Злучаныя Штаты далі Мэксыцы 10 дзён на тое, каб спыніць паток мігрантаў, якія рухаюцца на поўнач. У адваротным выпадку краіну чакае мыта на ўсе тавары.
Пра гэтае рашэньне прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў у сваім «Твітэры» ў чацьвер вечарам.
«10 чэрвеня ЗША ўвядуць 5-адсоткавае мыта на ўсе тавары, якія паступаюць у нашу краіну з Мэксыкі, да таго моманту, пакуль нелегальныя імігранты, якія трапляюць у нашу краіну праз Мэксыку, ня будуць спыненыя», — напісаў Трамп, дадаўшы, што мыта будзе расьці кожны месяц і да 1 кастрычніка дасягне 25 адсоткаў, калі «праблема нелегальнай іміграцыі ня будзе вырашаная».
«Пасіўнае дапамаганьне Мэксыкі, якая дапускае гэта масавае ўварваньне, уяўляе сабой надзвычайную сытуацыю і экстраардынарную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і эканомікі ЗША, — заявіў пазьней Трамп. — У Мэксыцы вельмі моцнае іміграцыйнае заканадаўства, і яна лёгка магла б спыніць паток нелегальных мігрантаў, у тым ліку вярнуць іх на радзіму».
Намесьнік міністра замежных спраў Мэксыкі па краінах Паўночнай Амэрыкі Хэсус Сэадэ заявіў, што такое мыта будзе катастрафічным.
«Калі гэтая пагроза будзе выканана, гэта будзе вельмі сур’ёзна, — сказаў ён журналістам. — Калі гэтыя захады прымуць, мы павінны даць рашучы адказ».
Як расказаў в. а. кіраўніка апарату Белага дома Мік Малвэні, адміністрацыя абмяркоўвалі плян зь некаторымі рэспубліканцамі, але ніхто з дэмакратаў у справу пасьвечаны ня быў.
На пасьпешліва арганізаванай прэс-канфэрэнцыі Малвэні задалі пытаньне пра тое, якіх паказчыкаў трэба дасягнуць Мэксыцы, каб дамагчыся зьняцьця мыта. Ён адказаў, што для гэтага неабходна значнае і істотнае скарачэньне мігрантаў з краінаў Цэнтральнай Амэрыкі, якія трапляюць у ЗША.
«Мы будзем ацэньваць сытуацыю штодзёнь і штотыдзень, — сказаў ён. — Мы зацікаўленыя ў тым, каб мэксыканскі ўрад прыняў меры сёньня, заўтра».
В. а. міністра ўнутранай бясьпекі Кевін Макалінэн сказаў журналістам, што цяпер вядзецца «арганізаваная кантрабандысцкая апэрацыя», у рамках якой кожныя чатыры тыдні ў ЗША ўвозяць па 100 тысяч чалавек на камэрцыйных аўтобусах, кантраляваных злачыннымі групоўкамі.
Трамп неаднаразова абвінавачваў Мэксыку ў тым, што яна прыкладае недастаткова намаганьняў для спыненьня патоку мігрантаў з краін Цэнтральнай Амэрыкі, якія ідуць у ЗША.