Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына загінула, 10 чалавек параненыя падчас салюту ў Менску. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Міліцыя на месцы здарэньня з салютам у Менску, 3 ліпеня 2019
Міліцыя на месцы здарэньня з салютам у Менску, 3 ліпеня 2019

Падчас салюту на афіцыйны Дзень незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбылося надзвычайнае здарэньне. Паводле відавочцаў, некалькі снарадаў разарваліся занадта нізка. Ад раненьня аскепкамі загінула сталая жанчына. Яшчэ прынамсі восем чалавекі пацярпелі. Павыбівала шкло ў будынках у розных частках гораду. Акрамя таго, пасьля параду танк «ледзь не ўляцеў у пешаходаў».

Пра трагічнае здарэньне падчас запуску фаервэркаў спачатку паведамілі ў сацсетках гледачы сьвяткаваньняў. У цэнтры гораду чулі прынамсі два надзвычай гучныя выбухі, бачылі дым над зямлёй. Пасьля інфармацыю пацьвердзілі афіцыйныя ведамствы.

На раніцу міністар здароўя агучыў колькасьць пацярпелых: адна загінулая, пяцёра былі шпіталізаваныя, яшчэ тры зьвярнуліся да мэдыкаў зь лёгкімі раненьнямі, у стацыянары застаюцца два. Сьледчы камітэт затым паведаміў пра прынамсі 10 пацярпелых ад аскепкаў.

​Каротка пра здарэньне

  • ​Салют пасьля параду распачаўся ў 22:20. Запук фаервэрку адбываўся з 6 пляцовак: парк Перамогі (за стэлай «Менск — горад-герой»), паблізу вёскі Зацань, паблізу вёскі Навінкі, на тэрыторыі старога аэрапорту Менск-1, ля Чыжоўскіх могілак, у вайсковым гарадку Ўручча.
  • У 22:27 у сацсетках зьявілася першае паведамленьне, што запускі салюту адбыліся падазрона нізка, што справакавала вельмі моцны шум. Але нібыта «нічога ня здарылася».
  • Пазьней фатограф Дзьмітры Малаковіч апублікаваў фота запуску салюту на пляцоўцы ў Чыжоўцы (датавана 22.24), дзе «нешта пайшло трошкі ня так».

  • У 22.48 тэлеграм-канал блогера Nexta паведаміў, што адна з салютных ракетаў паляцела «не туды, куды трэба» і аскепак ад яе трапіў у жанчыну.
  • Параненая назірала за салютам на набярэжнай ракі Сьвіслач побач са спарткомплексам «Дынама» на вуліцы Даўмана.
Прыблізнае месца сьмяротнага раненьня жанчыны падчас салюту 3 ліпеня ў Менску на мапе Google
Прыблізнае месца сьмяротнага раненьня жанчыны падчас салюту 3 ліпеня ў Менску на мапе Google
  • У будынку спартовага комплексу, як і ў жылых дамах на прылеглай вуліцы Чарвякова, пасьля запуску салюту выбіла шыбы. Набярэжная Сьвіслачы была ўсеяная плястыкавымі і кардоннымі аскепкамі.
  • 23.53 На месца здарэньня прыбыў карэспандэнт Свабоды. Там ужо працавалі сьледчыя. Але сьвяточны канцэрт ля стэлы «Менск — горад герой» усё яшчэ працягваўся.
  • Парк Перамогі, дзе месьцілася адна з пляцовак запуску салюту, ачэплены АМАПам, там працуюць сьледчыя.
  • 0.54 Першае афіцыйнае пацьверджаньне здарэньня — Сьледчы камітэт паведаміў пра сьмерць жанчыны. Праз 2 хвіліны ўжо пра 4 пацярпелых паведамляе Мінабароны.
  • Толькі пасьля афіцыйнага пацьверджаньня пра інцыдэнт вельмі суха паведамляюць дзяржаўныя СМІ.

Хто пацярпеў

  • Паводле Сьледчага камітэту, адна пацярпелая загінула, яшчэ некалькі чалавек пацярпелі, але шпіталізацыя ім не спатрэбілася.
  • Міністэрства абароны піша пра чатырох пацярпелых. Жанчына 1955 году нараджэньня «памерла, нягледзячы на своечасова аказаную дапамогу», піша СК. Цяпер «вырашаецца пытаньне аб пачатку крымінальнай справы».

Мінабароны заяўляе, што «набоі гэтай партыі раней ужываліся для салютаў».

Асьцярожна, на відэа ненарматыўная лексыка

МНС і міліцыя не камэнтуюць

Атрымаць апэратыўны камэнтар ад Міністэрства надзвычайных сытуацый і Міністэрства ўнутраных справаў не ўдалося.

У прыёмнай Гарадзкой клінічнай лякарні хуткай дапамогі Менску Свабодзе паведамілі, што інфармацыю аб пацярпелых падчас сьвяточнага салюту можна будзе атрымаць удзень 4 ліпеня пасьля рашэньня адміністрацыі ўстановы. Пакуль там не пацьвярджаюць і не абвяргаюць паступленьне пацярпелых.

Апоўначы парк Перамогі перакрылі, ачапілі тэрыторыю ля Палаца спорту. Як піша Telegram-канал Nexta, на месца здарэньня прыбыў міністар унутраных справаў Юры Караеў.

Што кажуць відавочцы

Пра здарэньне Свабодзе расказаў відавочца.

«Ірвануў салют. І аскепкі паляцелі ў розныя бакі. Жанчыне горла перарэзала, артэрыю, крывішчы — жах, — расказвае ён. — Я бачыў, як яе ў хуткую несьлі. Пажылая жанчына. Напэўна, бабуля. Дзіця таксама зачапіла па руцэ. Малое дзіця, гадоў пяць. Хуткая прыехала імгненна».

«Дачка жанчыны, у якую трапіў аскепак, узяла яго ў рукі і крычала „Гэта ён, гэта ён!“», — распавядае відавочца.
«Дачка жанчыны, у якую трапіў аскепак, узяла яго ў рукі і крычала „Гэта ён, гэта ён!“», — распавядае відавочца.

Яшчэ некалькі чалавек, кажа ён, таксама зьвезьлі на хуткай. Паводле розных сьведак, 3-4 выбухі праляцелі нізка над зямлёй, ляцелі нейкія аскепкі.

«Быў незразумелы выбух, — расказала Свабодзе яшчэ адна відавочца. — Мы з мужам сказалі, што не нешта ня так у вайскоўцаў. А за сьпінай закрычала жанчына, і побач зь ёю жанчына ў крыві ўпала. Хутчэй за ўсё, яе маці. Хуткай не было хвілін сем. З вады падняўся ратавальнік, заціснуў горла жанчыне, было шмат крыві».

Паводле сьведкі, гэта адбылося каля моста празь Сьвіслач, які недалёка ад будынка спарткомплексу «Дынама» на вуліцы Даўмана.

Узьбярэжжа Сьвіслачы ўсеянае аскепкамі
Узьбярэжжа Сьвіслачы ўсеянае аскепкамі
Разьбітыя шыбы ў спарткомплексе «Дынама» на вуліцы Даўмана ў Менску, побач зь якім загінула жанчына
Разьбітыя шыбы ў спарткомплексе «Дынама» на вуліцы Даўмана ў Менску, побач зь якім загінула жанчына

Як сьцьвярджае Telegram-канал Nexta, адзін з залпаў салюту падарваўся надта нізка ў раёне будынку спарткомплексу «Дынама», аскепак нібыта трапіў у галаву жанчыне, яшчэ адзін зарад нібы выбухнуў над пускавой устаноўкай у Чыжоўцы, бітае шкло нібыта сфатаграфавалі ў раёне стэлы «Менск — горад-герой», у спарткомплексе «Дынама» і будынках ля пачатку вуліцы Веры Харужай.

Асьцярожна, на відэа ненарматыўная лексыка

Зноў дрыфтаваў танк

Паводле зьвестак Tut.by, пасьля параду адзін з танкаў «ледзьве не ўляцеў у пешаходаў на тратуары». Пра пацярпелых не паведамляецца. Падобнае здарэньне — «дрыфт» танку — было на рэпэтыцыі параду 25 чэрвеня 2017 году, тады таксама не паведамлялася пра пацярпелых.

На здымках відавочцы, якія публікуе канал Nexta, бачна, што перад танкамі праяжджалі адмысловыя машыны, якія палівалі дарогу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG