час службы.

На крытыку з боку журналістаў таго, як неапэратыўна Міністэрства абароны паведамляе пра здарэньні ва Ўзброеных сілах (зьвесткі найчасьцей зьяўляюцца спачатку на неафіцыйных крыніцах), ён адказаў крытыкай Telegram-каналаў і сайтаў, якія распаўсюджваюць гэтыя зьвесткі:

«Эпоха постпраўды — сёньня аргумэнты замяняюцца эмоцыямі. Ёсьць інфармацыйныя рэсурсы, якія выконваюць замову, якім за то плацяць грошы, — заявіў Макараў. — Ёсьць сацыяльная адказнасьць пры паведамленьні пра суіцыд. Адназначна ваеннае ведамства апэратыўна інфармуе грамадзкасьць. Называць прычыны, нешта падрабязна распавядаць — гэта будзе верхам подласьці адносна гэтых людзей і іх сваякоў».

Кансультант галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генэральнага штабу ўзброеных сілаў Андрэй Мурашоў згадаў у гэтым кантэксьце справу Коржыча: маўляў, «на тым жа паверсе, дзе служыў шараговец Коржыч, ёсьць іншае падразьдзяленьне, дзе расьсьледаваньнем не выяўлены ніводзін выпадку нестатутных узаемаадносінаў», але СМІ «паднялі ажыятаж» і «зрабілі поўны арэол на ўсе Печы».

​
XS
SM
MD
LG