Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піць віно ці ня піць


На працягу многіх гадоў лекары рэкамэндавалі пацыентам памяркоўна спажываць чырвонае віно, сьцьвярджаючы, што гэта добра для сэрца і судзінаў.

Памяркоўнае спажываньне алькаголю лічылася нават лепшым, чым поўнае ўстрыманьне, а тым больш, чым запойны алькагалізм.

Але вось у апошнія гады мэдыкі пачалі мяняць сваю думку. Дайшло да таго, што ў 2016 годзе ў Вялікай Брытаніі зьменшылі норму штодзённага спажываньня алькаголю з двух келіхаў да аднаго або да паўтары пляшкі ў тыдзень.

Пра гэта на сайце sharecare. com піша Роўз Гаез.

Вынікі новага дасьледаваньня

Вялікае дасьледаваньне, праведзенае ў 2017 годзе, паказала, што нават памяркоўнае спажываньне алькаголю — адзін келіх віна ў дзень для жанчыны і паўтара келіха для мужчын — можа зь цягам часу прывесьці да пашкоджаньня мозгу.

Чым больш алькаголю чалавек спажывае, тым больш у яго памірае клетак ў гіпакампе — частцы мозгу, адказнай за памяць. Навукоўцы падлічылі, што ў памяркоўнага спажыўца алькаголю ў тры разы большыя шанцы атрымаць атрафію клетак гіпакампу, чым у цалкам непітушчых.

Непітушчы — неабавязкова здаравейшы

Людзі, якія не пілі зусім, ня мелі паталягічных зьменаў у мозгу, але, пры гэтым, ня мелі і істотных пераваг для здароўя ад свайго цьвярозага жыцьця.

Лекары паспрабавалі якасна прааналізаваць атрыманыя вынікі. У рэшце рэшт з узростам у чалавека частка клетак мозгу адмірае натуральным чынам, што не перашкаджае людзям нармальна функцыянаваць.

Высьветлілася тым ня менш, што ў тых, хто спажывае больш за сем келіхаў віна ў тыдзень, кагнітыўныя здольнасьці былі ніжэйшыя, але розьніца была зусім малой.

Як ні круці, але вынікі новага дасьледаваньня супярэчаць агульнапрынятым рэкамэндацыям спажываньня алькаголю. Той хто п’е адзін келіх віна ў дзень і ў дадатак некалькі келіхаў віна ў выходныя будзе мець большую рызыку атрымаць атрафію гіпакампа.

Што рабіць аматарам віна

Ці пераважаюць выгады для сэрца рызыку ад спажываньня алькаголю?

На думку некаторых навукоўцаў, няма ніякіх доказаў таго, што алькаголь сапраўды карысны для сэрца. Ёсьць толькі статыстыка, што людзі, якія спажываюць алькаголь у памяркоўных дозах, маюць меншую рызыку сардэчных хваробаў і заўчаснай сьмерці.

Затое, кажуць тыя ж лекары, ёсьць абсалютна дакладныя доказы, што як толькі вы перавышаеце памяркоўную дозу спажываньня алькаголю, ён становіцца для вас шкодным.

Так што калі вы любіце віно, абмяжуйцеся адным келіхам віна ў дзень. Або і меншай дозай.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG