Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як з нуля зрабіць карʼеру ў Канадзе. Досьвед беларуса, які зьехаў у 33 гады


У Беларусі Ігар Макаловіч быў фотакарэспандэнтам цэнтральных газэт, а ў 33 гады вырашыў усё зьмяніць і зьехаў у Канаду. Цяпер ён пасьпяховы бухгальтар, разам з жонкай Ганнай гадуюць дачок-паліглётак, народжаных за акіянам.

У 1990-я Ігар Макаловіч працаваў фотакарэспандэнтам самай масавай газэты Беларусі — «Знамя юности», наклад якой тады перавышаў 800 тысяч асобнікаў. Ён дагэтуль перакананы: першыя сувэрэнныя гады сталі найбольш плённымі для журналісцкай творчасьці, а чытачы, прагныя свабоднай інфармацыі, забясьпечвалі шалёныя наклады.

Усё пачало зьмяняцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Новаабраны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка падзяліў журналістаў на «чэсных» і «нячэсных», культавыя СМІ ператварыліся ў інструмэнты ўлады. Папулярная некалі «Знамёнка» цяпер мае зусім сьціплы наклад і ўваходзіць у выдавецкі дом адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь сегодня» (колішняя «Советская Белоруссия»).

Ігар з жонкай Ганнай
Ігар з жонкай Ганнай

Ня бачачы акрэсьленай пэрспэктывы, Ігар вырашыў кардынальна памяняць жыцьцё і пачаць з нуля ў Канадзе. Сёньня яму 48 годоў, ён мае некалькі дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі і прэстыжную працу, свабодна валодае ангельскай і францускай мовамі. Штогод выбіраецца на радзіму, каб пабачыцца з мамай і малодшым братам Уладзімерам. У адзін з такіх прыездаў карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь ім пра старыя часы і цяперашнія рэаліі.

Мару пра «крутога бармэна» перабіла журналістыка

Лёс братоў Макаловічаў быў перадвызначаны атмасфэрай, у якой яны гадаваліся. Мама ўсё жыцьцё адпрацавала ў Інстытуце фізыкі Акадэміі навук Беларусі, але апошняе слова было за бацькам.

Ігар Макаловіч у школьныя гады
Ігар Макаловіч у школьныя гады

Іван Пятровіч Макаловіч — вядомы журналіст і літаратар. Пачынаў у «Менскай праўдзе», прайшоў усе прыступкі да галоўнага рэдактара газэты «Звязда». Кіраваў Дзяржаўным камітэтам па друку, старшыняваў у Саюзе журналістаў Беларусі. За часамі незалежнасьці працаваў намесьнікам рэдактара парлямэнцкай «Народнай газеты», сьледам за Ёсіфам Сярэдзічам сышоў у новаствораную «Народную Волю». Памёр у канцы 2017 году.

«Сам я хацеў ісьці або ў фізкультурны, бо сем гадоў займаўся грэка-рымскай барацьбой, або ў „наргас“ на бармэна — аднаклясьніцы ўсе вушы прагудзелі, як гэта крута, — сьмяецца Ігар. — Ясна, бацькі супраць, толькі журналістыка. Праўда, з гуманітарнымі прадметамі ў мяне было туга, а вось матэматыку любіў: дастаткова зірнуць на дошку, як ужо ёсьць адказ, я вельмі хутка лічу ў галаве. Да адʼезду ня меў нават тэлефоннай кніжкі, памятаў больш за сотню нумароў. Бязь сьціпласьці кажу: матэматычныя здольнасьці ў мяне вышэй за сярэднія».

Падчас службы ў Печах
Падчас службы ў Печах

У выніку дасягнулі кампрамісу — журфак з фотаспэцыялізацыяй. Балазе, з нуля пачынаць не давялося. Калі яшчэ Макаловічы жылі ў менскім мікрараёне Зялёны Луг, у 147-й школе працаваў гурток, які вёў Юры Плюшчаў — кінаапэратар-дакумэнталіст зь «Беларусьфільму». Ігар дагэтуль памятае свой першы фотаапарат, які атрымаў у 4 клясе — «Смена 8М». Здымачны працэс, праяўленьне стужкі ў лябараторыі, друкаваньне фатаграфій зачапілі «да самай глыбіні».

«Ну і паступіў на журфак — на завочнае аддзяленьне, бо адначасна пайшоў сьлесарам-інструмэнтальшчыкам на тэлезавод „Гарызонт“, — распавядае ён. — Хацеў фінансавай незалежнасьці ад бацькоў. Рабіў штампы для мікрасхемаў, а пасьля заканчэньня зьмены хадзіў па цэхах, фатаграфаваў перадавікоў вытворчасьці для шматтыражкі. Затым была служба ў Печах, друкаваўся ў дывізіённым „баявым лістку“, прызначылі рэдактарам палкавой газэты. А з дэмабілізацыяй перакачаваў у акруговую „Во славу Родины“, сябраваў зь Віцем Харошкам, Сашам Тамковічам“.

Сьлядамі брата на журфак пайшоў і малодшы брат Валодзя, але журналістам ня стаў — вырас у высакакляснага турыстычнага мэнэджэра.

З даўнім сябрам Аляксандрам Тамковічам, Менск, красавік 2019
З даўнім сябрам Аляксандрам Тамковічам, Менск, красавік 2019

Дэмакратычная вольніца «ліхіх 1990-х»

Якраз тады да піку папулярнасьці набліжалася камсамольска-моладзевае выданьне «Знамя юности». Ігар Макаловіч прапанаваў фотарэпартаж з гаўптвахты, які ня меў шанцаў зьявіцца ў вайсковай газэце. Дэбют быў фэерычны: адказны сакратар Юры Вельтнер выставіў адразу дзясятак здымкаў. Праўда, з «Во славу Родины» мусіў разьвітацца «за абразу арміі».

У «Знамёнку» парушальніка рэжыму залічылі ажно на дзьве пасады: у сакратарыят і на паўстаўкі фатакарам. Адзін дзень вярстаў, наступны — здымаў. Быў 1990 год, над беларускім грамадзтвам лунаў дух свабоды, які, лічыць суразмоўца, наўрад ці ўдасца паўтарыць.

Ігар Макаловіч, Раман Рудзь і Сяргей Арлоўскі ў Маскве, жнівень 1991 году
Ігар Макаловіч, Раман Рудзь і Сяргей Арлоўскі ў Маскве, жнівень 1991 году

А неўзабаве адбыўся сурʼёзны «прафэсійны хрост» — камандзіроўка ў Маскву, дзе ў жніўні 1991-га здарылася спроба дзяржаўнага перавароту.

«Незвычайныя адчуваньні, як у чаканьні вайны, — згадвае Ігар Макаловіч. — Гараць аўтобусы, людзі разьбіраюць брусчатку, нейкі сюр... З журналістамі Раманам Рудзем і Сяргеем Арлоўскім начавалі проста на падлозе ў рэдакцыі «Московского комсомольца», а галоўны рэдактар Павел Гусеў вазіў нас на барыкады, дзе сустракалі шмат вядомых тады людзей, праціўнікаў ГКЧП... Вяртаемся ў рэдакцыю, уладкоўваемся ў праходзе паміж сталамі, побач тэлефануе журналіст Артур Гаспаран: «Ала Барысаўна (Пугачова. — РС), што думаеце адносна путчу?»

Градус гарачых падзей падвышаўся: у 1992-м разам з Раманам Рудзем выправіліся асьвятляць канфлікт у Нагорным Карабаху. Траплялі пад абстрэлы, побач рваліся снарады. Экстрэмальныя адчуваньні прытупіліся толькі пад канец першага тыдня, згадвае Ігар Макаловіч.

Нагорны Карабах, Раман Рудзь бярэ інтэрвію ў салдата
Нагорны Карабах, Раман Рудзь бярэ інтэрвію ў салдата

«Некалькі начэй ня мог заснуць — страшна, усё грукоча. Дый наагул столькі трагедый вакол. Вось жывуць у вёсцы тры пакаленьні адной сямʼі. Гаспадар паехаў у поле, тым часам у дом трапляе снарад. Ён вяртаецца і бачыць, што загінулі ўсе — жонка, дзеці, унукі. Стаіць дзядуля, плача на руінах, пад якімі пахаваныя ўсе родзічы. Як рэагаваць? Здымаем, хоць гэты боль, адчай перадаць немагчыма. Калі пасьля прыяжджаеш у Менск, шок толькі ўзмацняецца: наколькі ўмоўная лінія паміж бядой і абыякавасьцю».

Няспраўджаныя мары пакаленьня незалежнасьці

Нягледзячы на пэрманэнтныя палітычныя ўзрушэньні, сярэдзіну 1990-х Ігар Макаловіч параўноўвае з «касьмічным караблём», які імкліва выходзіў на арбіту небывалых да таго магчымасьцяў. Першыя мільянэры, брэндавыя крамы, музычныя фэсты — усё было ў навінку. Зрэшты, неўзабаве давялося рабіць «аварыйную пасадку».

На музычным фэсьце «Басовішча» у польскім Грудку, 1990 год
На музычным фэсьце «Басовішча» у польскім Грудку, 1990 год

«Разьвіваўся бізнэс, было шмат рэклямных замоваў. „Дайнова“, „Пушэ“, камэрцыйныя банкі, фінансавыя кампаніі — усё расло як на дражджах! Мне здавалася, што я жыву ў вельмі спрыяльны час, займаюся цікавай і, што важна, прыбытковай справай. Цяжка было ўявіць, дзе з такімі тэмпамі мы апынемся праз 5–10 гадоў! Нават вынікі прэзыдэнцкіх выбараў спачатку ня вельмі палохалі. Так, я цудоўна бачыў, хто такі Лукашэнка, але падавалася, што нічога страшнага, 5 гадоў неяк ператрываем. Прагадалі: прыватнікаў заціснулі, прыбыткі ўпалі, мэдыі прыкрылі...»

На мяжы новага тысячагодзьдзя Ігар сказаў сам сабе: жыцьцё адно, пакуль дазваляе ўзрост, трэба спрабаваць нешта зьмяніць. Тады яшчэ не было думкі пра міграцыю, але на фоне «крызісу 33 гадоў» патрабаваліся радыкальныя зьмены. Плюс стала відавочна, што дае расколіну шлюб з жонкай Інай, таксама журналісткай.

Фотамайстры 1990-х: Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка, Ігар Макаловіч
Фотамайстры 1990-х: Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка, Ігар Макаловіч

Пачаў вучыць ангельскую мову, прыглядацца, куды зь «беларускай стабільнасьці» зьбягаюць сябры, знаёмыя. Канчаткова вызначыцца дапамагла выпадковая сустрэча.

«У мяне быў прыяцель, зь якім мы расьлі ў адным падʼезьдзе, але потым сувязі неяк страціліся. Ён прафэсійны плывец, майстар спорту міжнароднага клясу. Выпадкова сустрэліся праз шмат гадоў. Аказалася, выступаў на моладзевым чэмпіянаце сьвету ў Канадзе, краіна яму настолькі спадабалася, што вярнуўся туды назаўжды. Адкрыў школу плаваньня ў Таронта, мае некалькі басэйнаў, трэніруе дзяцей. Ну, і я пасьля гэтага загарэўся, пачаў маніторыць, ці цяжка сабраць дакумэнты, ці рэальна прайсьці гутарку. Як аказалася, усё ня так складана...»

Таронта з вышыні птушынага палёту
Таронта з вышыні птушынага палёту

Так у 2003 годзе Ігар Макаловіч упершыню ступіў на канадзкую зямлю. Згадвае, што шок перажыў у першыя ж хвіліны: думаў, што прымальна ведае ангельскую мову — аказалася, што ня можа нават разабрацца, якая наступная станцыя ў мэтро Таронта. Такая мігранцкая доля — усьвядоміць адарванасьць ад рэаліяў, кажа Ігар.

«Я шмат дзе адзначыўся — на мэблевай фабрыцы, на будоўлі. Пакуль урэшце не зразумеў: не хачу мець кампрамісную працу, а павінен адбыцца як спэцыяліст, займацца тым, што рэальна падабаецца. Пачаў чытаць спэцыяльную літаратуру, прайшоў псыхалягічны тэст, каб вызначыць, дзе мог бы прыкласьці здольнасьці. У пераліку прафэсій, якія адпавядалі майму характару, сярод іншага значылася і бухгальтэрыя. Паколькі мне заўсёды падабаліся складаныя задачы, над якімі трэба паламаць галаву, вырашыў разьвівацца ў гэтым кірунку».

З дачкой Алісай
З дачкой Алісай

Вучоба нанова і прафэсійная перакваліфікацыя

За акіянам Ігар Макаловіч другі раз ажаніўся. Жонка Ганна Быкава — беларуска, журналістка па адукацыі, у Менску была рэдактаркай забаўляльнай газэты «Антенна». Каб засяродзіцца на навучаньні, пераехалі ў Манрэаль — правінцыя Квэбэк мае асаблівы статус, адукацыйны працэс там нашмат таньнейшы. Праўда, паралельна паўстала яшчэ адна задача — француская мова, якая ў рэгіёне зьяўляецца асноўнай.

З жонкай Ганнай
З жонкай Ганнай

Два гады займаўся моўнай практыкай, атрымаў дыплёмы на валоданьне ангельскай і францускай у сваёй галіне. Скарыстаўся дзяржаўнай дапамогай і паступіў у эканамічны каледж, які пасьпяхова скончыў па скарочанай праграме — як сам жартуе: паколькі не тынэйджэр, дазволілі адкінуць сьпевы, працу і фізкультуру.

Каб асвойваць азы новай прафэсіі, уладкаваўся ў невялікую фірму. Той базы, якую меў, падалося мала — цяпер ужо за свае грошы пайшоў ва ўнівэрсытэт Макгіла (McGill University), найстарэйшы і самы вядомы ў Канадзе. Паводле розных рэйтынгаў, ён стабільна ўваходзіць у дваццатку самых прэстыжных ВНУ сьвету. Цяпер Ігар Макаловіч дыплямаваны бухгальтар.

«Можна і далей разьвівацца, да топ-бухгальтара, — кажа ўладальнік шматлікіх дыплёмаў. — Пакуль жа вырашыў скіраваць высілкі ў дадатковы занятак — fiscalité (сплата падаткаў), у падатковы сэзон дапамагаю людзям афармляць дэклярацыі, скончыў курсы ў акадэміі. Наогул, сэртыфікатамі ўжо можна сьцяну завесіць, але мне падабаецца ўдасканальвацца. Самая вялікая выснова, зробленая тут: вучоба — гэта проста, чэсна і апраўдана. Ніякіх сымпатый ці блату: адзін выкладчык вучыць, іншы правярае (ці наагул кампутар). Ацэньваюцца толькі адказы, без асабістага стаўленьня».

Адрозна ад постсавецкай прасторы, працягвае Ігар Макаловіч, у Паўночнай Амэрыцы прафэсія бухгальтара надзвычай папулярная сярод мужчын.

З каляжанкамі-бухгальтаркамі
З каляжанкамі-бухгальтаркамі

«Тыпаж бальшыні бугальтараў, якіх я бачыў у Беларусі, — гэта, прабачце, „цётка з завіўкай і са шчотамі“. У Канадзе мужчын у гэтай галіне дакладна ня менш, а можа і больш. Прычым на самых розных узроўнях. Напачатку я абслугоўваў зусім маленькія фірмы, прычым адразу некалькі. Потым працаваў у холдынгу — яго заснаваў мігрант зь Лібану і за 20 гадоў выбудаваў шматмільённы бізнэс. Цяпер я ў мэнэджмэнт-кампаніі, якая кіруе гатэльнымі сеткамі. Звычайная справа: людзі набылі нерухомасьць, але паколькі няма досьведу кіраваньня, падключаюць спэцоў».

Ахвяраваць фотасправай для карʼернага росту

А ці спрабаваў Ігар зарабляць тым, што некалі прыносіла столькі задавальненьня — фатаграфіяй? Кажа, што на першым часе друкаваўся ў мясцовых СМІ, нават марыў пра ўласную студыю. Аднак узровень канкурэнцыі настолькі высокі, што выжываюць адзінкі.

Від на Манрэаль
Від на Манрэаль

«Хіба 5% добра ўладкаваныя, для астатніх гэта прыработак. У адным Манрэалі некалькі каледжаў, якія выпускаюць фатографаў дзясяткамі, такая колькасьць непатрэбная. Я сустракаў людзей, якія выдатна здымаюць і зь вялікім патэнцыялам, але так і не адбыліся ў прафэсіі — рынак перанасычаны, кудысьці ўціснуцца нерэальна. Нават калі ёсьць замова, будзе куча ахвотных. Робіцца рассылка, запаўняеш форму. Месяц патраціш на перамовы, а выберуць дзешавейшага. Так, можна яшчэ зарабіць у навагодні сэзон, а затым — поўны нуль».

Зрэшты, пра тое, што не ўдалося рэалізавацца ў фатаграфіі, Ігар Макаловіч не шкадуе: маўляў, адна справа, як ідзеш на заданьне ў 20 ці 30 гадоў, і зусім іншая, калі на носе «палціньнік».

На арандаваным «Мустангу»
На арандаваным «Мустангу»

Як і муж, від дзейнасьці мусіла радыкальна зьмяніць Ганна, яна працуе апэрацыйнай мэдсястрой. Таксама доўга вучылася, толькі нядаўна сплацілі адукацыйны крэдыт.

«Мэдсястра ў Паўночнай Амэрыцы — не зусім тое ж, што, дапусьцім, у Беларусі, — тлумачыць Ігар Макаловіч. — Прафэсія сама па сабе вельмі прэстыжная, ня так лёгка яе атрымаць, адпаведна, такія спэцыялісты ўсюды запатрабаваныя, на іх высокі і стабільны попыт. Як кажуць, яшчэ ня доктар, але зь вялікай колькасьцю розных функцый. Ну і, вядома ж, неверагодная адказнасьць — да гэтага таксама трэба быць гатовым».

Вераніка і Аліса Макаловічы
Вераніка і Аліса Макаловічы

Абедзьве іх дачкі нарадзіліся ў Канадзе: Алісе 10 гадоў, Вераніцы — паўтара. Ад маленства растуць паліглёткамі: школьная адукацыя франкамоўная, ангельская падключаецца пасьля пачатковай школы.

«Сытуацыя ў пэўным сэнсе ўнікальная. Калі ўзяць рэгіён ЗША і Канады — гэта больш за 350 мільёнаў чалавек. І толькі маленькая правінцыя Квэбэк з насельніцтвам, як у Беларусі, культывуе францускую мову. Трэба аддаць належнае, змагаюцца ўсімі сіламі, ёсьць куча законаў, каб утрымаць яе статус. Ніякіх надпісаў па-ангельску, дакумэнтазвароту, пазыцыя прынцыповая. Выключэньне — індзейскія рэзэрвацыі. Клалі яны на ўсё францускае, трымаюць казіно, гандлююць таннымі цыгарэтамі і гарэлкай, бо ня плацяць падаткаў, існуюць у сваім адасобленым сьвеце».

Франкамоўная правінцыя Квэбэк (На фота — славуты гатэль «Шато-Франтэнак»)
Франкамоўная правінцыя Квэбэк (На фота — славуты гатэль «Шато-Франтэнак»)

Чым прываблівае Канада іншаземцаў, якія атрымалі там другі шанец на рэалізацыю сваіх магчымасьцяў? Паўсюднае адчуваньне асабістай свабоды, — не задумваючыся, адказвае Ігар Макаловіч. Ну і, само сабой, унікальная прырода.

Другая па тэрыторыя краіна сьвету (пасьля Расеі) — адна з самых маланаселеных. Сапраўднае раздольле для разнастайнай жыўнасьці. Нікога ня дзівіць, што ўскрайкам Манрэалю можа прайсьці табун ласёў на сотню галоў, або падчас пікніка з кустоў вылезе янот і з важным відам далучыцца да застольля. Выбіраючыся ў лес, ня трэба выключаць сустрэчы зь мядзьведзем ці аленем, а зайцы, вавёркі, птушкі — штодзённыя спадарожнікі.

Хараство канадзкай прыроды
Хараство канадзкай прыроды

«Тут ніхто ня лезе ў душу, не задае дурных пытаньняў. Можаш выйсьці ў піжаме на каву, і ўсе зразумеюць. Увогуле, краіна неабмежаваных магчымасьцяў. Калі чалавек здольны, таленавіты, абавязкова знойдзе сваё месца. У Беларусі шмат што робіцца праз знаёмства, праз патрэбных людзей, а ў Канадзе працадаўца возьме лепшага — прыватніку раздаўбай не патрэбны. Адзіны ўмоўны мінус — сацыяльная дзяржава, што не падабаецца алігархам. Даюць зарабляць, але ня так, што грабі шуфлем — падзяліся зь бяднейшым. Ці шмат у сьпісе „Форбс“ канадцаў? Ну вось...»

Ігар Макаловіч кажа, што часта і з прыемнасьцю згадвае часы сваёй маладосьці — перадусім людзей, зь якімі давялося перажываць лёсавызначальныя падзеі 1990-х. Разам з тым ён ня ўпэўнены, што дараваў бы сабе, каб не паспрабаваў вырвацца з зачараванага кола безвыходнасьці, у якім апынулася радзіма.

Канадзкі беларус Ігар Макаловіч
Канадзкі беларус Ігар Макаловіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG