Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі і як абмяжоўвалі продаж алькаголю ў Беларусі і што з гэтага выйшла


Архіўнае фота. Крама ў Віцебску перад Славянскім базарам

Менскі гарвыканкам прыняў рашэньне абмежаваць у начны час продаж алькагольных напояў з 1 кастрычніка 2018 года. Калі і ў якіх яшчэ гарадах абмяжоўвалі продаж алькаголю?

Паводле менскіх уладаў, штодня цягам году з 23:00 да 7:00 будзе забаронены продаж алькаголю, у тым ліку і піва.

Аб правядзеньні ў краіне «на пэўных тэрыторыях» экспэрымэнту па абмежаваньні часу продажу алькагольных напояў у ліпені, паведаміў сёлета ў ліпені першы намесьнік міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Артур Карповіч.

Раней паведамлялася, што на Магілёўшчыне гэта будзе Быхаўскі раён, дзе зладзілі грамадзкае абмеркваньне. Забарону плянавалі ўвесьці з 1 кастрычніка гэтага года па 1 кастрычніка 2019 года з 23.00 да 7 гадзін. Аднак рашэньне пакуль не прынятае, паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Быхаўскім райвыканкаме.

Забарона пратрымалася менш за тры месяцы

У 2015 годзе ў Менску і ў абласных гарадах уводзілася забарона на продаж алькагольных напояў з 22-й да 9-й гадзіны. Правіла дзейнічала з 15 чэрвеня. Але літаральна празь месяц Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой скрытыкаваў дзеяньні ўраду па абароне ўнутранага рынку алькагольнай прадукцыі. А з 25 жніўня забарона на продаж алькаголю ў крамах была зьнятая.

У абласных цэнтрах забарона на рэалізацыю алькагольных напояў у начны час дзейнічала і раней. У Гомлі з 31 кастрычніка 2013 году праходзіў «лякальны экспэрымэнт па абмежаваньні даступнасьці алькагольных, слабаалкагольных напояў і піва», а пазьней — акцыя «За здаровы лад жыцьця».

У жніўні 2013 году ў Берасьці ўвялі забарону на рэалізацыю ў начны час алькагольных напояў (коштам ніжэй за 1,5 базавай велічыні, за выключэньнем шампанскага, вінаградных вінаў, гарэлкі ў сувэнірным афармленьні, каньяку.).

На той час у Пінску абмежавальны рэжым рэалізацыі алькагольных, слабаалькагольных напояў і піва дзейнічаў са жніўня 2011 года.

У 2010 годзе па просьбе жыхароў Віцебска крамы забаранялі продаж сьпіртнога з 23 гадзін да 8 гадзін у начных крамах.

Тры гады дзейнічалі абмежаваньні на продаж алькагольных напояў у Магілёўскай вобласьці, але ў 2009 годзе іх адмянілі. Напоі нельга было набыць з 21 гадзіны вечара да 9 гадзін раніцы.

Кароткачасовыя абмежаваньні на продаж алькаголю

Продаж алькаголю абмяжоўваюць падчас ўборкі ўраджаю.

Летась па рашэньні сельвыканкамаў Віцебскай вобласьці яго нельга было набыць з 17-й да 11-й гадзіны. У Талачынскім раёне 7 сельвыканкамаў аб’яўлялі кругласуткавую забарону на продаж сьпіртнога.

Таксама трапляюць пад забарону алькагольныя напоі ў дні выпускных вечароў.

Браслаўскі райвыканкам абмяжоўваў сярод іншага продаж алькаголю з 0 да 24 гадзін у Дні цьвярозасьці, 31 сакавіка, 21 красавіка, 6 кастрычніка, 17 лістапада. А таксама 1 верасьня, у Дзень ведаў.

Алькаголь на 500 мэтраў ад фэстываляў

У Горадні абмяжоўвалі на чатыры гадзіны сёлета продаж алькаголю ў дзень сустрэчы выпускнікоў, а таксама падчас Фэстывалю нацыянальных культур алькаголь не прадавалі ў гандлёвых кропках, разьмешчаных на адлегласьці 500 мэтраў ад фэстывальных пляцовак.

Продаж сьпіртных напояў абмяжоўвалі ў Віцебску ў дні фэстывалю «Славянскі базар». Алькаголь вырашылі не прадаваць у крамах, якія разьмешчаны ў радыюсе 500 мэтраў ад месцаў правядзеньня канцэртаў і за гадзіну да іх пачатку. У іншыя гады гэтыя абмежаваньні дзейнічалі з 16 гадзін і ў радыюсе да пяці кілямэтраў ад Летняга амфітэатра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG