Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хачу жыць...» Як чалавеку з інваліднасьцю выжыць у адным з найбяднейшых раёнаў Беларусі


Пандус каля райвыканкаму. Круты, з вузкімі для інваліднага вазка палазамі
Пандус каля райвыканкаму. Круты, з вузкімі для інваліднага вазка палазамі

49-гадовая жыхарка райцэнтру Слаўгарад Магілёўскай вобласьці Анжаліка Калатазішвілі наноў навучылася хадзіць і сутыкнулася з жыцьцём, поўным нягодаў і абмежаваньняў.

У 2013 годзе яна стала інвалідам першай групы. Тры гады з прычыны хваробаў мала рухалася — і ў яе атрафаваліся цягліцы. Працяглая рэабілітацыя дапамагла стаць на ногі, але без інваліднага вазка ўжо не абысьціся.

Анжаліка распавяла Свабодзе пра цяперашняе жыцьцё і параўнала яго з ранейшым.

«Мэдыкі паставілі на мне крыж, але я хаджу»

  • Нарадзілася ў Слаўгарадзе. 13 з 27 гадоў працоўнага стажу адрабіла ў мясьцінах, забруджаных радыяцыяй.
  • На працягу 2011–14 гадоў перанесла чатыры апэрацыі. Настойвае, што мэдыкі памыліліся ў дыягнаставаньні анкалягічнай хваробы і зрабілі зь яе інваліда. Дамагаецца кампэнсацыі за шкоду здароўю.

У 2017-м Анжаліка Калатазішвілі расказала Свабодзе, як стала інвалідам. Тады яна толькі пачынала ўставаць на ногі і не спадзявалася, што здолее наноў навучыцца хадзіць.

Цяпер самастойна выходзіць на вуліцу, але трымаецца за інвалідны вазок. Усьцягнуць яго на трэці паверх да свайго пакою ня можа, бо сама зь цяжкасьцю падымаецца па лесьвіцы. Жыве яна ў інтэрнаце на ўскрайку гораду, за тры кілямэтры ад цэнтру.

Стан свайго здароўя жанчына ацэньвае як «дужа крытычны». Па яе словах, суставы «амаль зьнішчыў астэахандроз, які прагрэсуе». Акрамя таго, у яе хранічная ныркавая недастатковасьць.

«На мне лекары паставілі крыж, але я стала на ногі. Год нарошчвала цягліцы. Пасьля масажу і адмысловых практыкаваньняў хадзіла на мыліцах. Было страшна, бо развучылася нават сядзець», — кажа Анжаліка Калатазішвілі.

«Мае́ праблемы з Чарнобылю...»

Слаўгарадзкі раён — адзін з пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. 20 тутэйшых вёсак адселеныя і пахаваныя. Анжаліка Калатазішвілі кажа, што больш за дзесяцігодзьдзе адпрацавала ў мясьцінах, забруджаных радыяцыяй.

Яна лічыць, што праблемы з шчытавіцай і разбурэньнем костак — наступствы гадоў, праведзеных у зоне адчужэньня. Зьвярталася ў Менск, каб яе прызналі пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але марна. Патлумачылі што ў яе ня выяўлена цяжкой анкалёгіі.

Чарнобыльскае пасьведчаньне ёсьць. Ільготаў няма
Чарнобыльскае пасьведчаньне ёсьць. Ільготаў няма

«Зразумела, што калі б прыраўнялі да чарнобыльцаў, мусілі б даць мне льготы, выплачваць вышэйшую пэнсію, а дзяржаве гэта ня выгадна», — кажа яна.

Анжаліка Калатазішвілі кажа, што афіцыйна лічыцца інвалідам-вазочнікам. На руках мае пасьведчаньне, што ёй выдадзены вазок. Яна павінна рэгулярна праходзіць мэдыка-рэабілітацыйную экспэртную камісію, каб пацьвердзіць інваліднасьць.

«Заробак быў 400 даляраў. Пэнсія — 150...»

Пэнсія па інваліднасьці ў Анжалікі Калатазішвілі — 318 рублёў. Траціна ідзе на квартплату. Блізу сотні рублёў забіраюць лекі. Кажа, што пайшла б працаваць, але ня возьмуць з прычыны стану здароўя.

«Мяне ратуе тое, што я на жорсткай дыеце і на ежы эканомлю капейчыну. А так пражыць па сёньняшніх цэнах мне было б дужа цяжка», — кажа яна.

Разьбіты ходнік не абмінуць
Разьбіты ходнік не абмінуць

Па яе словах, да выхаду ў 2013 годзе на інваліднасьць, працуючы загадчыцай нафтабазы, зарабляла пад 400 даляраў. Для сёньняшняга дня гэта «фантастычная сума», кажа яна. Паводле яе, многія з тых, каму пашанцавала знайсьці працу ў Слаўгарадзе, зарабляюць меней, чым яе пэнсія. Шмат хто выяжджае на заробкі ў Расею.

«Тут людзі не жывуць, а выжываюць. Дапамагае тое, што адзін аднаго знаюць і ў краме ці на рынку бяруць харчы ці тавары ў растэрміноўку на месяц ці два. Раблю гэтак і я», — кажа суразмоўніца, ідучы з вазком у цэнтар гораду.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у красавіку сярэдні заробак на Слаўгарадчыне быў 647 рублёў. Гэты раён у дзясятцы самых нізкааплатных у Беларусі.

«У Слаўгарадзе інвалідаў не пабачыце...»

Анжаліка Калатазішвілі на далёкія ад свайго дому вандроўкі выпраўляецца зрэдку, прадумаўшы маршрут. Жанчына кажа, што Слаўгарад не прыстасаваны для інваліда ў вазку. Пандусаў няма, або яны не прыдатныя для чалавека з асаблівасьцямі, на пераходах завысокія бардзюры, глыбокія выбоіны на ходніках — а каб іх абмінуць, трэба выходзіць на праезную частку.

«На слаўгарадзкіх вуліцах інвалідаў не пабачыце. Усе сядзяць па хатах. У крамы і ўстановы сацыяльнай інфраструктуры самастойна заехаць яны ня могуць. Мне прасьцей, бо магу зайсьці ў тую ж краму, пакінуўшы вазок звонку», — кажа яна.

Анжаліка Калатазішвілі прызнаецца, што ў сваім «здаровым» жыцьці баялася стаць інвалідам. Старалася дапамагаць такім людзям. Цяпер жа, будучы ў вазку, кажа, што ў Беларусі інвалід — гэта пакутнік, якога дзяржава ўспрымае як утрыманца.

Анжаліка Калатазішвілі
Анжаліка Калатазішвілі

У 2015 годзе ў Слаўгарад прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Па словах суразмоўніцы, гарадзкі цэнтар напярэдадні візыту ўпарадкавалі, а ўскраіны пакінулі як было. У 2018-м райцэнтар адведваў Міхаіл Мясьніковіч. Гэтасама адрамантавалі толькі дарогу, якой меўся ехаць ягоны картэж.

Свабода высьветліла, што ў Слаўгарадзкім раёне на ўліку 45 інвалідаў-вазочнікаў (43 інваліды першай групы, двое — другой). У мясцовым прадпрыемстве «Жылкамгас» кажуць: калі інваліды зьвяртаюцца наконт доступу да месцаў агульнага карыстаньня, сацыяльных ды культурных устаноў, дык гэтыя праблемы апэратыўна вырашаюцца. Паводле камунальнікаў, такіх нараканьняў няшмат.

Некаторыя з адрасоў, якія інваліду ў Слаўгарадзе лепей абмінаць

Анжаліка Калатазішвілі паказала карэспандэнту Свабоды, як дабіраецца ў людныя месцы райцэнтру. Зьвяртала ўвагу на разьбітыя ходнікі, высокія бардзюры і крутыя пандусы.

  • Да раённага Дому культуры Анжаліка Калатазішвілі са сваім вазком дабралася зь цяжкасьцю. Мусіла цягнуць яго па лесьвіцы.
  • Каля мясцовага аддзяленьня «Беларусбанку» пандус ёсьць, але трапіць у сам банк з вазком нельга, бо вузкія дзьверы.
  • Каля кінатэатру «Радзіма» пандусы ёсьць, але адзін зь іх быў перагароджаны машынаю. Суразмоўніца мусіла прыціскацца, каб трапіць на пляцоўку перад кінатэатрам.
  • Каб адпачыць у сквэры каля райвыканкаму, інвалід у вазку мусіць пераадолець круты, з вузкімі палазамі пандус. Чалавеку з абмежаваньнямі зь яго самастойна ня зьехаць.
Калі няма на вуліцы інвалідаў, дык навошта ім пандусы? Падʼезд для вазочнікаў перагарадзілі машынай
Калі няма на вуліцы інвалідаў, дык навошта ім пандусы? Падʼезд для вазочнікаў перагарадзілі машынай

«Дачакацца мужа...»

Раней, калі суразмоўніца выбіралася ў горад, яе суправаджаў муж Кахабер. Зь ім яна пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы, калі ёй было асабліва цяжка. Ён прыехаў з Грузіі. Пабраліся шлюбам у 2014 годзе.

У 2018-м Кахабера Калатазішвілі затрымалі па абвінавачаньні ў распаўсюдзе наркатычных рэчываў. Сёлета асудзілі на два гады.

Анжаліка зьвязвае ягоны арышт з сваімі намаганьнямі атрымаць ад мэдыкаў кампэнсацыю за шкоду здароўю. Год таму яна галадоўкай пад магілёўскай турмой № 4 дамаглася спатканьня з мужам. Цяпер непакоіцца, што яго могуць дэпартаваць зь Беларусі і яна застанецца адна.

«Я дужа хачу жыць і ўсё раблю дзеля гэтага, а яшчэ спадзяюся дачакацца мужа», — кажа ў канцы гутаркі Анжаліка Калатазішвілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG