Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прымаюцца рашэньні ў Швэцыі. Правяраем словы Пракапені


Выступаючы ў «Інтэлектуальным клюбе» Сьвятланы Алексіевіч, найбуйнейшы ў Беларусі IT-бізнэсовец Віктар Пракапеня параўнаў беларускую сыстэму прыманьня рашэньняў у вярхах са швэдзкай дэмакратыяй. Свабода зацікавілася, ці сапраўды ў Швэцыі рашэньні прымаюцца гэтаксама, як і ў беларускіх вярхах.

Пра гэта Віктар Пракапеня сказаў, адказваючы на пытаньне пра прыняцьце дэкрэту аб лічбавай эканоміцы.

«Адна зь цікавых высноваў, якую я зрабіў, — у нас людзі вельмі цьмяна ўяўляюць, як пабудаваная сыстэма ўлады. У Беларусі, калі прыбраць самы верх, на другім узроўні — швэдзкая дэмакратыя: можна прыйсьці да кожнага чыноўніка і атрымаць подпіс. Уяўляеце, дэкрэт павінны падпісаць 200 арганізацый!» — сказаў Пракапеня.

Што такое швэдзкая дэмакратыя?

Імкненьне да кансэнсусу — гэта адна з асноўных рысаў швэдзкай дэмакратыі. Справа ў тым, што ў Швэцыі ўрад большасьці зьяўляецца рэдка. Напрыканцы 1970-х там быў урад, які ў парлямэнце з 349 дэпутатамі набраў падтрымку ўсяго 39. І часта слабасьць ураду прымушае яго супрацоўнічаць з апазыцыяй. То бок прымушае шукаць кансэнсус.

Кансэнсус важны ў швэдзкай сыстэме і таму, што там дзейнічае адна з найлепшых у сьвеце сыстэмаў мясцовага самакіраваньня. Дзяржава максымальна дэцэнтралізаваная. Большасьць рашэньняў, якія ўплываюць на жыцьцё грамадзян, прымаюцца не ў Стакгольме, а, кажучы беларускімі рэаліямі, у абласьцях, сельсаветах і чыноўнікамі розных упраўленьняў. Менавіта яны выконваюць пастаўленыя ўрадам заданьні і фармуюць лякальны бюджэт. А ўплыў на іх ураду ў Стакгольме — мінімальны.

Хто кіруе ў Швэцыі

Швэцыя — канстытуцыйная манархія. Кароль хоць і гучыць прыгожа, але рэальнай уладай у краіне не валодае. Палітыку дзяржавы вызначае ўрад.

Рашэньні ва ўсіх справах урад прымае калектыўна на штотыднёвых паседжаньнях. Каб рашэньне было правамоцным, павінны прысутнічаць прынамсі пяць міністраў з 13. Звычайна цягам некалькіх месяцаў да гэтага ідзе праца на ўзроўні чыноўнікаў, праверкі і дыскусіі. У год швэдзкі ўрад прымае каля 6000 рашэньняў. Кожнае зь іх публікуецца да і пасьля прыняцьця на ўрадавым сайце.

Урад рыхтуе таксама большасьць законапраектаў і папраўкі да іх, якія разглядае парлямэнт — Рыксдаг. У сярэднім гэта 200 праектаў у год.

Як адбываецца прыняцьце закону

Найперш важна сказаць, што законы ў Швэцыі прымаюцца даволі марудна. Не таму, што палітыкі там лянівыя, а таму, што кожны праект дакладна ацэньваецца і дыскутуецца, каб не мяняць яго неўзабаве. Часам гэта займае гады. Такая працэдура гарантуе, што прыняты закон не давядзецца мяняць і што ў краіне ня будзе радыкальных зьменаў. У адрозьненьне ад Беларусі, швэдзкі парлямэнт — аднапалатны, то бок так званыя сэнатары не зацьвярджаюць законы другім наваратам.

Пра ўсё па чарзе:

  • Урад спачатку рыхтуе дырэктыву, каб дасьледаваць пэўнае пытаньне, якое мае быць тэмай закону. Далей дэталямі займаецца экспэрт або камісія, праводзяцца дасьледаваньні, у тым ліку сацыялягічныя.
  • Пасьля заканчэньня працы экспэрт рыхтуе справаздачу. Гэты дакумэнт высылаецца ў органы дзяржаўнага кіраваньня, мясцовым уладам, арганізацыям і іншым зацікаўленым адзінкам, якія маюць права ацаніць праект. Калі яны выкажуць шмат нэгатыўных ацэнак, урад можа адмовіцца ад праекту або знайсьці іншыя разьвязаньні, якія прапануе экспэрт.
  • Справаздачу ў выніку высылаюць Юрыдычнай камісіі, якая ацэньвае магчымыя прававыя наступствы.
  • Урад рыхтуе праект закону і перадае яго спачатку ў адпаведную парлямэнцкую камісію. Затым парлямэнт галасуе і прыняты закон публікуецца. Пасьля гэтага ён дзейнічае на ўсёй тэрыторыі каралеўства.
Рыксдаг
Рыксдаг

​У Беларусі любы закон, прыняты парлямэнтам, можна тэарэтычны заблякаваць. Права вэта мае кіраўнік краіны, а Канстытуцыйны суд можа пастанавіць, што закон не адпавядае Канстытуцыі.

У Швэцыі на прыняты закон немагчыма накласьці вэта. Кароль палітычнай улады ня мае, а Канстытуцыйнага суду проста няма. Ураду, які сам ініцыяваў закон, няма сэнсу яго блякаваць.

Усе магчымыя пытаньні да закону здымаюцца ў працэсе падрыхтоўкі. Канстытуцыйная камісія ацэньвае згоднасьць закону з правам падчас дыскусіі над ім, а не пасьля прыняцьця. Зрэшты, у Швэцыі няма Канстытуцыі як адзінага юрыдычнага дакумэнту. Яна складаецца з чатырох законаў, якія рэгулююць форму і дзейнасьць ураду, правы чалавека і грамадзянскія свабоды.

Што там зь бюракратыяй

У Беларусі ажно 24 міністэрствы. У Швэцыі пры падобнай колькасьці насельніцтва ўсяго 13 міністэрстваў (яны называюцца дэпартамэнтамі). У сярэднім там працуе па 200 чалавек. Чаму так мала? Бо дэпартамэнты займаюцца выключна фармаваньнем дзяржаўнай палітыкі, а не яе рэалізацыяй.

Швэдзкі міністар адрозьніваецца ад міністраў у іншых краінах. У год ён прымае некалькі сотняў рашэньняў, і большасьць зь іх зьвязаная з працай ягонага дэпартамэнту, а не палітыкі ў адпаведнай галіне ўвогуле. У іншых краінах міністры прымаюць ажно па некалькі тысяч рашэньняў у год.

Чаму так адбываецца?

А таму, што поўная выканаўчая ўлада ў Швэцыі знаходзіцца ў руках упраўленьняў або агенцтваў. Таму абавязкі і адказнасьць, якія маглі б быць у руках міністра, разьмеркаваныя паміж рознымі ўстановамі. Яны выконваюць ільвіную долю працы, якую ў Беларусі, напрыклад, робяць міністэрствы. Швэдзкія рэгіёны атрымліваюць падаткі ад фізычных асобаў без пасярэдніцтва Стакгольма і прызначаюць іх паводле ўласных прыярытэтаў. Мандат на гэта яны маюць дзякуючы выбарнасьці мясцовых уладаў.

Што гэта дае

У Швэцыі ўрадавых агенцтваў 350. Яны адказваюць за рэалізацыю пастановаў і законаў, якія прыняў урад, «на месцах», як кажуць у Беларусі. Важна, што ўрад ня мае права ўплываць на тое, як розныя ўпраўленьні рэалізуюць законы і якія рашэньні прымаюць у канкрэтных справах. Ён вызначае задачы і фармуе іх бюджэт. А рэшта — за самімі агенцтвамі. Нефармальна камунікацыя паміж урадам і агенцтвамі адбываецца, але яна мае межы.

Умоўна кажучы, ніхто ня можа пазваніць зь Міністэрства інфармацыі са Стакгольму ва ўмоўныя швэдзкія Жыткавічы і нечага запатрабаваць. (Хаця б таму, што Міністэрства інфармацыі там няма ў прынцыпе. Але дапусьцім.) Упраўленьні прымаюць рашэньні самастойна і паведамляюць пра іх ураду ў гадавой справаздачы. Шмат у якіх краінах міністры маюць магчымасьць непасрэдна ўплываць на працу розных упраўленьняў — у Швэцыі гэта забаронена. Праўда, урад можа, прыкладам, падаць на агенцтва ў суд.

Адкрытасьць улады

Стакгольм
Стакгольм

​У Швэцыі кожнаму грамадзяніну гарантуецца права доступу да дзяржаўных дакумэнтаў (апрача дзяржаўных таямніц). На практыцы гэта азначае, што швэд можа прыйсьці ў свой сельсавет і запатрабаваць, каб яму паказалі дакумэнт, які ёсьць у зарэгістраваным сьпісе. А рэгістраваць там абавязаныя ўсё, апрача чарнавікоў і нататак. Іншая сытуацыя ў Беларусі, дзе нават дэпутату Палаты прадстаўнікоў адмаўляюцца паказваць дзяржаўныя дакумэнты.

Інакш кажучы, амаль усе дакумэнты, якія трапляюць у канцылярыю прэм’ера Швэцыі або выходзяць адтуль, даступныя публічна — напрыклад, лісты, рашэньні, дасьледаваньні.

Ёсьць у Швэцыі яшчэ адна адметнасьць. Прынцып адкрытасьці дазваляе любому чыноўніку паведаміць у СМІ пра парушэньні або паталёгіі ў сваім жа ўпраўленьні (ізноў жа, апрача сакрэтнай інфармацыі). І нават калі начальства дазнаецца, хто перадаў інфармацыю ў СМІ, то ня мае права караць за гэта працаўніка. Зрэшты, СМІ ў Швэцыі і так маюць права не раскрываць свае крыніцы, таму асоба інфарматара можа назаўсёды застацца невядомай.

Яшчэ важны фактар — прафсаюз. У Швэцыя ёсьць асобны для працаўнікоў грамадзкай адміністрацыі. У ім 185 тысяч чалавек. Прафсаюзы ў краіне дбаюць, каб праца адміністрацыі адбывалася празрыста і каб на яе не ўплывалі палітыкі.

Высновы

Скептыкі могуць запярэчыць, што ўсё гэта на паперы, а ў рэальнасьці справы стаяць зусім інакш. Нехта можа пахваліць і беларускую сыстэму прыманьня рашэньняў, што на паперы яна не такая і страшная. Аднак рэйтынг дэмакратыі ў сьвеце не пакідае ілюзіяў — швэдзкая дэмакратыя працуе. Паводле дасьледаваньня амэрыканскай недзяржаўнай арганізацыі Freedom House, Швэцыя сярод усясьветных лідэраў па ўзроўні дэмакратыі. Беларусь жа — на апошнім месцы ў Эўропе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG