Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тры чарапахі», аўтазак, «папяццот» як новыя беларускія паролі


Ілюстрацыйнае фота

«Бацькі і дзеці» — новы фармат Свабоды. Журналісты розных пакаленьняў абмяркоўваюць выклікі часу — што мяняецца, а што застаецца нязьменным. Ці гэтак жа цяперашнія вайскоўцы цытуюць раман пра салдата Швэйка, як гэта было за савецкім часам? Ці музычная тэма з «Тэрмінатара» заменіць мэлёдыю з «Брыльянтавай рукі»? Ці трэба моладзі разумець, што азначае «Піліце, Шура, піліце». Пра культурныя коды і паролі пакаленьняў разважаюць Юры Дракахруст, Арцём Мартыновіч, Віялета Саўчыц і Ганна Соўсь.

Сьцісла:

  • Соўсь: Адбываецца і пераасэнсаваньне. Скажам фраза: «За державу обидно» зь «Белага сонца пустыні». За якую дзяржаву? Расею?
  • Дракахруст: Фразы з агульнавядомых тэкстаў былі своеасаблівымі паролямі, а гадоў 10 таму аўдыторыя перастала іх разумець.
  • Саўчыц: Старэйшае пакаленьне часта скардзіцца, нібы маладое пакаленьне не начытанае, аднак яно больш нагледжанае і наслуханае.
  • Мартыновіч: Для ўсіх будзе пазнавальная песьня «Тры чарапахі» гурту NRM. Яе ведае, падаецца, любы рабочы на заводзе.

«Некаторыя мэмы жывуць тыдзень-два, і зусім нямногія гады»

Юры Дракахруст: Адзін мой знаёмы выкладчык ва ўнівэрсытэце казаў, што ў лекцыях ён меў звычку прыгадваць нейкія цытаты, фразы з агульнавядомых тэкстаў — з Булгакава, Ільфа і Пятрова, Хэмінгуэя. Гэты цытаты адыгрывалі ролю своеасаблівых пароляў. Але, паводле яго, гадоў 10 таму аўдыторыя перастала разумець гэтыя паролі, паролі, яго пакаленьня, яго эпохі. А ці ёсьць у маладога пакаленьня некія свае, іншыя паролі? І адкуль яны? Гэта цытаты з сучаснай літаратуры, інтэрнэт-мэмы, цытаты з фільмаў? Як доўга яны жывуць?

Віялета Саўчыц
Віялета Саўчыц

Віялета Саўчыц: Новыя паролі — гэта і мэмы, і цытаты з культурных прадуктаў: ад літаратуры — да музыкі. Старэйшае пакаленьне часта скардзіцца, нібы маладое пакаленьне не начытанае, аднак маладзейшае пакаленьне больш нагледжанае і наслуханае. Цяпер усё вельмі хутка зьмяняецца і забываецца, бо кантэнту настолькі шмат, што мы не пасьпяваем яго спажываць. Некаторыя мэмы жывуць тыдзень-два, і зусім нямногія застаюцца жыць гадамі.

«Мэлёдыя з другога "Тэрмінатару" пазнавальная, нават калі сучасныя ды-джэі яе перапрацуюць»

Арцём Мартыновіч
Арцём Мартыновіч

Арцём Мартыновіч: Я думаю ёсьць паролі, якія жывуць хутка і тыя, якія жывуць доўга. Мэлёдыя з другога «Тэрмінатару» пазнавальная, нават калі сучасныя ды-джэі яе перапрацуюць. Так жа з паролямі і мэмамі. Людзі чытаюць літаратуру. У любым пакаленьні была праслойка грамадзтва, якая не чытала кнігаў. Цяпер, магчыма, яна большая. Нядаўна недзе бачыў надпіс: «Бродзкі, вярніся са сьценаў назад у кнігі». І выразы пісьменьнікаў кідаюць на мэмы. Адзінае, што сярод самага папулярнага зьяўляецца не заўжды самае якаснае.

«Вялікая частка савецкай кінематаграфічнай спадчыны пераасэнсоўвацца»

Юры Дракахруст: Ганна, магчыма, і раней для жыхароў, скажам, Шабаноў ці раёну аўтазаводу нейкае «Па кім званіць звон», ці «Нью-Васюкі» ці «Анушка праліла алей» мала што гаварыла. Хаця «12 крэслаў», напрыклад, былі экранізаваныя, у постсавецкі час і «Майстра і Маргарыта» людзі маглі пачуць з ТВ. Многія стужкі разьляталіся на цытаты па СССР: «Каўкаская палоньніца», «Брыльянтавая рука», «17 імгненьняў вясны», апошняя спарадзіла нават сэрыю анэкдотаў пра Штырліца. Але ці па ўсіх сацыяльных групах?

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Ганна Соўсь: Гэта наша агульная савецкая спадчына. Гэта тая сусьветная літаратура, якая была перакладзеная на расейскую мову, якую мы ўсе чыталі. Гэта тая абмежаваная колькасьць аўтараў, фільмаў, якія глядзелі ўсе. Выбар ня быў такі вялікі насамрэч. Старэе і сыходзіць гэтае пакаленьне, і ўсе гэтыя цытаты і паролі зьнікнуць з часам. Але адбываецца і пераасэнсаваньне. Скажам фраза: «За державу обидно» зь «Белага сонца пустыні». За якую дзяржаву? Расею? Навошта беларусам крыўдзіцца.

Цяпер вялікая частка савецкай кінэматаграфічнай спадчыны пераасэнсоўвацца, кшталту папулярных фільмаў «Москва слезам не верит», у тым сэнсе, што на Гошу можна паглядзець не як на доўга чаканую мару кожнай жанчыны, а як на псыхапата, сэксіста з комплексам непаўнавартаснасьці. Але гэта тычыцца не ўсяго, ёсьць вечныя тэксты і фільмы, якія не падпадаюць пад рэвізію часу. Але гэта ўсё для пэўных пакаленьняў.

Моладзь ужо ня будзе цытаваць Ільфа і Пятрова. Магчыма і ня трэба. Я ня раз назірала паблажлівае стаўленьне старэйшых да моладзі, якія не разумеюць, напрыклад «Грузіце апельсины бочками». А чаму яны абавязаныя гэта ведаць? У кожнага пакаленьня будуць свае культурныя коды. Стары не разумее коду маладога пакаленьня, тую ж мэлёдыю з «Тэрмінатара» на вуха ведае, але ня ведае, зь якога яна фільму, ці нейкі пэрсанаж з Гары Потэру яму будзе незнаёмы. І гэта нармальна.

Як Якубовіч цытаваў раман пра Швэйка

Дракахруст: Для кожнага савецкага вайскоўца кніга пра бравага салдата Швэйка была настольнай. І ня толькі для вайскоўцаў. Усе чыталі і цытавалі, як Павал Якубовіч у інтэрвію Ганьне сказаў «Усё было добра, пакуль не ўмяшаўся генэральны штаб». Ці цяперашнія вайскоўцы маюць такі ж культ Швэйка?

Арцём Мартыновіч: Я думаю, што ўжо не. У іх свае коды. Гэта было папулярна для савецкіх вайскоўцаў. Цяпер, ужо колькі гадоў Савецкага саюзу няма. Цяпер гэтыя вайсковыя прыколы будуць ужо лякальнымі: у Беларусі свае, Ва Ўкраіне — свае. І гэта абсалютна нармальна.

Ганна Соўсь: Мой брат 1974 году нараджэньня, не вайсковец, катэгарычны праціўнік вайсковых парадкаў, але для яго таксама кніга пра Швэйка была культавай, ледзь не на памяць ведаў.

«Для ўсіх будзе пазнавальная песьня "Тры чарапахі" гурту NRM»

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Юры Дракахруст: Зараз, з прыходам інтэрнэту, сацсетак, якія па ідэі павінныя аб’ядноўваць людзей, але ці не паглыбляюць яны сацыяльныя адрозьненьні? Дадатак «Карл», колішні мэм «Превед, медвед», тая ж «олбанская мова»- яны, здаецца, агульныя, не адно для прасунутых і ня надта. Ці не?

Віялета Саўчыц: Справа не ў сацыяльных адрозьненьнях, а ў ладзе жыцьця. Цяпер амаль ва ўсіх ёсьць інтэрнэт. Каб быць у кантэксьце, унікаць у мэмы, трэба ўвесь час трымаць руку на пульсе і ўключацца. А схаваесься ў хатку ці зробіш лічбавы дэтакс — і новых мэмаў ужо не разумееш.

Арцём Мартыновіч: Абсалютна ёсьць. І гэта пазнавальна незалежна ад сацыяльнага статусу. Чалавек можа працаваць кім заўгодна і пры гэтым быць начытаным, а можа выкладаць ва ўнівэрсытэце і абмяжоўвацца толькі сваёй галіной. Для ўсіх будзе пазнавальная песьня «Тры чарапахі» гурту NRM. Яе ведае, падаецца, любы рабочы на заводзе. Сацыяльны статус тут не ўплывае.

«Беларускія мэмы — гэта абсурд у краіне, які пераасэнсоўваецца ў інтэрнэце»

Дракахруст: Ці ёсьць нейкія ўласна беларускія паролі? Пару год таму быў флэш-моб «Распранайцеся і працуйце» — моладзь здымалася распранутая на працоўных месцах. Ну а якія яшчэ беларускія паролі можна прыгадаць? Ці разьлятаюцца на цытаты творы, скажам, Бахарэвіча ці Марціновіча? Хаця б пэўных колах? Ці наагул зьнікае гэтая культура гульні цытатамі, апазнаваньня сваіх праз мэмы, цытаты з чаго б то ні было?

Ганна Соўсь: Яна не такая распаўсюджаная. Ёсьць адзін прыклад, які ня буду расшыфроўваць. Гэта ШОС. Гэтая беларуская зьява жыве, пакуль не памерла. А вось мянушка «бацька» — гэта толькі для вонкавага спажываньня, бо ніхто так у Беларусі Лукашэнку вельмі даўно не называе. Напрыклад, украінцы называюць Парашэнку Порахам, а беларусы — не. Нешта для ўнутранага, а нешта для зьнешняга выкарыстаньня.

«Межы сур’ёзнасьці і іроніі размытыя. Гэта эпоха новай шчырасьці»

Віялета Саўчыц: Беларускія мэмы — гэта мэмы, вырашчаныя ўласна ў Беларусі на сацыяльных і палітычных зьявах. Гэта абсурд у краіне, які пераасэнсоўваецца ў інтэрнэце. «Старажылы» беларускіх мэмаў, напрыклад, — «За сильную и процветающую Беларусь». З іншых — «папяццот», жоўтыя вазы на праспэкце ў Менску, «чай з малінавым варэньнем»...

Мы гаварылі, як Лукашэнка пераасэнсоўваў пасьля ў выступе свае словы «Распранацца і працаваць». Гэта выдатны прыклад мэтаіроніі, бо мы жывем у час постіроніі і мэтамадэрнізму. На прыкладзе беларускага сьпявака Аляксандра Саладухі, які ўжо стаў лякальным мэмам, можна паглядзець, як гэта працуе. Слухаць яго ўсур’ёз раней было «зашкварам», а цяпер маладзейшыя людзі ўключаюць на модных вечарынках Саладуху і постіранічна пад яго танчаць. Межы сур’ёзнасьці і іроніі размытыя. Гэта эпоха новай шчырасьці.

Тое ж самае і з жоўтымі вазамі. Спачатку шмат людзей абураліся колерам фарбы і іх неэстэтычнасьцю. А пасьля пачалося пераасэнсаваньне: флэшмобы і краўдфандынг на фарбу іншых колераў, жарты пра конкурс на лепшую размалёўку ваз на праспэкце, цішоткі з выявамі вазаў.

Ганна Соўсь: Ня ведаю, добры ці дрэнна, але большасьць мэмаў стварыў Лукашэнка — крыштальны сасуд, распранайце, «папяццот», за квітнеючую Беларусь, галубятня, каровы ведаеце якія. Большасьць мэмаў створаная дзякуючы калярытнай мове прэзыдэнта Беларусі.

«Аўтазак — гэта ўжо антыбрэнд Беларусі»

Арцём Мартыновіч: А яшчэ часам мэмы нараджаюцца беларускай рэчаіснасьцю. Напрыклад, аўтазак. Гэта ўжо антыбрэнд Беларусі. З доўгажывучага «шуфлядка», напрыклад. Ня ведаю, колькі жыве гэты мэм, што чалавеку з Расеі цяжка патлумачыць, што гэта такое. «У любой незразумелай сытуацыі капай бульбу», — таксама чыста беларуская фішка.​

Віялета Саўчыц: Згушчонка — глыбоцкая ці рагачоўская. Беларусы могуць пабіцца за тое, каб давесьці, якая зь іх лепшая. Ці як правільна гатаваць дранікі: бязь мукі ці з.

Юры Дракахурст: Беларускі анэкдот — ці ёсьць такая зьява? Памятаю толькі той, дзе Лукашэнка па мабільніку перабірае бульбу. Усё астатняе — калькі з савецкіх ці расейскіх. А вы памятаеце ўласна беларускія анэкдоты?

Віялета Саўчыц: Уласна беларускі анэкдот — пра беларуса, які ўвесь час церпіць. Напрыклад, анэкдот пра тое, як павесілі беларуса. Ён вісеў у пятлі два дні і не памёр. Калі ў яго спыталі, як так атрымалася, ён адказаў: «Першыя два дні душыла-душыла, а потым прывык». Ёсьць такі стэрэатып пра беларускую цярплівасьць і прыстасаванства.

Арцём Мартыновіч: Але ў нас хапае жартаў, якіх не назавеш анэкдотамі, але гэта сьмешна. Тое ж #давайпака​ можна прыгадаць, дзе іранічна абыгрываецца наша рэальнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG