Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тытунь-інвэст» паабяцаў вярнуць безбар'ернае асяродзьдзе пасьля пабудовы гіпэрмаркету ў Гомлі


Сьцежка для невідушчых у Гомлі
Сьцежка для невідушчых у Гомлі

Беларускае таварыства інвалідаў па зроку ўзгадніла з ТАА «Тытунь-інвэст» пытаньні безбар’ернага асяродзьдзя пры будаўніцтве новага гіпэрмаркету ў Гомлі.

Праз будаўніцтва ў Гомлі новага гіпэрмаркету «Карона» каля будынку прадпрыемства «Сьвятлатэхніка» сьляпыя могуць страціць свой клюб і «дарогу жыцьця» — сьцежку, абсталяваную з улікам патрэб інвалідаў па зроку, з парэнчамі і арыенцірамі.​

Што здарылася

  • Дом № 198 па Савецкай вуліцы ў Гомлі належыць прадпрыемству «Сьвятлатэхніка». На прадпрыемстве працуюць 279 чалавек, 62% — інваліды па зроку. Дом складаецца з 9-павярховага жылога будынку і 2-павярховай прыбудовы. У ёй — клюб, бібліятэка, аддзел рэабілітацыі.
  • Невідушчым цяжка адаптавацца ў гарадзкім асяродзьдзі. Жылы будынак «Сьвятлатэхнікі», клюб, за ім вытворчыя памяшканьні — асаблівая і асабістая прастора невідушчых.
  • Кіраўніцтва «Сьвятлатэхнікі» вырашыла прадаць частку будынку.
  • Пашырэньне вуліцы Савецкай у зьвязку з будаўніцтвам гандлёвага цэнтру не было ўзгоднена з таварыствам інвалідаў па зроку.
Будаўнічыя працы каля будынку «Сьвятлатэхнікі», травень 2019
Будаўнічыя працы каля будынку «Сьвятлатэхнікі», травень 2019

Улады запэўнілі, што ўсё будзе выпраўлена

Кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Аляксандар Балдуеў паведаміў Свабодзе, што да вырашэньня праблемнага пытаньня падключыліся мясцовыя ўлады.

«Усё, што пашкодзяць падчас будаўніцтва, будзе выпраўлена. Нас у гэтым запэўнілі», — сказаў Аляксандар Балдуеў.

Паводле Аляксандра Балдуева, сустрэча прадстаўнікоў таварыства і ТАА «Тытунь-інвэст» адбылася пасьля публікацый у СМІ.

«Мы раней прапаноўвалі ўпраўленьню архітэктуры гарвыканкаму ўзгадніць з намі безбар’ернае асяродзьдзе для інвалідаў па зроку. Але яны чамусьці не ўзгаднілі. Цяпер напісалі ліст намесьніку старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімеру Прывалаву, каб гэтае пытаньне ўзялі на кантроль і ўсё было выканана ў поўным аб’ёме», — сказаў Аляксандар Балдуеў.

Невідушчыя гамельчукі каля «Сьвятлатэхнікі»
Невідушчыя гамельчукі каля «Сьвятлатэхнікі»

Што кажуць у кампаніі «Тытунь-інвэст»

Свабода зьвярнулася з пытаньнем у ТАА «Тытунь-інвэст». У пісьмовым адказе кампаніі гаворыцца, што пры праектаваньні і будаўніцтве гандлёвага цэнтру на скрыжаваньні вуліц Савецкай — Яфрэмава ў Гомлі «ў абавязковым парадку» ўлічваліся патрабаваньні адносна ўладкаваньня бясьпечнага і безбар’ернага асяродзьдзя для фізычна аслабленых асобаў.

Што абяцаюць зрабіць для інвалідаў па зроку?

  • Зоны перамяшчэньня інвалідаў па зроку, у тым ліку пешаходная сувязь ад прыпынку грамадзкага транспарту да УП «Сьвятлатэхніка», будуць абсталяваныя сучаснымі тактыльнымі сродкамі інфармацыі (папераджальнай і накіроўвальнай тратуарнай пліткай).
  • У мэтах бясьпечнага руху інвалідаў па зроку аўтамабільны праезд ад жылой зоны, які раней перасякаў пешаходную дарогу, перанесены за прыпынак грамадзкага транспарту.
  • Пешаходная сувязь ад прыпынку грамадзкага транспарту да прадпрыемства «Сьвятлатэхніка» будзе захаваная зь невялікім зрушэньнем у сувязі зь пераносам па патрабаваньні ДАІ прыпынку грамадзкага транспарту па вуліцы Савецкай ад вуліцы Тралейбуснай у напрамку цэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG