Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гасьцініца ў Менску, інтэрнат на Данбасе, забойствы ў Гайнаўцы — летнія чытанкі 2019


Праверце сваю валізку. Магчыма, вы забыліся ўзяць у адпачынак нешта самае важнае.

Кніга — вось што самае важнае на летніх вакацыях.

Начытаныя і абазнаныя ў літаратуры людзі дзеляцца сваімі думкамі пра кнігі, якія яны рэкамэндуюць абавязкова прыхапіць з сабой, выпраўляючыся ў адпачынак. Выдаўцы са свайго боку таксама маюць што падказаць і параіць.

Міхаіл Сяргеенка, літаратурны блогер:

1. Дона Тарт, «Шчыгол».

Раман, які яшчэ ў 2014 годзе быў узнагароджаны Пулітцэраўскай прэміяй і адразу здабыў поўню чытацкай увагі. Гісторыя сталеньня юнака, пераплеценая з асабістай трагедыяй, пошукамі свайго месца ў жыцьці і таямнічым узьдзеяньнем мастацтва на рэчаіснасьць, нагадвае новы, пераасэнсаваны жанр «раману-выхаваньня».

Пачуцьцёвая, але з вытрыманай далікатнасьцю, проза Тарт захоплівае і робіць чытача сьведкам перакрыжаванасьці і шматслойнасьці «аднаго жыцьця». У верасьні сёлета плянуецца прэм’ера доўгачаканай галівудзкай экранізацыі, таму, калі з кнігай вы яшчэ незнаёмыя, то лета — гэта вельмі зручны час, каб падрыхтавацца да актуальных культурніцкіх падзеяў, ды і ўвогуле атрымаць асалоду ад шыкоўнага тэксту і стылю Тарт.

2. Ганна Севярынец, «Гасьцініца „Бэльгія“».

«Гасьцініца „Бэльгія“» — гэта даволі ўмелы балянс паміж бэлетрызаванай біяграфістыкай і дакумэнтальным раманам. Расповед пра Менск 20-х гадоў і беларускія літаратурныя плыні і суполкі таго часу, у асобе іх самых яскравых прадстаўнікоў, звонку могуць падацца абывацелю, далёкаму ад тэмы, ня самым рэлевантным сюжэтам, але гэта памылковае адчуваньне.

Гэта кніга, перш за ўсё, пра людзей, сяброўства, каханьне, мары і непахісную веру ў каштоўнасьць аўтэнтычнай культуры. Магчымасьць пабачыць не забранзавелыя, зацэмэнтаваныя ў сваіх тэкстах помнікі, а чалавека зь яго слабасьцямі, прыхільнасьцямі, разнавэктарнымі думкамі, адвагай і адчаем, вернасьцю і здрадай, надзеямі і расчараваньнямі — каштуе вельмі шмат, асабліва сёньня, калі мы спрабуем рэфлексаваць над усім тым, што здарылася з намі ў першай палове ХХ стагодзьдзя.

3. Кадзуа Ісігура, «Не адпускай мяне».

Гісторыя зачыненай школы-пансіянату Хэйлшэм у Англіі, дзе дзяцей рыхтуюць для пэўнай «місіі», паступова, паўкрокамі пераўтвараецца ў раман-прытчу, балючы антыўтапічны расповед пра каханьне і сяброўства. Ісігура, з раману ў раман, трансьлюе адзін устойлівы мэсыдж — крохкаму і ілюзорнаму чалавечаму быцьцю часам няма за што ўхапіцца, акрамя памяці. Памяць, якая ацаляе і прыціскае цябе да зямлі адначасова. Кніга пакуль апошняга Нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры ня так даўно была перакладзена на беларускую мову.

4. Сяргей Жадан, «Інтэрнат».

Узброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. Данбас. Малады настаўнік украінскай мовы вырашае перавезьці свайго пляменьніка празь лінію фронту. Мяжа праходзіць у горадзе, дзе ўсё цяжэй зразумець — хто свой, а хто чужы. Задушлівая і памежная атмасфэра вайны, калі больш не працуюць ніякія лёзунгі і натхнёныя воклічы, майстэрскі выкарыстоўваецца Жаданам, каб прадэманстраваць, што там, дзе ідэя пачынае панаваць над чалавекам, у выніку застаюцца выключна боль, смутак і разбурэньне. Гэта тэкст-папярэджаньне ўсім нам, якія з такім імпэтам умацоўваемся на сваіх барыкадах. Адзінае магчымае выйсьце і ўратаваньне — пошук агульнай «чалавечай» мовы і кропак судакрананьня.

5. Ільля Сін, «Libido».

Пераказваць сюжэт «Libido» прыкладна гэтак жа бессэнсоўна, як выкладаць сваімі словамі вершы. Архітэктура тэксту і яго ўнутраныя мэханізмы пабудаваны такім чынам, што калі нават адсекчы кавалачак, магія ўсё роўна нікуды ня зьнікне. Аповесьць Сіна — гэта канцэптуальная, яскравая, вельмі рэдкая зьява для беларускай прозы, безумоўна, вартая ўвагі. Праз увесь мэтафізычны разгул праглядаюцца асноўныя маркеры: пошук асабістага апірышча, асэнсаванасьці і ўнутранага вызваленьня. У час, калі больш не працуюць знаёмыя ўнівэрсаліі, чалавек прагне прытулку. А ці будзе ён па сэрцы, гэты прытулак?

Выдавецтва Андрэя Янушкевіча:

1. Катажына Бонда, «Акулярнік». З польскай пераклаў Анатоль Брусевіч.

«Няма цела — няма злачынства» — пад такім падзагалоўкам выходзіць гэты польскі дэтэктыў. Сюжэт «Акулярніка» зьвязаны зь гісторыяй беларусаў Беласточчыны. Прафайлерка (адмыслоўца па выяўленьні хлусьлівых людзей на падставе іх мімікі) Саша Залуска прыяжджае ў роднае мястэчка Гайнаўка, каб уладкаваць асабістыя справы.

На вясельлі мясцовага заможнага бізнэсмэна яна становіцца сьведкай дзіўных здарэньняў. Ніхто і не заўважыў, як нявеста зьнікла бяз сьледу. У навакольных лясах неўзабаве пачынаюць знаходзіць чалавечыя парэшткі. Паўсюль, дзе гэта адбываецца, відавочцы заўважаюць «акулярніка» — у Польшчы так называюць «мэрсэдэс» з круглымі фарамі.

Саша не па сваёй волі робіцца ўцягнутай у змрочную гісторыю і вымушаная пачаць уласнае расьсьледаваньне, каб адвесьці ад сябе падазрэньні. Пачынаюць раскрывацца жахлівыя сакрэты мясцовых жыхароў, якія бяруць свае вытокі ў змрочных падзеях 1946 году, калі польскія партызаны на чале з Рамуальдам Райсам-«Бурым» забілі некалькі дзясяткаў беларускіх сялян праваслаўнага веравызнаньня.

Крывавыя здарэньні, зь якімі сутыкаецца галоўная гераіня рамана, даюць хутка зразумець, што польска-беларускія антаганізмы нікуды ня зьніклі, а толькі былі прыхаваныя за сьцяной маўчаньня і недаверу.

Катажына Бонда
Катажына Бонда

Катажына Бонда — самая папулярная польская пісьменьніца, якая працуе ў дэтэктыўным жанры. Нарадзілася ў 1977 годзе ў Беластоку, у сям’і беларускага паходжаньня. Па адукацыі — журналістка і сцэнарыстка. Усе яе раманы атрымалі статус бэстсэлераў. Аўтар крымінальнай трылёгіі пра сьледчага Губэртамэера: «Справа Ніны Франк», «Толькі мёртвыя не ілгуць», «Флярыстка».

Велізарную папулярнасьць і прэстыжныя ўзнагароды прынесла аўтарцы сэрыя кніг пра прафайлерку Сашу Залуску — «Паглынальнік», «Акулярнік», «Ліхтары», «Чырвоны Павук».

У Польшчы прададзена больш за 2 мільёны экзэмпляраў кніг Катажыны Бонды. Правы на яе раманы прададзеныя ў 13 краін, у прыватнасьці, іх закупілі такія сусьветна вядомыя выдавецтвы як Hodder & Stoughton і Penguin Random House.

2. Эрвін Мозэр, «Неверагодныя гісторыі на дабранач». Зь нямецкай пераклаў Сяргей Матырка.

Пад вокладкай гэтай кнігі сабрана 88 гісторый на дабранач з ашаламляльнага сьвету Эрвіна Мозэра. Каты і мышы, тыгры і кенгуру, а таксама многія іншыя вялікія і маленькія героі перажываюць прыгоду за прыгодай, знаходзяць сапраўдных сяброў, канструююць неймаверныя машыны і дзівосныя апараты, пераходзяць пустыні, пераплываюць моры-акіяны і нават ляцяць у космас.

Акрабаты цырку паказваюць цуды эквілібрыстыкі, мышка Ліманэла ўтаймоўвае леапарда, а адважны парсючок пераканае ўсіх у сваёй мужнасьці. Вясёлыя і захапляльныя гісторыі, дзівосныя і цікавыя малюнкі — каб чытаць, слухаць і фантазіяваць. У кнізе — больш за 100 каляровых ілюстрацый, якія зрабіў сам аўтар.

Эрвін Мозэр напісаў шмат маляўнічых кніг для дзяцей. Яго кнігі намінаваліся на нямецкую прэмію за кнігі для дзяцей і падлеткаў, пісьменьнік адзначаны японскай прэміяй «Сава» і літаратурнай прэміяй «Пацукалоў» гораду Гамэльн. Сёньня гісторыі Эрвіна Мозэра ўвайшлі ў канон сусьветнай дзіцячай літаратуры.

3. Анджэй Гарліцкі, «Юзаф Пілсудзкі: 1867–1935». З польскай пераклаў Яўген Саляйчук.

Фундамэнтальная кніга вядомага дасьледчыка гісторыі ХХ ст., прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэту Анджэя Гарліцкага прысьвечана асобе Юзафа Пілсудзкага — чалавека, якому было наканавана зьмяніць лёс Польшчы і польскага народу.

Аўтар крытычна паставіўся да героя сваёй кнігі і на падставе вялікага шэрагу гістарычных крыніц і дакумэнтаў стварыў падрабязную, разнаплянавую карціну яго жыцьця. Адметнасьць гэтага дасьледаваньня ў тым, што яно мае крытычны, а не апалягетычны характар. Паўстае вобраз рэальнага, жывога чалавека — з пралікамі і памылкамі.

Першую вэрсію гэтай кніга Гарліцкі падрыхтаваў яшчэ ў 1972 годзе. І фрагмэнты апублікаваў у парыскім часопісе Ежы Гедройця «Культура». Пасьля гэтага польскаму выдавецтву зьверху параілі не выдаваць кнігу. Шэсьць гадоў цягнулася эпапэя: да кнігі так ніхто і не выстаўляў заўваг, але і не даваў дарогі.

У выніку аўтару параілі зьмяніць назву і дапісаць біяграфію Пілсудзкага так, каб яна пачыналася не зь яго нараджэньня, а з разьдзелу пра сытуацыю пад расейскай акупацыяй пасьля паўстаньня 1863—1864 гг. У выніку кніга выйшла. Толькі заканчвалася яна 1922 годам. Затым прафэсар выдаў яшчэ дзьве кнігі пра Пілсудзкага, прысьвечаныя далейшым пэрыядам жыцьця кіраўніка Польшчы. Дадзенае біяграфія складаецца са зьведзеных у адну кнігу трох папярэдніх яго дасьледаваньняў, дапоўненых у наш час.

Анджэй Гарліцкі (1935–2013) — гісторык і публіцыст, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта. Аўтар шматлікіх кніг па найноўшай гісторыі Польшчы. Нястомны папулярызатар гісторыі — працяглы час супрацоўнічаў з такімі прэстыжнымі часопісамі як «Культура» і «Палітыка».

Яго біяграфія Юзафа Пілсудзкага была першай у пасьляваеннай Польшчы. З вялікім посьпехам шматразова перавыдавалася ў Польшчы, апошняе выданьне пабачыла сьвет у 2017 годзе. Здабыла славу як найбольш фундамэнтальнае і крытычнае дасьледаваньне палітычнага шляху Юзафа Пілсудзкага. У кнізе — больш за паўсотні архіўных фотаздымкаў.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG