Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На магілеўскім фэсьце знайшліся тыя, хто каштаваў дранікі ўпершыню


29 верасьня магілёўцаў кармілі дранікамі. Пакаштавалі іх і госьці з Кітаю.

Магілёўская суполка «Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў» зладзіла традыцыйны «DranikFest», які пазыцыянуецца, як фэстываль нацыянальнай ежы і культуры. Паводле арганізатараў, на гатаваньне пайшло больш як 300 кіляграмаў бульбы.


«Бульбы шмат — ад дранікаў нікуды не падзецца»

Каб пакаштаваць дранікаў, на фэст ішлі сем’ямі і выстойвалі ў немалой чарзе. Усе, з кім удалося пагутарыць, бульбяныя аладкі называлі беларускай нацыянальнай стравай.

«Колькі жыву, столькі ў нас іх і гатуюць, таму дранікі нацыянальная страва. Да таго ж яны смачныя», — кажа дзяўчына, якая даядае сваю порцыю.


«Паколькі бульба ў Беларусі лічыцца другім хлебам і яе шмат, — падхоплівае яе суседка, — то ад дранікаў нікуды не падзецца».​

Дранікаў у кітайскай кухні няма

Прыйшлі на фэстываль і кітайскія мэдыкі, якія практыкуюцца ў адной з магілёўскіх паліклінік. Дранікаў дагэтуль яны не каштавалі. У кітайскай кухні няма падобнага, адзначаюць госьці.

«У нас ёсьць бульба і мы яе дужа любім, — казалі суразмоўцы, чакаючы чаргі. — Ямо яе ў любым гатаваным выглядзе: смажаную, вараную, зь мясам, са спэцыямі, але страў, падобных да дранікаў, не гатуем.


На разьвітаньне госьці з Кітаю адзначылі, што на іхную думку, дранікі здаровая ежа і яна ім спадабалася.

Хто згатаваў найлепшы дранік фэсту

У адрозьненьне ад мінулых гадоў, фэстывальную праграму сёлета вялі беларускамоўныя ды-джэі.

«На сёлетнім фэсьце, — кажа лідэр „Цэнтру гарадзкіх ініцыятываў“ Юры Стукалаў, — больш беларускай мовы ды музыкі, а таксама багата беларушчыны ў забавах».

У конкурсе на найлепшы дранік удзельнічала восем камандаў. Гэта найбольшая колькасьць за чатыры гады правядзеньня фэсту. Галоўны прыз журы аддала камандзе з Унівэрсытэту харчаваньня.

Пераможцу ў намінацыі «Глядацкіх сымпатыяў» журы назаве пазьней. Яго, паводле ўмоваў конкурсу, вызначаюць наведнікі фэсту. Яны ацэньваюць смак драніка грашыма. Іх сума і вызначае, хто перамог у намінацыі.

Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў ладзіць «DranikFest» ад 2014 году. Месцам правядзеньня арганізатары абралі этнаграфічны комплекс «Зялёны гай». Тут са старых зрубаў узьведзены хутар. Яго сядзібы выкарыстоўваюць для працы рамесьнікаў і адпачынку гараджанаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG