Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Мэксыка працягваюць перамовы па міграцыйнай палітыцы


Мяжа ЗША і Мэксыкі

Прэзыдэнт Трамп адзначыў, што прагрэс на перамовах ёсьць, але «гэтага далёка недастаткова».

Прадстаўнікі ЗША і Мэксыкі ў чацьвер працягваюць перамовы па міграцыйнай палітыцы, у той час як набліжаецца ўсталяваны Вашынгтонам крайні тэрмін прыняцьця мер па стрымліваньні міграцыі, паведамляе Голас Амэрыкі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў, што, калі Мэксыка ня прыме дадатковыя захады для скарачэньня патоку мігрантаў, якія рухаюцца да амэрыканскай мяжы, ЗША з панядзелка ўвядуць 5-працэнтную пошліну на мэксыканскі імпарт, якая будзе павышацца кожны месяц і да кастрычніка можа дасягнуць 25 адсоткаў.

«Прагрэс ёсьць, але гэтага далёка недастаткова! — напісаў прэзыдэнт у "Твітэры" у сераду. — Чым вышэй будуць пошліны, тым больш кампаній перамесьцяць вытворчасьць назад у ЗША!»

Размаўляючы з журналістамі ў чацьвер, прэзыдэнт дадаў: «Мы сказалі Мэксыцы, што пошліны будуць уведзены, і я настроены сур’ёзна».

Міністар замежных справаў Мэксыкі Марсэла Эбрард, які ўзначальвае дэлегацыю на перамовах у Вашынгтоне, у сераду заявіў, што верыць у магчымасьць дасягненьня дамоўленасьці.

«Мы хочам пазьбегнуць нэгатыўных наступстваў пошлін для абедзьвюх эканомік, для спажыўцоў, для грамадзян абедзьвюх краінаў», — сказаў ён журналістам.

Па словах Эбрарда, абодвум краінам удалося абазначыць свае пазыцыі і дыялёг будзе працягвацца.

Тым часам у Мэхіка прэзыдэнт Андрэс Мануэль Лопес Абрадор зноў заявіў, што настроены аптымістычна.

«Мы лічым, што дамоўленасьць будзе дасягнутая, паколькі і для Мэксыкі, і для ЗША лепш падтрымліваць сяброўскія адносіны... падтрымліваць стасункі і паразуменьне», — заявіў ён.

У спробе стрымаць наплыў мігрантаў дзьве краіны абмяркоўваюць дамоўленасьць аб «бясьпечнай трэцяй краіне», якая дазволіла б значна скараціць колькасьць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў ЗША праз тэрыторыю Мэксыкі ў надзеі атрымаць прытулак.

Гэтая дамоўленасьць прадугледжвае, што мігранты з краінаў Цэнтральнай Амэрыкі будуць падаваць прашэньні аб абароне ў Мэксыцы, а не на амэрыканскай мяжы. Мэксыканскія ўлады гэтую прапанову адхілілі.

Напярэдадні перамоваў у сераду прадстаўнік Белага дому заявіў: «Гандаль і ўсе астатнія аспэкты нашых узаемаадносінаў вельмі важныя, але нацыянальная бясьпека перш за ўсё, і Белы дом вельмі сурʼёзна настроены ўвесьці пошліны, калі нічога не атрымаецца распачаць для скарачэньня наплыву мігрантаў».

У сераду ўрад ЗША паведаміў, што ў траўні на мяжы былі затрыманыя 144 000 мігрантаў, што на 32 адсотка вышэй, чым у красавіку. Гэта самы высокі месячны паказчык за 13 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG