Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўнук Мусаліні і партыя «аднаўленьня Бэрлінскага муру». Галоўныя інтрыгі выбараў у Эўрапарлямэнт


У краінах ЭЗ 23 траўня пачаліся двухдзённыя выбары ў Эўрапейскі парлямэнт, якія будуць праходзіць на працягу бліжэйшых трох дзён. У галасаваньні бяруць удзел усе 28 краінаў — удзельніц ЭЗ. Усяго налічваецца амаль 400 мільёнаў выбаршчыкаў — больш толькі ў Індыі.

Папярэднія вынікі будуць вядомыя ўвечары 26 траўня. Паводле прагнозаў, два першыя месцы павінны заняць Эўрапейская народная партыя і Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў. Але пры гэтым яны могуць страціць амаль сотню месцаў у параўнаньні зь мінулымі выбарамі. Іх разьлічваюць атрымаць крайне правыя на чале з італьянскім палітыкам Матэа Сальвіні.

Міні-партрэт Эўропы

Эўрапарлямэнт — міні-партрэт Эўропы. Кожная краіна мае сваіх дэпутатаў, іх колькасьць залежыць ад насельніцтва. У Нямеччыне, напрыклад, 96, а ў Польшчы — 51.

Але ў самім парлямэнце дэпутаты аб’ядноўваюцца паводле палітычных інтарэсаў. Так насамрэч нараджаюцца панэўрапейскія сілы. Напрыклад, Эўрапейская народная партыя або Альянс сацыялістаў і дэмакратаў.

Дзесяцігодзьдзямі жыхары Эўропы слаба цікавіліся палітычным жыцьцём Брусэлю. Сярод іх была і грамадзянка Польшчы Катажына Новак, некалькі гадоў таму яна пераехала ў Бэльгію. Магчымасьць жыць і працаваць у любой краіне — адна з галоўных пераваг Эўразьвязу.

«Ня тое каб у мяне не было часу. Мне здаецца, мне проста было ўсё роўна. Але я паразмаўляла са знаёмым, ён якраз патэлефанаваў і спытаў, ці зьбіраюся я галасаваць. Я кажу: не, вядома, няма. А потым я задумалася і вырашыла, што гэта важна», — прызнаецца яна.

Катажыну Новак турбуе ўплыў папулістаў. Менавіта з прычыны нізкай цікавасьці эўрапейцаў у Эўрапарлямэнт рэгулярна трапляюць палітыкі радыкальных поглядаў.

Эўраскептыкі

Адзін з самых відных эўраскептыкаў — Найджэл Фараж, ключавы агітатар за Брэксыт. У Эўрапарлямэнце Фараж 20 гадоў. Але за ўвесь гэты час у брытанскім парлямэнце яго партыі удалося атрымаць ўсяго толькі адно крэсла на адну кадэнцыю. Уважліваму гледачу Фараж знаёмы з кампаніі за выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу. Гэта ён прыдумаў, што 350 мільёнаў фунтаў, якія брытанцы нібыта кожны тыдзень аддаюць ЭЗ, пасьля рэфэрэндуму пойдуць на ахову здароўя. Адразу пасьля перамогі прыхільнікаў Брэксыту Фараж сказаў, што ня варта верыць напісанаму на аўтобусе, пакінуў створаную ім папулісцкую партыю ЮКІП (UK Independence Party) і зусім сышоў з палітыкі. Ненадоўга. На эўрапейскія выбары Фараж вярнуўся з новай партыяй. Яна называецца проста — «Партыя Брэксыту». І мяркуючы па апытаньнях, лідэруе на выбарах у Эўрапарлямэнт, які хоча як мага хутчэй пакінуць.

У Францыі рэйтынгі партыі Эмануэля Макрона практычна зраўняліся з папулярнасьцю ультраправай Марын Лё Пэн. Няўпэўненасьць пануе нават у родным мястэчку францускага прэзыдэнта.

У Польшчы — падзел паводле лібэральных каштоўнасьцяў. У Італіі стала рубам пытаньне нелегальнай міграцыі. У Нідэрляндах папулісты імкнуцца паўтарыць посьпех на мясцовых выбарах.

Упершыню за ўсю гісторыю Эўразьвязу, як паказваюць прагнозы, цэнтрысты ня будуць кантраляваць палову парлямэнту.

Брусэльская палітыка застанецца ў руках прыхільнікаў адзінай Эўропы. Але вось на ўзроўні асобных краінаў трыюмф эўраскептыкаў можа перавярнуць палітычнае жыцьцё з ног на галаву.

А як жа Брэксыт?

Дэпутатаў Эўрапарлямэнту выбірае і Вялікабрытанія — краіна, якая амаль тры гады таму прагаласавала за выхад з Эўразьвязу. Толькі цяпер ніяк ня можа выйсьці: парлямэнтарыі не прымаюць прапановы прэм’ера, міністры кабінэту Тэрэзы Мэй сыходзяць у адстаўку. Аб сваёй адстаўцы абвясьціла і сама Мэй.

Брытанія павінна была пакінуць Эўразьвяз яшчэ ў канцы сакавіка. Потым — у пачатку красавіка і ў яго сярэдзіне. Чарговая адтэрміноўка павінна была вывесьці краіну з Эўразьвязу да эўрапейскіх выбараў. І таксама не ўдалося. Мэй адступілася і дапусьціла галасаваньне аб паўторным рэфэрэндуме ў парлямэнце.

«Я разумею пазыцыю парлямэнтарыяў па гэтым важным пытаньні. Такім чынам, урад ўключыць у пагадненьне аб выхадзе пункт пра неабходнасьць прагаласаваць аб правядзеньні паўторнага рэфэрэндуму, і гэтае галасаваньне павінна адбыцца да таго, як будзе зацьверджанае пагадненьне аб выхадзе», — сказала яна.

Калі верыць цэнтру дасьледаваньняў YouGov, 37% апытаных лічаць, што найлепшы выхад для Вялікабрытаніі — правесьці паўторны рэфэрэндум і застацца ў Эўразьвязе згодна зь яго вынікамі. Пры гэтым столькі ж лічаць, што Брэксыт павінен адбыцца, але меркаваньні пра тое, ці павінна быць зацьверджаная стратэгія прэм’ера, разыходзяцца.

Чарговая прапанова ўраду адносна Брэксыту павінна быць заслуханая 7 чэрвеня — больш чым праз два месяцы пасьля дамоўленай даты выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ. Пакуль не вядома, ці адбудзецца гэтае пасяджэньне.

Пазыцыя кансэрватараў і часткі лейбарыстаў заключаецца ў тым, што большасьць брытанцаў ужо выказалася за выхад з Эўразьвязу, і ўрад ня ўлічвае інтарэсы гэтай большасьці. У абсалютных лічбах за Брэксыт на рэфэрэндуме 2016 году прагаласавалі 17,5 мільёна чалавек. Гэта крыху больш за траціну ад зарэгістраваных у Брытаніі выбаршчыкаў.

Нечаканыя кандыдаты

Кандыдатам з самай гучнай прозьвішчам на гэтых выбарах у Эўрапарлямэнт дакладна будзе Гай Юлій Цэзар Мусаліні. Італьянец ня толькі праўнук Бэніта Мусаліні, але і чалавек, які цалкам падзяляе погляды прадзеда-дыктатара. Ён выступае кандыдатам ад правай партыі «Браты Італіі». Свайго прозьвішча ён не саромеецца, наадварот — бачыць у ім перавагу. Ён нават зрабіў яго лёзунгам сваёй кампаніі «Напішы Мусаліні». Пра свайго дзядулю-фашыста і саюзьніка нацысцкай Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне Гай Юлій Цэзар Мусаліні кажа як пра чалавека, які «зрабіў шмат добрых рэчаў і памылак».

«У Італіі куча праблем, а мы трацім сілы на абмеркаваньне таго, што было 80 гадоў таму», — сказаў гэты палітык.

У выпадку абраньня Гай Юлій будзе ня першым з Мусаліні ў Эўрапарлямэнце: дэпутатам была і ўнучка італьянскага дыктатара Алесандра, якая, па традыцыі, абралася ад крайне правых.

Яшчэ адно гучнае імя ў італьянскіх сьпісах — Сільвіё Бэрлюсконі, мэдыямагнат, мільянэр, лавелас, удзельнік некалькіх карупцыйных і сэксуальных скандалаў. Да 2019-га, паводле прысуду ў справе аб махлярстве, ён ня мог займаць публічных пасад і ўдзельнічаць у выбарах. Цяпер 82-гадовы італьянец гатовы мяняць ня толькі сваю краіну, але і ўсю Эўропу.

Ёсьць цікавыя кандыдаты ў Нямеччыне. Марцін Зонэбарн — сатырык і адзін з выдаўцоў часопіса Titanic. Некалькі гадоў таму ён заснаваў жартоўную «Партыю працы, права, дабрабыту жывёл, элітнага разьвіцьця і дэмакратычнай ініцыятывы». Партыя патрабуе зноў разьяднаць Нямеччыну і аднавіць Бэрлінскі мур, дапаўняючы усё гэта лёзунгамі «Гамбург — горад на поўначы», «Адукацыя павінна пачынацца на, А». Жартоўная партыя на поўным сур’ёзе прымала ўдзел у выбарах.

І паколькі Нямеччына адносіцца да нешматлікіх краінаў без выбарчага бар’еру для дробных партый, у 2014-м Зонэбарн стаў дэпутатам Эўрапарлямэнту. Тады ён заявіў, што будзе хадзіць на новую працу толькі па тое, каб атрымліваць сутачныя і сачыць за калегамі. А назіраньні публікаваць у сваім часопісе. Сёньня Зонэбарн зноў ідзе першым у сьпісах сваёй партыі з мэтай стаць старшынёй Эўракамісіі.

Ад Аўстрыі ў дэпутаты імкнецца іншая тэлезорка: вядоўца кулінарнага шоў Сара Вінэр — нумар два ў сьпісе кандыдатаў ад Партыі зялёных.

Таксама ад Зялёных, толькі ў Эстоніі, балатуецца жонка былога прэзыдэнта краіны Хэндрыка Ільвэса — Эвэлен Ільвэс.

У Латвіі таксама ёсьць кандыдат з прозьвішчам Ільвэс. І гэта таксама жонка — толькі былая — экс-прэзыдэнта. Эва Ільвэс зьбіраецца прасоўваць у Эўрапарлямэнце тэму кібэрбясьпекі.

У ліку галоўных прэтэндэнтаў ад Латвіі былы мэр Рыгі Ніл Ушакоў. Яго ўдзел у выбарах стаў вялікай нечаканасьцю нават для яго аднапартыйцаў. Партыя Ушакова «Згода» аказалася замяшанай у некалькіх карупцыйных скандалах. У самога Ушакова праводзілі ператрус — дома і ў працоўным кабінэце. Ён быў адхілены ад пасады.

Сам Ушакоў усе абвінавачаньні адмаўляе, сваё адхіленьне ад пасады называе палітычнай замовай, а стаць эўрадэпутатам хоча, каб абараняць інтарэсы рыжан. Апанэнты Ўшакова дапускаюць, што ў выбарах у Эўрапарлямэнт ён удзельнічае, каб атрымаць дэпутацкую недатыкальнасьць. Нягледзячы на карупцыйныя скандалы, рэйтынг ў Ніла Ўшакова высокі, і, паводле прагнозаў, ён стане адным з 8 латвійскіх дэпутатаў у Брусэлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG