Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці браты навек беларус і кітаец


Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень"
Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень"

Што дае Беларусі эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва з Кітаем? Навошта Кітаю патрэбная Беларусь? Ці канкуруюць за Беларусь Масква і Пэкін?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш, эканаміст Яраслаў Раманчук і кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Юры Царык.

Сьцісла

  • Гандаль зь Беларусьсю – мізэрная доля зьнешняга гандлю Кітаю
  • Кітайскія праекты больш шкодзяць Беларусі, чым даюць карысьці
  • Узровень стратэгічнага партнэрства акрамя Беларусі Кітай мае толькі з Пакістанам, Расеяй і Вялікабрытаніяй
  • Беларусі, каб скарыстаць патэнцыял супрацы зь Кітаем, трэба самой мяняцца
  • Для Кітаю, для яго праекту «Шаўковы шлях», і Расея, і Беларусь – гэта зьвеньні аднаго ланцужку
  • У Расеі публічна баяцца «павароту Беларусі на Захад», а насамрэч маюць на ўвазе паварот да Кітаю

Стратэгічнае партнэрства Беларусі і Кітаю – міт ці рэальнасьць

Дракахруст: На гэтым тыдні адбываецца візыт прэзыдэнта Лукашэнкі ў Кітай. Кантакты паміж дзьвюма краінамі апошнім часам вельмі шчыльныя, у тым ліку і на вышэйшым узроўні.
Але я прапаную пагаварыць пра больш шырокі кантэкст, трэнд у двухбаковых адносінах. У Беларусі шмат гаворыцца пра стратэгічнае партнэрства з Кітаем, прыводзяцца лічбы росту гандлёвага абароту. Ці можна гаварыць у эканамічным сэнсе аб Кітаі, як аб нейкай альтэрнатыве Расеі і Эўразьвязу? Магчыма, ёсьць дынаміка ў гэтым накірунку?

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Раманчук: Гэта мроі, якія ня маюць ніякага сур'ёзнага падмурку. Дастаткова паглядзець на лічбы гандлёвага абароту. Летась экспарт Беларусі ў КНР склаў 482 мільёнаў даляраў. Але гэта складае 2 сотых адсотка ад агульнага імпарту Кітаю з усяго сьвету. У 2005 годзе доля імпарту з Беларусі ў агульным імпарце Кітая складала 7 сотых адсотка. Так што за апошнія гады актыўнай інтэграцыі зь Кітаем нашая доля ў яго імпарце ўпала ў 3 разы. Пераважная частка таго, што мы туды прадаём – гэта калійныя ўгнаеньні.

Наконт таго, ці зьяўляецца Беларусь значным, істотным рынкам для Кітаю – у 2018 годзе агульны экспарт Кітаю склаў 2.14 трыльёну даляраў, на Беларусь зь іх прападала 3.15 мільярды. Гэта менш 1%. Няма ніякіх падставаў казаць пра стратэгічнае партнэрства зь Кітаем, на якое прэтэндуе Беларусь.

Ёсьць месца Беларусі ў праекце «Шаўковы шлях», ёсьць інвэстыцыйныя праекты і крэдытныя лініі на 7 мільярдаў даляраў. Але калі мы паглядзім, што на іх зарабляе Кітай і што – Беларусь, то прыходзім да высновы, што гэтыя праекты робяць нам больш шкоды, чым даюць карысьці.

Дракахруст: Юры, у Яраслава стаўленьне агрэсіўна-адмоўнае. А можа ня ўсё так і кепска? Яраслаў мерае вагой у гандлі Кітаю. Але Кітай – эканамічны гігант, Беларусь – карузьлік. Гандаль з Беларусью і ня можа складаць ладнай часткі ў гандлі ніякага гіганту. Яна і ў сусьветным гандлі Расеі складае ня надта вялікую частку. Можа, варта вымяраць нечым іншым? Але зь іншага боку, Яраслаў прывёў лічбы: беларускі экспарт у КНР у 8 разоў большы за імпарт адтуль. Для параўнаньня: экспарт Беларусі ў Расею летась – 13 мільярдаў даляраў, імпарт адтуль – 23 мільярды даляраў. Прыкладна ўдвая менш. Але ўдвая, а не ў 8 разоў.

Царык: Стратэгічны характар адносінаў Беларусі з Кітаем – гэта не наўпроставая вытворная аб абʼёмаў гандлю, а юрыдычна вызначаная катэгорыя. Адносіны Беларусі з КНР сапраўды зьяўляюцца стратэгічнымі ў адпаведнасьці з падпісанымі дамоўленасьцямі. Такі ж узровень адносінаў Кітай мае толькі з Пакістанам, Расеяй і Вялікабрытаніяй. Што тычыцца дысбалянсу ў гандлі – сапраўды ён ёсьць. Толькі на самым пачатку двухбаковых адносінаў яны былі больш збалянсаваныя. Але ўжо на працягу апошніх 10 гадоў суадносіны экспарту і імпарту прыкладна такія ж, якія былі летась.

Дракахруст: Дык напачатку і абʼёмы гандлю былі мізэрныя.

Царык: Так, я згодны. Чым больш пашыраецца гандаль, тым большым робіцца адмоўнае сальда. Гэта адлюстроўвае дынаміку дзьвюх эканомік. Кітай дынамічна разьвіваецца, ён ужо сусьветны лідэр разам з ЗША. Кітай ператварыўся з атрымальніка тэхналёгіяў і іх донара. А Беларусь за апошнія гады, за выключэньнем некалькіх сэктараў, дзе была, там і засталася.
Як любіць казаць Лукашэнка, у сусьветнай эканоміцы калі ты не бяжыш наперад, ты адстаеш. Што мы і бачым на прыкладзе беларуска-кітайскага-гандлю.

Наконт альтэрнатывы расейскаму рынку – ёсьць пэўныя посьпехі ў гэтым накірунку. Доля калійных угнаеньняў у беларускім экспарце ў Кітай зьнізілася, хаця самы экспарт і вырас – павялічыліся долі харчоў, малочнай прадукцыі. Але зразумела, што паўнавартаснай альтэрнатывай расейскаму рынку кітайскі рынак ня ставіць. Мяркую, што Беларусь такую мэту і ня ставіць.

Беларуская пажаданая формула зьнешняга гандлю – «тры траціны», траціна з Расеяй, траціна – з ЭЗ, траціна – з усімі астатнімі. У сэнсе зьніжэньня залежнасьці па некаторых крытычных пазыцыях роля Кітаю вялікая і можа стаць яшчэ вышэй. Значная частка беларускай эканомікі – гэта адсталыя, састарэлыя вытворчасьці, якія на кітайскі рынак ня выйдуць ніколі. Яны і на расейскім рынку ўжо губляюць свае пазыцыі.

Што цячэ пад «Вялікі камень»

Дракахруст: Кірыл, Юры сказаў, што Беларусь сапраўды мае стратэгічнае партнэрства з Кітаем, якое Кітай мае яшчэ толькі з Пакістанам, Расеяй і Вялікабрытаніяй. Некаторыя экспэрты па Кітаю кажуць, што гэтыя кітайскія палітычныя формулы – гэта пэўнае лукаўства. Кітай не сябруе ні зь кім. Як пісаў Генры Кісінджар, кітайцы гуляюць не ў шахматы, а ў го. У міжнароднай палітыцы ў тым ліку. Гуляючы зь імі ў го, правілы якой беларусы ня надта ведаюць – яны і праўда маюць стратэгічнае партнэрства з КНР?

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Коктыш: Гэта і праўда так і ёсьць. Падмурак супрацоўніцтва Беларусі зь Кітаем зараз толькі закладзены. Я маю на ўвазе індустрыяльны парк «Вялікі камень». Ён пачаў працаваць добра, там каля мільярду даляраў прыцягнутых інвэстыцыяў. Там плянуецца дынамічнае разьвіцьцё, якое спалучыць кітайскія тэхналёгіі і беларускую працоўную сілу і інжынэрную думку.
Усё гэта можа спрацаваць. Зь іншага боку, Беларусь – стратэгічны пункт на «Шаўковым шляху». Тут варта разглядаць гэта ў кантэксьце адносінаў КНР з Эўразьвязам, якія склаліся пасьля візыту Сі Цзіньпіна ў Італію і Францыю. У сьвятле гэтага можна чакаць паглыбленьня супрацы Кітаю з Беларусьсю, Расеяй, Казахстанам. Беларусь аказваецца на вельмі выгадным месцы і яна можа гэта выкарыстаць.

Дракахруст: Лічбы таваразвароту паміж Беларусьсю і Кітаем ня надта натхняюць, асабліва велізарнае адмоўнае сальда. Але ёсьць яшчэ і гандаль паслугамі. Так выглядае, што Кітаю Беларусь цікавая па вялікім рахунку толькі як шлях транзыту на яго новым «Шаўковым шляху». Транзыт – гэта паслугі, гэта экспарт паслугаў. Можа балянс гандлю паслугамі больш на карысьць Беларусі?

Царык: Калі браць эканамічную статыстыку, то акрамя гандлю і таварамі і паслугамі, па якім у нас больш пазытыўны балянс, трэба глядзець яшчэ і фінансавыя патокі, рух капіталу. Як правіла, калі ў гандлі дзьвюх краінаў ёсьць істотны перакос у адзін бок, калі імпарт значна большы за экспарт, то гэта кампэнсуецца рухам капіталу. Капітал ідзе з Кітаю ў Беларусь. Хай пакуль і ня ў форме інвэстыцыяў, а ў форме зьвязаных крэдытаў.

Для Беларусі гэта вельмі важны момант. Падчас цяперашняга візыту Лукашэнкі падпісанае пагадненьне аб тэхнічнай дапамозе з боку Банку разьвіцьця Кітаю на 100 мільёнаў даляраў. Так што карціна тут не такая трагічная. Беларусі, каб скарыстаць патэнцыял супрацы з Кітаем, трэба самой мяняцца. Сама беларуская эканоміка, якасьць дзяржаўнага кіраваньня, інстытуцыйнага асяродзьдзя пакуль не дазваляюць выкарыстаць належным чынам патэнцыял гэтых адносінаў.

Раманчук: Калі мы паглядзім нават статыстыку паслугаў, то ўсё гэта – пра пэрспэктыву, пра будучыню, калі гэты «Шаўковы шлях» запрацуе, калі зь Кітаю тавары патокам пойдуць у Эўропу. Але пакуль гэтага няма. Вось кажуць пра мільярд даляраў інвэстыцыяў у «Вялікі камень». Ну збудавалі там вялікі склад. І ўсё? А дзе высокатэхналягічныя тавары, дзе прамыя замежныя інвэстыцыі?

«Краснасельскбудцэмэнт» – не зрабілі нармальную мадэрнізацыю цэмэнтнай вытворчасьці, Добруская папяровая фабрыка – таксама няўдача, зрабілі ў Сьветлагорску электрастанцыю – ніхто ня ведае, што будзе з энэргетыкай пасьля запуску БелАЭС. Усё гэта будуецца на кітайскія крэдыты. Я размаўляў з бізнэсоўцамі, яны кажуць, што каб выйсьці з гэтых крэдытаў, трэба заплаціць 15%. Гэтыя бізнэсоўцы кажуць, што каб ім далі грошы, хай сабе і пад рынкавы адсотак, дык яны б зрабілі на траціну таньней, чым кітайцы. Проста кітайцы зарабляюць на абарыгенах і ня больш за тое.

Дракахруст: Яраслаў, памятаю, што некалькі гадоў таму вы абвяшчалі, што ўрад Беларусі мае плян завезьці ў краіну 600 тысячаў кітайцаў. Кітайцы ў такой колькасьці ў Беларусі неяк не заўважаныя.

Раманчук: Гэта быў плян. Пляны могуць рэалізоўвацца ці не. Паглядзіце, што адбываецца ў «Вялікім камяні». У яго ўжо статус гораду, транспарт туды пусьцілі, зрабілі другую ўзьлетна-пасадачную паласу ў «Менск-2». Усё можа быць у бліжэйшыя 10-20 гадоў. Дэмаграфічнае пытаньне ў нас будзе вырашацца за кошт міграцыі. Тут не стратэгічнае партнэрства, а бізнэс, які робяць у Беларусі другарадныя кітайскія чыноўнікі. Калі наш урад кажа, што за кошт «Вялікага каменя» эканоміка будзе расьці на 5-8% у год, я ім кажу, што ў іх жа ў саміх запісаныя зусім іншыя лічбы.

Царык: Паўтару: галоўная перашкода на шляху выкарыстаньня патэнцыю супрацы з Кітаем – гэта нашая слабасьць, эканамічная, адміністрацыйная. Што да «Вялікага каменя», я пагаджуся, што інвэстыцыяў там малавата. Гэты парк, як і Беларусь у цэлым, для Кітаю – гэта брама ў ЭЗ. З-за таго, што Беларусь па-ранейшаму ня можа заключыць гандлёвае пагадненьне з ЭЗ, не ўваходзіць ува Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, шмат у чым па-ранейшаму мае эканоміку, якая кіруецца адміністрацыйна-каманднымі мэтадамі, кітайскія інвэстыцыі растуць ня надта хутка. І ня толькі кітайскіх.

У нас многія крытыкуюць Кірыла Рудага за тое, што ён лібэрал. Але ён проста ведае, што кітайцы ў нярынкавыя эканомікі інвэставаць ня любяць. Нярынкавым эканомікам яны даюць зьвязаныя крэдыты – нам, Малайзіі, Джыбуці.

Кітайскія заляцаньні і расейская рэўнасьць

Дракахруст: Ці канкуруюць Масква і Пэкін за Беларусь?

Коктыш: Я бы не сказаў. Кітай так пытаньне ня ставіць. Для яго, для праекту «Шаўковы шлях», і Расея, і Беларусь – гэта зьвеньні аднаго ланцужку. Немагчыма сябраваць з адным ланцужком і сварыцца зь іншым. Зь іншага боку, гэтае супрацоўніцтва больш менш празрыстае. Так што тут няма падставаў псаваць адносіны, гэта гульня са станоўчай сумай, тут выйграюць усе і не за кошт адзін аднаго. Кітай свае пытаньні з Эўропай вырашыў падчас нядаўніх перамоваў у Рыме, Парыжы і Брусэлі, КНР купляе 300 Эйрбасаў і таваразварот – мільярд даляраў у дзень.

Юры Царык
Юры Царык

Царык: Беларусь цікавая Кітаю не як частка Эўразійскага саюзу. У ЭАЭС Кітай выдатна і лёгка заходзіць праз Расею і Казахстан. Дзеля аднаго ЭАЭС кітайскі бок не прапаноўваў бы Менску стратэгічнае партнэрства. Што тычыцца вайскова-палітычнай супрацы Кітаю з Беларусьсю, Кітай вельмі асьцярожны і ні ў якім выпадку не імкнецца супрацьпастаўляць сябе Расеі. Але з гэтага не вынікае, што ў Расеі няма рэўнасьці. Мы ведаем гісторыю стварэньне ракетнага комплексу «Палянэз». Расея не давала адпаведныя тэхналёгіі Беларусі, Кітай іх даў, даў таксама і крэдыт на гэтыя распрацоўкі.

Ёсьць супраца і па лініі міністэрства грамадзкай бясьпекі КНР і МУС Беларусі, паміж іншымі сілавымі ведамствамі. У Расеі па-рознаму на гэта глядзяць, многія там такое супрацоўніцтва ацэньваюць вельмі нэгатыўна. Некаторыя там выказваюць перасьцярогі наконт «павароту Беларусі на Захад». Але ніякага павароту на Захад няма, а ёсьць імклівае разьвіцьцё стасункаў з Кітаем. Тут атрымліваецца па Фройду: гавораць пра паварот на Захад, а перасьцерагаюцца павароту да Кітаю

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG