Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інавацыі і моды: на што абапіраецца палка сэлфі


Студэнцкі марш «Каханьне і салідарнасьць». Сэлфі на "дыване для рэктара". Менск, 2 сьнежня 2015 году

Мы сёньня пагаворым пра зьмену культурных стэрэатыпаў, паводзінаў. Мы мяняем сьвет, але і сьвет мяняе нас.

Удзельнікі размовы — журналісты Арцём Мартыновіч, Жанна Новік, Ганна Соўсь і Юры Дракахруст.

Сэлфі як узор інавацыі

Дракахруст: Нядаўна прачытаў успамін аднаго раўналеткі ў ФБ. Ён піша, як некалі рагаталі, калі глядзелі савецкі мульцік «Ну погоди», дзе Воўк фатаграфаваў сам сябе. Тады было сьмешна, які дурны Воўк. Зараз сэлфі — традыцыйныя, агульнапрынятыя паводзіны, моладзі прынамсі, ды і ня толькі яе. А навошта гэта? Гэта прыкольна? Ці таму што гэта робяць усе?

Жанна Новік
Жанна Новік

Новік: Напэўна, мае фотаздымкі якраз часьцей за ўсё сэлфі, таму што няма часу проста зрабіць якісьці нармальны фотаздымак. Я не выкарыстоўваю сэлфі-палку, мне здаецца, іх ужо амаль ніхто не выкарыстоўвае, таму што прызвычаіліся людзі самі сябе здымаць з рук. Я памятаю, у дзяцінстве я таксама фатаграфавала сама сябе, але гэта быў не тэлефон, гэта быў звычайны стужкавы фотаапарат, і гэтае жаданьне сябе сфатаграфаваць было і ў ранейшыя часы, калі мастакі малявалі самі сябе. Напэўна, гэта натуральная рэч, калі чалавек хоча, каб застаўся нейкі відарыс яго.

Дракахруст: Ганна, а мне здаецца, што ўсё ж такі ў ранейшыя часы людзі менавіта самі сябе фатаграфавалі рэдка.

Соўсь: Ну не маглі проста, не было тэхнічных магчымасьцяў. Сэлфі тады замянялі паходы ў атэлье, дзе на страшных фонах неяк усіх аднолькава ставілі, аднолькава потым апрацоўвалі, бо фоташопу таксама не было. Тут такое дасягненьне тэхнічнае, якое людзям падабаецца. Юра, а вы сэлфі рабілі калі-небудзь?

Дракахруст: Вой не. Аднойчы давялося зрабіць на нейкі дакумэнт ці анкету, дык яно атрымалася пачварнае.

Соўсь: Я сэлфі таксам пэрыядычна раблю, але ў мяне вось так прыгожа, як у Жанны, не атрымліваецца. Наконт палкі, калі ты робіш проста так свой партрэт недзе, палка сапраўды непатрэбная, але калі падарожнічаеш і ззаду хочаш які-небудзь шыкоўны палац зьмясьціць, дык тут палка проста неабходная, інакш прыгожа не атрымаецца. Гэта сапраўды справа досьведу.

Хоць я чытала пра адно дасьледаваньне амэрыканскіх навукоўцаў: на аснове назіраньняў псыхолягі прыйшлі да высновы, што ў чалавека, які робіць тры сэлфі штодня, але не публікуе іх у інтэрнэце, можна дыягнаставаць такое лёгкае мэнтальнае адхіленьне, якое спэцыялісты называюць сэлфітызм. Вострую стадыю гэтага захворваньня выдае жаданьне выкладаць усё ў сеткі; наступная фаза, хранічная, гэта стан, пры якім чалавек публікуе сэлфі ня менш за 6 разоў на дзень. На думку псыхолягаў, тыповы хворы сэлфітызмам — гэта няўпэўнены ў сабе чалавек, які імкнецца прыцягнуць да сябе як мага больш увагі. Ну гэта самыя крайнія выпадкі. Я ўсё ж да сэлфі стаўлюся як да такой добрай тэхнічнай магчымасьці, якая даецца людзям для таго, каб зафіксаваць добры цікавы момант.

Дракахруст: Арцём, а як у вас з сэлфітызмам?

Мартыновіч: Здаецца, пару разоў у жыцьці я рабіў сэлфі. Апошні раз, здаецца, на леташнім Дні волі. Я хацеў бы дадаць, што сэлфі — гэта таксама адзін з варыянтаў камунікацыі. Калі раней былі чаты, у нулявыя людзі перапісваліся, знаёміліся з кімсьці і ня бачылі з кім, то зараз ёсьць магчымасьць зрабіць сэлфі і адзін аднаго бачыць.

Ну калі шэсьць разоў на дзень ці нават тры — гэта ўжо нейкая праблема, я б сказаў. Сэлфі можа несьці сэнсавую нагрузку, калі, напрыклад, ты робіш яго ў прыгожым краявідзе ці за мяжой. Людзі паглядзяць, можа таксама туды захочуць зьезьдзіць. Ці калі, напрыклад, ты робіш сэлфі на нейкай падзеі, гэта таксама можа быць кагосьці прыцягне да гэтага мерапрыемства, камусьці захочацца туды прыйсьці. Гледзячы як гэты новы інструмэнт выкарыстоўваць.

Дракахруст: А папрасіць кагосьці, як яно раней заўсёды было? Калі людзі езьдзілі па сьвеце, прасілі нейкіх мінакоў — гэта лішняя камунікацыя?

Мартыновіч: Ну спрасьцілася крыху жыцьцё. Гэта трэба было кагосьці шукаць, прасіць. Я насамрэч прасіў шмат разоў, каб мяне сфатаграфавалі, ці сябра мяне фатаграфуе, я яго. Але з дапамогай палкі гэта можна зрабіць прасьцей і хутчэй.

Новік: Мне здаецца, што людзі баяцца давяраць свае тэлефоны, якія ў нас, у прынцыпе, даволі дарагія. Папросіш кагосьці і думаеш, ці не скрадзе ён гэты тэлефон? Сэлфі бывае нават і як выклік: падлеткі робяць сэлфі на высотных будынках, каля цягнікоў — у каго круцей сэлфі атрымаецца. Так моладзь спрабуе сябе.

Мартыновіч: Я так думаю, што гэта хутка аджыве і на зьмену прыйдуць відэасэлфі, і людзі будуць проста здымаць сябе на відэа, а не фатаграфаваць, таму што тэхналёгіі і патрабаваньні ў Сеціве ўвесь час удасканальваюцца.

Соўсь: З майго пункту гледжаньня, проста не хочацца абцяжарваць людзей, якія побач. Калі вы самі можаце зрабіць фотаздымак, то навошта прасіць?

Дракахруст: Жанна, вы сказалі, што ў дзяцінстве здымалі сябе, калі гэта не было ў модзе. А як, на ваш погляд, гэтая мода фармавалася? Гэта ад якіхсьці лідэраў? Зоркі пачалі сэлфі, і ўсе падхапілі, ці гэта «выбух ва ўсіх кропках» — усе сталі рабіць і нават нельга сказаць, ад каго гэта ўласна пайшло?

Новік: Мне здаецца, што прыход сэлфі прыпаў якраз на той час, калі зьявіліся франтальныя камэры, таму што менавіта іх зьяўленьне і паспрыяла таму, што людзі пачалі фатаграфаваць сябе больш актыўна. Гэта стала прасьцей — ты можаш бачыць, як ты выглядаеш, і можа быць прыгажэй фотаздымкі атрымліваюцца. Але гэта такая зьява, што не скажаш, што нейкі фотаздымак зоркі паспрыяў таму, што здарыўся такі бум. Я думаю, гэта проста такая даволі натуральная рэч: людзі хочуць сябе фатаграфаваць, і ўсё.

Мартыновіч: Я б дадаў яшчэ, што гэтыя франтальныя камэры крыху спрашчаюць жыцьцё журналістам. Таму што наўпроставыя трансьляцыі не заўжды робяцца празь прафэсійную тэхніку, і калі ты робіш трансьляцыю зь нейкай падзеі, то найперш ты прадстаўляесься сваім гледачам, паказваеш сябе, а пасьля пачынаеш паказваць тое, што навокал. Дык вось каб паказаць сябе, ты акурат ужываеш гэтую франтальную камэру, і фактычна гэта відэасэлфі.

Соўсь: Прывяду прыклад, які б паказаў гэтую розьніцу паміж пакаленьнямі: да нас у праскую студыю Свабоды вельмі часта прыходзяць палітыкі, іншыя госьці, і мы вельмі часта робім здымак удвох пасьля інтэрвію на памяць. І вось я з кімсьці зь вядомых палітыкаў рабіла такі самы здымак, каб потым выставіць у фэйсбук. І папрасіла кагосьці з калегаў, каб гэты здымак мне зрабілі. І маладзейшы калега мне зрабіў заўвагу, што лепей гэта зрабіць сэлфі, бо тады гэта аўдыторыяй у фэйсбуку будзе лепш успрынятае. Не як ад трэцяй асобы, а менавіта як сэлфі. У мяне і думкі такой не было, што так лепш, як гэта можа вырашаць нешта для аўдыторыі, але магчыма, калега меў рацыю.

«Галоўны орган журналіста — гэта пячонка»

Дракахруст: Арцём, вы ўжо прыгадалі журналістаў, наша рамяство, і яно часткова зьвязанае з наступнай тэмай, якую я прапаную абмеркаваць — гэта зьмена культуры піцьця. Адзін мой калега ў маладосьці казаў, што галоўны орган журналіста — гэта пячонка. Бо сапраўды ў журналісцкім коле пэўны час было прынята вельмі шмат піць — гэта было і ў савецкія часы, і ў постсавецкія.

Беларусь і раней, а асабліва ў ХХІ стагодзьдзі, была адным з сусьветных лідэраў спажываньня алькаголю, у нейкія гады яна была нават на першым месцы. Зараз, здаецца, не на першым, але таксама на высокім. Але як мяняецца культура піцьця ў моладзі? П’юць менш гарэлкі, больш піва, больш віна, зьявіўся нават дзявочы тыпаж эстэцкага піцьця віна — вінішка-цян? Ці гэта зьява выключна колаў «залатой моладзі», а моладзь папрасьцей як піла, так і пʼе?

Арцём Мартыновіч
Арцём Мартыновіч

Мартыновіч: Так, сапраўды, зьмены ёсьць. Але з маіх назіраньняў, яны тычацца буйных гарадоў, Менску ў першую чаргу, іншых — у другую. З чым гэта зьвязана? Тут хутчэй уплывае не тое, што моладзь"залатая", а даступнасьць і месца. Дзе людзі ўласна спажываюць сьпіртовыя напоі — гэта і выхоўвае культуру спажываньня.

У Менску зараз шмат кавярняў на любы густ. Хочаш выпіць віна, пойдзеш у адно месца, хочаш выпіць добрага піва — пойдзеш у іншае. Бары, спажываньне рэгулюе і кошт. Адносна заробкаў у Менску кошт не такі і вялікі ў параўнаньні зь іншымі краінамі, і вось гэты кошт у бары і рэгулюе, колькі ты вып’еш — сапраўды, ты можаш ужыць меней.

Што тычыцца спальных раёнаў, то там, можа, і мала што зьмянілася. Там сапраўды можна ўбачыць, як пацяплее, на лавачкі вывальваюць людзі і спажываюць там шмат, і ня піва, і могуць дапіцца да ня вельмі добрага стану. У малых гарадах такіх месцаў, дзе можна «культурна адпачываць», скажам так, таксама яшчэ мала, асабліва ў мястэчках, на вёсках. Вось гэта, я так думаю, найбольш уплывае на культуру.

Дракахруст: Жанна, як вы лічыце — гэта ўсё ж вынік сацыяльна-эканамічных чыньнікаў, такіх як зьбядненьне людзей ці ўзбагачэньне, ці гэта ўсё ж такі мода? Ну віно не такое таннае, тым больш, што вінішка-цян — звычайна ў прыгожых акулярах, з такой фрызуркай. Тут бырла піць ня будзеш, а добрае віно — яно дарагое, але трэба быць у вобразе.

Новік: Мне здаецца, што проста ў якісьці момант у тых жа сацыяльных сетках зьявілася мода сапраўды на напоі любыя — гэта не канкрэтна пра віно, але я ведаю, што некаторыя блогеры нават зрабілі сабе кар’еру на гульні са стэрэатыпам вінішка-цян, жанчыны, якая любіць віно. І зарабляюць зараз вялікія грошы, і яны самі прызнаюць, што менавіта тэма ўжываньня алькаголю, віна жанчынамі зрабіла іх папулярнымі — гэта глядзіцца, гэта цікава, гэта сьмешна для моладзі.

Дракахруст: Сьмешна ці прыкольна?

Новік: Так, гэта проста прыкольна, гэты тыпаж. Па-сутнасьці, яны рэклямуюць ужываньне алькаголю. Я ня думаю, што празь іх вырасла колькасьць людзей, якія ўжываюць алькаголь, але вось такая тэндэнцыя назіралася яшчэ тры гады таму, калі зьявіўся гэты стыль вінішка-цян.

Са свайго асяродзьдзя я магу сказаць, што зьявілася мода нават на нейкія асаблівыя напоі, якія цяжка дастаць, таму што Беларусь усё ж такая краіна, куды завозяць пэўны канкрэтны набор напояў. У крамах часьцей за ўсё мы бачым беларускай вытворчасьці вельмі танныя алькагольныя напоі, і нават тое самае «Лідзкае» піва зрабіла такі прыкольны рэбрэндынг, калі пачало выпускаць лімітаваныя калекцыі піва кшталту «Вечар у Бруге». Мне здаецца, што сярод моладзі сапраўды няма такой тэндэнцыі, што хочуць проста напіцца.

Мартыновіч: Ёсьць яшчэ адзін нюанс з крамамі, што ўплывае на спажываньне алькаголю ў буйных маштабах. Калі паглядзець, які памер займае алькагольны аддзел, а які іншыя, то хутчэй за ўсё алькагольны будзе ледзь не ў чатыры разы болей, і чалавек, каб патрапіць па хлеб, праходзіць праз алькагольны аддзел. І вось ён ідзе сабе такі стомлены з працы, і адразу першае, што ён бачыць у краме — гэта алькаголь. Ён можа на гэта павесьціся і зачапіць сабе піўка, віна ці яшчэ чагосьці.

Новік: Вельмі папулярныя відэа ў інтэрнэце з камэр назіраньня: у панядзелак колькі людзей бяруць алькаголь, у аўторак, сераду, і ў пятніцу проста бум, наплыў людзей, калі яны проста зьмятаюць усё з прылаўкаў. А ў суботу проста пустыя прылаўкі стаяць, таму што няма чаго выставіць.

Соўсь: Жанна, а які ваш улюбёны напой?

Новік: Віно!

Соўсь: А якое?

Новік: Чырвонае францускае.

Соўсь: А ваш, Арцём?

Мартыновіч: Ну, я па піве збольшага.

Соўсь: А ваш, Юра?

Дракахруст: Гарэлка, зразумела.

Соўсь: Мае густы мяняліся: калісьці я вельмі любіла каньяк, цяпер — таксама віно, любое.

Дракахруст: А ў гэтым сэнсе, Ганна, гадоў 15-20 — якая была мода, стыль дзявочага, жаночага піцьця? Мужыкі дык у асноўным пілі ўсё, што гарыць, і пакрапчэй. А што было прынята, модна піць жанчынам?

Соўсь: Таксама глядзелі, колькі грошай у кішэні. Калі ты ідзеш у рэстарацыю, віно заўсёды было вельмі дарагое. На беларускае шампанскае, калі так можна назваць, больш-менш была цана прымальная, таму ў рэстаране бралі шампанскае, хтосьці піва. Тут усё ж вельмі індывідуальна. Мне падаецца, і каньяку ў Беларусі досыць вялікі выбар ёсьць, гэта не сапраўдны каньяк, калі дакладна казаць, але таксама людзі ўжываюць.

Мне падаецца, усё ж рэальна сталі менш піць, маладзейшае пакаленьне, ці піць лягчэйшыя напоі. Гэта сьведчыць пра тое, што робіцца ўсё больш папулярны здаровы лад жыцьця. Усё больш людзі сочаць за тым, якое ўзьдзеяньне ў якога напою.

З піва, канешне, таксама можна стаць алькаголікам, але, па вялікім рахунку, ня так, як з гарэлкі, і тым больш з тых напояў невысокай якасьці, якія стаяць танныя на паліцах беларускіх крамаў. Тут вырашаюць і магчымасьці, і грошы, якія ёсьць. Моцныя напоі, натуральна, пераважаюць у крамах, віно дарагаватае, у рэстарацыях тым больш, адпаведна моладзь вельмі часта робіць выбар на карысьць піва, таму што гэта адносна лёгкі і танны напой.

Дзе лепш харчавацца?

Дракахруст: А вось яшчэ адна зьмена — стаўленьне да хатняй ежы. Цяпер купіў у краме паўфабрыкат, разагрэў у мікрахвалёўцы — хутка і эканамічна. Ці зайшоў некуды ў горадзе, падʼеў, перахапіў... Раней і пайсьці асабліва не было куды — зараз ёсьць, прынамсі ў Менску. А гатаваць дома, стаяць ля пліты... Здаецца, што справа нават ня ў тым, што гэта страта часу. Для многіх фастфуд — ён і смачнейшы, чым хатняе. Ці так гэта? І ці так ужо распаўсюджаная гэтая тэндэнцыя?

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Соўсь: У нас у сям’і гатуем і муж, і я, але мая дачка, хоць яна асобна жыве, ужо можа нешта прыгатаваць, але ня хоча прынцыпова. Вельмі рэдка гэта робіць ці штосьці вельмі простае.

Дракахруст: То бок яна ў прынцыпе ўмее, але ня любіць?

Соўсь: Зараз як бы любы можа ўмець: паглядзі ў інтэрнэце рэцэпт ці запытайся, як што рабіць. Але яна ня лічыць гэта патрэбным, і калі мы заходзім да яе, то ў лядоўні там будзе вельмі мала, а таго, з чаго гатаваць, яшчэ менш. Гэта расьце новае пакаленьне, якое ня лічыць, па-першае, што жанчына павінна гатаваць мужу — я вельмі рада за гэта дарэчы, бо яны могуць і абодва гатаваць...

Дракахруст: Бо мужы таго не заслугоўваць...

Соўсь: Не, не таму што не заслугоўваюць — таму што гэта разам трэба рабіць, калі гэта падабаецца абодвум, хатняя ежа. У кожным выпадку гэта вырашаецца па-свойму, але я ведаю, што мая дачка, гатаваць, як я, дакладна ня будзе. Добра гэта ці дрэнна, але гэта так. Жанна, а як вы глядзіце на гэта? Ці бачыце вы як свой абавязак, каб нагатаваць, паехаць закупіцца прадуктамі, нешта намарозіць? Каб быў супчык кожны дзень?

Новік: Шчыра кажучы, я не люблю ежу, якую купляюць у крамах, нейкія гатовыя катлеты ці каўбаскі. Я часьцей сама гатую ці мой муж гатуе, бо часу не хапае заўсёды прыйсьці раней яго і згатаваць. Але добра, што ў мяне муж не трымаецца старых стэрэатыпаў, што трэба гатаваць толькі жанчыне. Ён таксама гатуе, і, напэўна, нават болей, чым я. Часьцей за ўсё ён гатуе, я нават жартую з гэтага.

Але сапраўды прайшоў той час, калі адной жанчыне трэба было гатаваць, і гэты стэрэатып проста сыходзіць у нябыт. Тут напэўна яшчэ справа звычкі — калі ты любіш хатнюю ежу, то ты будзеш яе гатаваць, таму што ня кожны можа есьці купленае ў краме, яно не заўсёды належнай якасьці.

Напрыклад, адна з прычынаў, чаму я не купляю ў крамах гатовае — бо я не давяраю якасьці прадуктаў, з якіх гатуюць у краме. Лепей згатую сама, чым куплю дзесьці. У рэдкіх выпадках, вядома, магу замовіць ежу з розных рэстаранаў — ці кітайскага, ці японскага, ці піцу, якая ў нас даволі распаўсюджаная і шмат даставак ёсьць.

Дракахруст: Арцём, а вашы якія на гэты конт густы? Што вам больш падабаецца? Хто што павінен рабіць, а што не павінен?

Мартыновіч: Мне падаецца, што такога павінен-не-павінен наогул ня мусіць быць. Цяпер ужо ніхто нікому нічога не павінен насамрэч. Хочаце харчавацца хатняй ежай — гатуе той, у каго ў гэты канкрэтны момант ёсьць на гэта час, магчымасьць і натхненьне. Што тычыцца пакаленьня, я б тут заступіўся.

Насамрэч я люблю хатнюю ежу і зрэдку набываю нейкі фастфуд. Гэта здараецца, можа, раз на год. Магу сам прыгатаваць, прычым часта раблю гэта з задавальненьнем. Тут праблема часу, і вось гэтая мода на фастфуд хутчэй абумоўленая тым, што ў людзей менш часу. То бок больш часу сыходзіць на працу, на забавы, нейкія сустрэчы, можа быць працоўныя, і менш на тое, каб пастаяць сапраўды ля пліты і нешта прыгатаваць. І гэта як у дзяўчат, так і ў хлапцоў. Час такі — ён зараз хутка ляціць.

Усё ж хатняя ежа, мне падаецца, заўжды будзе смачнейшая за любы фастфуд, любую піцу і іншае. Мне, напрыклад, час ад часу падабаецца, але зрэдку, паесьці ў нейкіх такіх спэцыялізаваных месцах, якія скіраваныя на беларускую кухню. Ці калі прыяжджаеш у нейкую краіну, хочацца паспрабаваць лякальную ежу, якую там гатуюць. І мне не падабаецца тэндэнцыя на пашырэньне ўжытку піцы, тайскай ежы, якая зараз ёсьць паўсюль, шаўрмы, якую ўсе чамусьці хваляць, але я яе не люблю, не разумею, чаму. Цікавая этнічная ежа, і больш смачнай заўжды будзе хатняя ежа.

Соўсь: Юра, а як вы на гэта глядзіце?

Дракахруст: У мяне любоў да рэстарацыяў, па шчырасьці скажу. Мне чамусьці цікавей у рэстаране. Не таму, што там смачней — ня ведаю. Магчыма, антураж на мяне робіць уражаньне.

Калі навацыя перастае быць модай, а робіцца нормай

Дракахруст: Заднім лікам рух навацыі здаецца няўмольным і пераможным. А гэта сапраўды так? Калі навацыя задае новую норму, а калі яна — мода, якая праходзіць? Гадоў праз 10 селфі будзе такім жа папулярным, як зараз? Ці новая моладзь, а тое і цяперашняя моладзь, а тады ўжо будзе і ня моладзь, будзе паціскаць плячыма — сэлфі, ай, адстой нейкі, пачатак стагодзьдзя? Што ёсьць мода, а што ёсьць норма?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Новік: Мне здаецца, што гэтыя паняцьці пераклікаюцца, таму што мы ня можам ведаць, што будзе папулярна праз 20-30 гадоў. Вынайдуць нейкія галяграмы, чалавек будзе рабіць галяграмы сябе, і гэта будзе модна.

Мартыновіч: А можа быць чалавецтва адмовіцца ад электраэнэргіі і будзе жыць у палацах праз 100 гадоў. Мы ня можам гэтага ведаць. Былі ў свой час касэты для аўдыёмагнітафонаў. Да таго былі кружэлкі. А яшчэ да таго, пры Савецкім Саюзе, наразалі пласьцінкі на здымках, каб мець у сябе нейкую музыку. Усё гэта адышло, бо час сышоў. І калісьці нешта застанецца ад сэлфі, магчыма. Яны будуць раздрукаваныя ў нейкім альбоме, захоўвацца недзе, і бабуля будзе паказваць свайму ўнуку, як яна калісьці сэлфі рабіла.

Новік: А можа хіпстары, нейкая асобая групоўка будучага пакаленьня, будзе рабіць такія ж сэлфі, як зараз некаторыя захоўваюць плястынкі і слухаюць іх на якасных грамафонах, аддаючы вялікія грошы за тэхніку, і гэта будзе лічыцца нечым асаблівым і крутым.

Соўсь: Фота дранікаў ці відэа, як яны робяцца, з самымі сучаснымі сродкамі, якія зараз ёсьць ці яшчэ будуць, колькі б іх не выстаўлялі, у любых сацсетках і любых формах камунікацыі, якія будуць, гэта будзе сучасна і запатрабавана. Вечнае для большасьці беларусаў будзе жыць, а тыя формы, у якіх яно будзе выклікаць задавальненьне і спрэчкі, дадаваць муку ці не дадаваць — гэта будзе мяняцца. А дранікі застануцца.

Мартыновіч: Тут пытаньне каштоўнасьцяў: напрыклад, сэлфі ў прыбіральні ў начным клюбе — гэта адно, а сэлфі зь Лявонам Вольскім — гэта зусім іншае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG