Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ляціць у Кітай, дзе мае сустрэцца зь Сі Цзіньпінам

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Кітая Сі Цзіньпін падчас сустрэчы ў Пэкіне. 16 траўня 2017 году
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Кітая Сі Цзіньпін падчас сустрэчы ў Пэкіне. 16 траўня 2017 году

25–​27 красавіка Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях» у Пэкіне.

Як паведамляе ягоная прэс-служба, на саміце Лукашэнка прэзэнтуе прапановы беларускага боку ў разьвіцьці гэтай глябальнай ініцыятывы, паглыбленьні супрацоўніцтва на эўразійскай прасторы з акцэнтам на стварэньні раўнапраўнай і празрыстай сыстэмы міжнароднага гандлю.

Акрамя таго, у Лукашэнкі мае адбыцца сустрэча са старшынём КНР Сі Цзіньпінам.

Кітайцы ўжо далі невялікі крэдыт

Як перадае беларуская амбасада ў Кітаі, 24 красавіка амбасадар Кірыл Руды сустрэўся з кіраўніцтвам кітайскага Банку разьвіцьця і падпісаў крэдытнае пагадненьне: кітайцы даюць «Беларусбанку» крэдыт у 100 млн эўра на разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі. Якія ўмовы крэдыту, не паведамляецца.

Што такое новы «Шаўковы шлях»

​У пустыні на казахстанска-кітайскай мяжы пабудавалі велізарны сухі порт для экспарту кітайскіх тавараў у Эўропу, Расею і Цэнтральную Азію. Лічыцца, што праект «Новы шаўковы шлях» паскорыць дастаўку грузаў у некалькі разоў. Скептыкі адзначаюць, што праект авантурны і можа не акупіцца.

Гэты памежны шлях — асаблівая эканамічная зона на постсавецкай прасторы. Кітай ужо пабудаваў горад на сваёй частцы яе тэрыторыі. Казахстанскі праект прабуксоўвае з прычыны карупцыйных скандалаў і парушэньня тэрмінаў здачы аб’ектаў.

«Хоргас» — найбуйнейшы сухі порт у Цэнтральнай Азіі. Ён пабудаваны ў Казахстане непадалёк ад кітайскай мяжы, за сотні кілямэтраў ад найбліжэйшага гораду.

Адны кажуць, што ён цалкам зьменіць сытуацыю ў сусьветным гандлі. Іншыя лічаць, што гэта гіганцкая авантура.

Мэта праекту — стварыць новы гандлёвы шлях з Усходу на Захад: тавары накшталт найноўшых кампутараў хутчэй трапяць з Кітая ў Эўропу па сушы.

Скарачэньне шляху

У сухапутным порце вузкакалейная чыгунка з Кітая сустракаецца з шырокакалейнай. Па ёй грузы перасякаюць былыя тэрыторыі Савецкага Саюзу. Краны пераносяць кантэйнэры з кітайскага цягніка на казахстанскі.

Сёньня вялікая частка кітайскага экспарту дастаўляецца па моры. А новы маршрут дазволіць скараціць шлях да Эўропы і Расеі, а таксама стане больш танным шляхам да рынкаў у Цэнтральнай Азіі.

Ці хопіць грузу

Аднак некаторыя экспэрты сумняваюцца, што новы маршрут эканамічна апраўданы.

«Вялікія аптовыя грузы значна таньней перавозіць морам. Няцяжкія можна дастаўляць па паветры. Аднак ёсьць нейкі камэрцыйны сэнс перавозіць па чыгунцы ня самыя прэміяльныя, але і ня танныя буйныя грузы. Пытаньне толькі ў тым, ці хопіць іх для таго, каб акупілася будаўніцтва новай чыгункі і ўсе гэтыя новыя склады», — кажа Том Мілер, аўтар кнігі «Азіяцкая мара Кітая».

Цяпер рост шмат у чым забясьпечваецца шчодрымі субсыдыямі з Кітаю. Аднак у будучыні яны, верагодна, скароцяцца, і чыгуначнаму транзыту давядзецца няпроста ў канкурэнтнай барацьбе. Пытаньне ў тым, ці надзейныя гэтыя інвэстыцыі. Многія эканамісты кажуць, што ня надта — усё гэта даволі рызыкоўна. Цалкам магчыма, што ў выглядзе прыбытку атрымаецца вярнуць толькі малую частку ўкладзеных грошай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG