Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А хто там бяжыць?» — Ганна Севярынец пра выпускнікоў, якія зьяжджаюць


Апошні званок. Ілюстрацыйнае фота.
Апошні званок. Ілюстрацыйнае фота.

Вачыма настаўніцы. У такім фармаце на просьбу рэдакцыі Ганна Севярынец, настаўніца, пісьменьніца і літаратуразнаўца глядзіць на беларускае жыцьцё для чытачоў Свабоды.​

У смалявіцкіх настаўнікаў няшмат шансаў пабачыць сваіх найлепшых выпускнікоў пасьля апошніх экзамэнаў. Вярнуцца пасьля ўнівэрсытэту жыць і працаваць у Смалявічы — гэта нешта кшталту паразы: значыцца, ты недастаткова пасьпяховы.

Можа, таму ў Смалявічах амаль нічога няма: ані краязнаўчага музэю, ані сваёй выставачнай залі, ані тых, хто будзе ў музэі і на выставы хадзіць. Таксама няма ніводнага сквэру ці парку, гістарычнай будыніны ці адмысловай гарадзкой скульптуры — калі не лічыць за скульптуру бэтонны раскрыты гаманец, які стаіць ля мясцовага аддзяленьня банку.

Смалявічы.
Смалявічы.

Тыя, хто мог бы зрабіць Смалявічы раем зямным, зьехалі на Менск, атабарыліся па хмарачосах Каменнай Горкі і назаўсёды забыліся на расклад прыгарадных электрычак у бок Барысаву.

У гэтай зьявы, канешне, ня смалявіцкі маштаб. Страшна думаць, колькі іх, вартых самых важных справаў дома, зьехала карыстацца магчымасьцямі, якія ствараюць іншыя краіны.

Адно незразумела ў гэтым — калі кажуць: «А тут што? Што мне рабіць у гэтай краіне? Ані заробку, ані магчымасьцяў». Нібыта хтосьці іншы павінен зрабіць так, каб тут былі магчымасьці і заробкі. Нібыта гэта годна — зьехаць і карыстацца дабротамі, напрацаванымі чужымі дзядамі для сваіх унукаў, і пакінуць бацькоўскую ніву зарослай дзьмухаўцом, бо там, далёка, прыгожыя клюмбы.

Нібыта не прасьцей даць працы сваім рукам дома — замест таго, каб біць іх на чужой зямлі дзеля чужой будучай славы. Нібыта гэта слушна — перачакаць у Менску, покуль хто-небудзь выгадуе ў Смалявічах парк.

Нібыта гэта сумленна пералапаціць беларускія архівы не зь цікавасьці да продкаў, а з мэтай зьбегчы ў Польшчу? Нібыта гэта высакародна адправіць дзіцёнка вучыцца ў напаўлегальны беларускі ліцэй ня з мэтай падараваць яму беларушчыну, а з мэтай спрасьціць яму ўцёкі на чужыну?

Настаўніца Ганна Севярынец. Фота Аліны Арловай
Настаўніца Ганна Севярынец. Фота Аліны Арловай

Нічога не рабіць дома, забыць сваю мову, сваю культуру, не чытаць сваіх кніжак, ня тое каб не любіць — да проста ня ведаць сваёй гісторыі, і паехаць карыстацца тым, што будавалі не для вас, для іншых — будавалі тыя, хто любіў і любіць свой край.

Заўсёды быць у прымах у чужой хаце, палец а палец не стукнуўшы ў хаце сваёй.

А калі так падумаць: ну дык і што з таго, што ў тых Смалявічах ніколі не было ніякіх паркаў?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG