Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія заявіла, што не адказвала за падрыхтоўку «крывавага салюту» ў Менску

абноўлена

Міліцыя на месцы здарэньня, 3 ліпеня 2019 году
Міліцыя на месцы здарэньня, 3 ліпеня 2019 году

Тэхнічны дырэктар ААТ «Пиро-Росс» Канстанцін Шапавалаў заявіў РИА Новости, што ў абавязкі супрацоўнікаў ягонай кампаніі не ўваходзіла падрыхтоўка снарадаў да запуску салюту 3 ліпеня, калі праз выбух салютных гарматаў загінула жанчына і пацярпелі 10 чалавек.

Што сказаў дырэктар «Пиро-Росс»

Паводле Шапавалава, сьледзтва «звальвае» віну на супрацоўнікаў «Пиро-Росс», таму што ў іх задачу «не ўваходзіла падрыхтоўка снарадаў да запуску». Іх задачамі былі:

  • запіс праграмы салюту на пульты праграмаваньня;
  • наладжваньне абсталяваньня запуску;
  • адсочваньне запуску для аказаньня тэхнічнай дапамогі.

«У нас няма зь імі сувязі. У нас няма ніякай інфармацыі, што і як яны рабілі. На кожны салют мы адпраўляем кагосьці ад сваёй кампаніі», — сказаў Шапавалаў.

Расейцам выставілі абвінавачаньне, зьявіліся новыя падазраваныя

​17 ліпеня стала вядома, што двум грамадзянам Расеі выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 299 КК Беларусі — «парушэньне правілаў абыходжаньня з выбуховымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека», што прадугледжвае ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама вядома, што ў справе зьявіліся яшчэ два падазраваныя. Хто яны, Сьледчы камітэт Беларусі не камэнтуе.

Сьледчыя просяць відавочцаў, якія здымалі здарэньне на відэа, зьвязацца зь імі і прадставіць матэрыялы відэаздымак.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG