Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ здала ў архіў справу зьбітага машынай абаронцы Курапатаў, які ляжаў у гіпсе


Дзяніс Урбановіч, архіўнае фота

Абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч рыхтуе скаргу ў пракуратуру і заяву ў суд на ДАІ Менскай вобласьці.

Актывіст ня згодны з тым, што ДАІ спыніла справу супраць кіроўца, які зьбіў яго на аўтамабілі каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах.

Інцыдэнт адбыўся ў лютым 2019 году. Дзяніс Урбановіч удзельнічаў у пікетаваньні рэстарацыі, калі туды на сваім аўта прыехаў музыка Анатоль Лабанок.

Паводле Лабанка, ён паспрабаваў абʼехаць пікет, але Дзяніс Урбановіч кінуўся пад колы. Актывіст з гэтым ня згодны і кажа, што Лабанок сьвядома паехаў на людзей, ды яшчэ і «паддаў газу».

Ад падзеньня пасьля наезду аўтамабіля ў Дзяніса Ўрбановіча пашкодзіліся плячо і шыя, лекары наклалі яму гіпс. Першыя дні актывіст правёў загіпсаваны ў ложку, а ўсяго насіў гіпс 12 дзён. Адразу пасьля ДТЗ супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол на кіроўцу Анатоля Лабанка, была заведзена адміністрацыйная справа.

Больш як празь месяц пасьля ДТЗ Дзяніс Урбановіч азнаёміўся са справай і не пабачыў там мэдыцынскіх даведак аб сваіх цялесных пашкоджаньнях. Актывіст настаяў на правядзеньні мэдыцынскай экспэртызы. Яго накіравалі ў Бараўлянскі аддзел Камітэту судовых экспэртыз, які і раней праводзіў экспэртызы пасьля здарэньняў каля рэстарацыі побач з Курапатамі. Аднак пра вынікі Ўрбановічу дагэтуль не паведамілі і нарэшце ў пачатку чэрвеня выклікалі ў Менскае абласное ДАІ для азнаямленьня са справай.

«Мяне выклікалі ў абласное ДАІ. Спачатку сустрэўся з супрацоўнікам Дзьмітрыем Юкацем, які займаўся маёй справай. Той зьдзівіўся, чаго я прыйшоў. Тады я напісаў заяву на азнаямленьне са справай. Доўга хадзілі з маёй заявай, дайшлі да намесьніка начальніка абласнога ДАІ Родчанкава. Той яшчэ гадзіну разьбіраўся, кудысьці тэлефанаваў, як раптам сказаў, што, паколькі ў мяне няма цялесных пашкоджаньняў, справу яшчэ месяц таму спынілі і адправілі ў архіў. І дадаў, што мне па пошце нібыта высылалі паведамленьне, хоць я нічога не атрымліваў».

Урбановіч напісаў новую заяву, каб вярнулі справу з архіва і каб ён мог азнаёміцца з вынікамі экспэртызы.

«Як гэта няма пашкоджаньняў? Амаль два тыдні быў у гіпсе, спачатку ўвогуле рухацца ня мог — і няма пашкоджаньняў? Буду далей разьбірацца і скардзіцца», — сказаў Свабодзе Дзяніс Урбановіч.

Паводле ягоных зьвестак, супрацоўнікі ДАІ так і не прыклалі да справы даведак пра траўмы, атрыманыя ў шпіталі.

Атрымаць камэнтар ДАІ да справы аб наезьдзе на Дзяніса Ўрбановіча ў ДАІ пакуль не ўдалося.

Гэта ня першы выпадак, калі пацярпелыя ад наездаў аўтамабіляў абаронцы Курапатаў скардзіліся на ДАІ і на экспэртаў з Бараўлянскага аддзелу экспэртыз. Пра падобныя прэтэнзіі ўжо заяўлялі Леанід Кулакоў і Зьміцер Казакевіч.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG