Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прапанаваў зьмяніць прынцып выдачы «грын-картаў»


Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 16 траўня прадставіў новы плян іміграцыйнай рэформы, распрацаваны ягонай адміністрацыяй. У ім прапануецца зьмяніць прынцып выдачы «грын-картаў» на карысьць адукаваных і высокакваліфікаваных спэцыялістаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Наш плян уключае ў сябе радыкальную мадэрнізацыю... юрыдычнага працэсу іміграцыі, які дрэнна функцыянуе. Ён [працэс] зусім не эфэктыўны», — сказаў прэзыдэнт падчас выступу.

Аўтары пляну, які распрацоўваўся пад кіраўніцтвам Джарэда Кушнера, зяця і старэйшага дарадцы прэзыдэнта, прапануюць зьмяніць правілы выдачы на карысьць адукаваных і высокакваліфікаваных спэцыялістаў і адысьці ад прынцыпу выдачы грын-картаў (пастаяннага віду на жыхарства ў ЗША) сваякам імігрантаў, якія атрымалі амэрыканскае грамадзянства.

Сёньня прыкладна дзьве траціны з 1,1 мільёна іншаземцаў, якія штогод атрымліваюць пастаянны від на жыхарства ў ЗША, — гэта сваякі амэрыканскіх грамадзян. Паводле прэзыдэнта, у выніку рэформы 57% усіх пастаянных відаў на жыхарства будуць выдавацца на падставе прафэсійнай кваліфікацыі і ўзроўню адукацыі.

«Калі зь якой-небудзь прычыны, магчыма, палітычнай, мы ня зможам дамагчыся, каб дэмакраты ўхвалілі гэты плян, заснаваны на кваліфікацыі [патэнцыйных імігрантаў] і высокім узроўні бясьпекі, мы зацьвердзім яго адразу ж пасьля выбараў — калі мы вернем Палату [прадстаўнікоў], захаваем Сэнат і, вядома, утрымаем прэзыдэнцкі пост», — заявіў Трамп, выступаючы перад заканадаўцамі-рэспубліканцамі і чальцамі кабінэту ў Ружавым садзе Белага дома.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі пракамэнтавала іміграцыйны плян Белага дома напярэдадні выступу Трампа, назваўшы «зьневажальным» прынцып ацэнкі патэнцыйных імігрантаў «па заслугах».

«Яны кажуць, што [прынцып выдачы відаў на жыхарства сваякам] юрыдычна беспадстаўны? Яны хочуць сказаць, што большасьць людзей, якія калі-небудзь у гісторыі нашай краіны прыяжджалі ў ЗША, ня маюць заслуг, таму што ў іх не было інжынэрнай ступені?» — сказала Пэласі ў гутарцы з журналістамі.

Лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр раскрытыкаваў Белы дом за тое, што прапанова рэформы не была ўзгодненая з дэмакратамі. Шумэр назваў плян Трамп «несур’ёзным».

Для таго, каб плян быў ажыцьцёўлены, Беламу дому трэба будзе адстаяць яго ў Кангрэсе. Малаімаверна, што адміністрацыі ўдасца прыйсьці да пагадненьня з дэмакратамі ў такім спрэчным пытаньні напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, піша Associated Press.

Па словах прадстаўнікоў Белага дома, плян Трампа зможа абʼяднаць Рэспубліканскую партыю перад выбарамі. У прапанаваным Белым домам тэксьце ня згадваецца праблема нелегальных імігрантаў, якія ўжо жывуць у ЗША. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца т. зв. «летуценьнікаў» — дзяцей нелегальных мігрантаў, увезеных на тэрыторыю краіны бацькамі да наступленьня паўналецьця. Зрэшты, многія назіральнікі мяркуюць, што Белы дом гатовы ўключыць захады для абароны «летуценьнікаў» у плян рэформы, калі гэта спатрэбіцца для дасягненьня пагадненьня з дэмакратамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG