Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мультываркай кірую праз айфон» Як у Менску жыве хлапец з асаблівасьцямі зроку


Ян Ганчароў
Ян Ганчароў

Вы ведалі, што непафарбаваныя лесьвіцы, шкляныя дзьверы і дакучлівая музыка — праблема для людзей з асаблівасьцямі зроку? Ян Ганчароў распавёў нам, чаму яму не пасуюць кавярні з гучнай музыкай і як дапамагаюць сучасныя тэхналёгіі.

Сустракаемся зь Янам каля мэтро «Каменная Горка». І хоць я прыяжджаю на дзесяць хвілін раней, Ян ужо стаіць каля выхаду і няўпэўнена глядзіць уперад.

«Гучная музыка можа дэзарыентаваць»

Ян страціў зрок у тры гады. Цяпер ён часткова бачыць адным вокам. Мы рушым у бок гандлёвага цэнтру. Узяўшы Яна пад руку, я папярэджваю яго пра людзей, якія ідуць нам наперарэз, пра дзяцей, якія кідаюцца пад ногі, пра спускі ды лесьвіцы без адмысловых пазнак. Менавіта жоўтыя лініі на прыступках дапамагаюць арыентавацца людзям з праблемамі зроку. Лесьвіцы, кажа Ян, — асобная тэма:

«Адна справа — лесьвіца ў мэтро ці ў афіцыйных установах, але зноў жа, не ўва ўсіх. Іншая справа — лесьвіца ў старым горадзе або дзесьці на вуліцы, там могуць увогуле не фарбаваць. Калі фарбуюць, я нешта не заўважаў».

Яна асабліва радуюць лініі з рэльефам, якія фізычна адчуваюцца пад абуткам, хоць такіх месцаў пакуль няшмат:

«На скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна ёсьць падземны пераход, і ад яго ідзе рэльефная лінія нават да прыпынку грамадзкага транспарту», — згадвае ён.

Прыселі ў кавярні. Гучна працуе кава-машына, пакупнікі ленавата пераходзяць з крамы ў краму. Каб проста папіць кавы, чалавеку з асаблівасьцямі зроку часта трэба прайсьці сапраўдны квэст. Напрыклад, яму нязручна ў малых і цесных памяшканьнях — адлегласьць паміж столікамі павінна быць досыць вялікая.

Аказваецца, дыскамфорт стварае і гучная музыка.

«Мы больш арыентуемся на слых, гучная ці дакучлівая музыка можа зьбіваць і нават парушаць арыентаваньне ў прасторы», — тлумачыць Ян.

Па Менску ходзіць з бацькамі ці сябрамі

Некалькі гадоў таму Ян скончыў БДУКМ па спэцыяльнасьці аранжыроўшчык кампутарнай музыкі, але цяпер не працуе.

«Музыкай зараз цяжка зарабляць. Ёсьць варыянт — вучыцца ў іншай краіне і там жа працаваць. Ну, альбо стаць у пераходзе з музычным інструмэнтам».

Каля «Музыкі», адной зь любімых крамаў Яна, нядаўна ўсталявалі паўсфэры, каб машыны не заяжджалі на тратуар. Праходзячы каля крамы, хлопец іх не заўважыў, бо паўсфэры былі колеру асфальту. Спатыкнуўся, упаў. На шчасьце, быў у тоўстай куртцы, але настрой такое здарэньне сапсавала.

Купіць сабе штосьці самастойна — няпростая задача. Ян кажа, што ў Менску пакуль няма зручнага гандлёвага цэнтру, хоць у «Скале» і «Прасторы» ён пачуваецца даволі камфортна. Цэнтрам не хапае кірункаў, а шкляныя дзьверы робяць дыскамфорт ня толькі людзям з праблемамі зроку. Ян кажа, што самы зручны цэнтар, у якім яму даводзілася бываць, — гэта віленская Ikea:

«У Ikea ў Вільні кірункі ёсьць, сьмешна зробленыя, як разьметка на праезнай частцы, а ў дзіцячай сэкцыі — нават пераход».

У незнаёмыя месцы Ян ходзіць альбо зь сябрамі, альбо з бацькамі. Усё таму, кажа, што ў Менску шмат месцаў, дзе цяжка арыентавацца:

«Можа, цікава і прыемна самому дасьледаваць новае, але ня хочацца быць траўмаваным. Былі такія сытуацыі ў Нацыянальнай Бібліятэцы. Я калісьці прыйшоў туды ў сонечны дзень і каля пяці хвілін асьцярожна хадзіў, глядзеў, каб зарыентавацца, бо паверхні моцна блікавалі. У нас жа любяць усё зрабіць з мармуру ці шкла. Мне ўдалося знайсьці супрацоўніцу, якая дапамагала, і калі я сказаў ёй, што мне некамфортна, яна прызналася, што ёй самой нязручна».

«Навучыў прыладу на айфоне вымаўляць беларускае „ў“»

Нядаўна ў Яна зьявілася мультыварка, якой ён кіруе праз прыладу для тэлефона.

«Я карыстаюся Apple не таму, што я за іх прадукты, а таму, што адна з канцэпцый кампаніі палягае ў тым, што ўсе могуць карыстацца гэтай тэхнікай незалежна ад сваіх асаблівасьцяў. Усталёўваць дадаткова нічога ня трэба», — тлумачыць ён.

Тэлефонны дыктар ненатуральна хутка агучвае тое, што адлюстроўваецца на экране. Усе парамэтры дыктара — жаночы ці мужчынскі голас, хуткасьць — наладжваюцца. Ян карыстаецца тэлефонам з дапамогай спэцыяльных жэстаў, усталяваных кампаніяй.

«Ну вось, заходзім у браўзэр. Я не люблю друкаваць і магу надыктаваць штосьці. Беларускую мову, на жаль, не распазнае, але я навучыў яго вымаўляць беларускае „ў“, што ўжо нядрэнна», — кажа ён.

Лёгкімі рухамі пальцаў Ян, шырока ўсьміхаючыся, зьмяняе мову:

«Ведаеце, калісьці круцілі транзыстары, дык і я так зараз. Я магу зрабіць жэстамі так, каб дыктар чытаў толькі абзац, напрыклад, альбо ўвесь тэкст. Калі артыкул вялікі, я адключаю асноўны сынтэзатар, раблю жэст і магу слухаць праз заблякаваны тэлефон. Але гэтыя жэсты адказваюць за іншыя рэчы і адрозьніваюцца ад тых, якія прынятыя ў звычайных людзей», — папярэджвае хлапец.

Ян кажа: далёка ня ўсе сайты адаптаваныя для тэлефонаў. Калі ў сайта ёсьць прылада, ён абярэ менавіта яе, бо інтэрфэйс прылады нашмат прасьцейшы.

«Калі вы заходзіце на сайт, да прыкладу, радыё, то бачыце кнопку „Слухаць“. Адна справа, калі вы робіце гэта з кампутара, іншая — з тэлефона з дысплэем 4,5 цалі. Каб гэтую кнопку націснуць, трэба быць снайпэрам. Бывае так, што дробныя элемэнты знаходзяцца побач, тады зусім цяжка», — кажа ён.

«Людзі няшмат думаюць пра камфорт іншых»

Ідзем у краму, каб купіць вады на трэніроўку — Ян займаецца ў інклюзіўным фітнэс-цэнтры. Каб купіць штосьці ў краме, Яну патрэбны тэлефон. Знайшоўшы стэляж з бутэлькамі з вадой, Ян бярэ бутэльку і скануе штрых-код.

Пасьля таго як тэлефон распазнае штрых-код, у браўзэры аўтаматычна зьяўляецца запыт, які адлюстроўвае характарыстыкі тавару. Дыктар кажа: негазаваная. Якраз тое, што трэба.

Цяпер нам трэба знайсьці шлях да касы, не зачапіўшы стэляжы і тавары. Такое заданьне часам цяжкаватае нават для людзей з добрым зрокам. Але нам гэта ўдаецца, і, расплаціўшыся за ваду, мы ідзем да прыпынку.

Па дарозе да аўтобуса даводзіцца рэзка спыніцца: жанчына, гледзячы некуды ўбок, ішла наўпрост на нас. Пешаходы, якія глядзяць у тэлефон і ня бачаць, куды ідуць, таксама ня рэдкасьць.

«Людзі няшмат думаюць пра камфорт іншых. Я часта ў нас сустракаюся з такой праблемай. Гэта ж элемэнтарныя рэчы. Дастаткова рабіць так, каб іншым людзям не было дыскамфортна», — камэнтуе гэты выпадак Ян.

У мэтро хлопец як рыба ў вадзе, а вось наземны транспарт яму ня надта падабаецца, бо каб сесьці ў яго, спачатку трэба даведацца нумар:

«Звычайна я пытаю кагосьці ці проста саджуся і гляджу, куды ён ідзе. За мяжой я сустрэў простае рашэньне праблемы. У Патсдаме прыбывае трамвай, а дынамік, які паведамляе пра прыпынак, нахілены ў бок да дзьвярэй. Паведамленьні выдатна чуюць людзі ў салёне і на прыпынку і, наколькі я помню, іх агучваюць два разы, калі дзьверы зачыняюцца і недалёка ад прыпынку. Часам у нас у кіроўцы зьбіваецца інфарматар і можа на адзін прыпынак не пападаць. Гэта таксама праблематычна», — так апісвае Ян свае стасункі з грамадзкім транспартам.

«Калі ў чалавека фізіялягічныя асаблівасьці, значыць, ён вам не падабаецца?»

Забраўшы дома спартыўнае адзеньне для трэніроўкі, Ян накіроўваецца да цэнтру «ЭКАфітнэс». У ім кругавымі трэніроўкамі па індывідуальных праграмах займаюцца разам з усімі наведнікамі і людзі з інваліднасьцю. Там няма асобных групаў: усе трэніруюцца разам пад кіраўніцтвам трэнэра ў зручны для наведнікаў час.

У Беларусі інклюзіўных фітнэс-цэнтраў няшмат. Нягледзячы на тое, што ў краіне 569 тысяч людзей з інваліднасьцю, яны не заўсёды могуць падтрымліваць фізычную форму і займацца спортам па мэдычных паказаньнях.

Ян тлумачыць непрыстасаванасьць гораду для людзей з асаблівасьцямі так:

«Гэтая праблема, мне падаецца, паходзіць зь яшчэ савецкіх часоў, калі былі некаторыя ідэалы: мужчыны і жанчыны павінны быць здаровымі, разумнымі, усё ўмець. А як быць людзям з асаблівасьцямі? Мяне пужае момант, калі кажуць: „Ты слаба бачыш, але гэта зьнешне не відаць, гэта добра“. Мне хочацца задаць пытаньне: калі ў чалавека фізіялягічныя асаблівасьці, няма рукі, напрыклад, значыць, ён вам не падабаецца? Значыць, ён павінен зьнікнуць?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG