Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта кітайцам Беларусь. Тлумачыць эканаміст Заіка


Леанід Заіка

Чарговы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай заплянаваны на 13–16 траўня, кіраўнік Беларусі чарговым разам сустрэнецца са старшынём КНР Сі Цзіньпінам і возьме ўдзел у форуме «Адзін пояс, адзін шлях», прысьвечаным праекту эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Гэта ўжо дзясяты афіцыйны візыт Лукашэнкі ў Кітай. Мінулым разам Лукашэнка і Сі Цзіньпін сустракаліся ў верасьні 2016 году. Чым Кітаю цікавая Беларусь, Свабодзе тлумачыць эканаміст Леанід Заіка.

Кітай як 140 Беларусяў

«Кітай да Беларусі — гэта суадносіны 1 да 140 па памерах насельніцтва (1 да 144,6 паводле зьвестак на 2016 год. — РС) і палітычнай вазе, калі заўгодна. Кітаю Беларусь патрэбная проста з псыхалягічна-палітычных меркаваньняў.

Кітай — гэта краіна з сацыялізмам з кітайскай спэцыфікай, Беларусь жа — паўсацыялізм бязь нейкай спэцыфікі. Ну, хіба з аўтарытарнай спэцыфікай. І там, і там аўтарытарызм, а аўтарытарныя лідэры сустракаюцца адзін з адным, бо ніхто іншы зь імі асабліва ня прагне сустракацца. Толькі ў тых выпадках, калі бярэцца ва ўлік палітычная вага краіны — з Кітаем амэрыканцы і ўсе астатнія сустракаюцца, бо краіна вялікая.

На пытаньне, хто каму больш патрэбны, адказ адназначны. Лукашэнка выкарыстоўвае Кітай, каб прыцягнуць увагу да самога сябе. Гэта форма палітычнага прадстаўніцтва ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы.

А нашто Беларусі Кітай, акрамя гэтай прапагандысцкай асновы? Папрасіць грошай».

Прычыны ёсьць, але нязначныя

«Кітай перанасычаны далярамі. Яны памыліліся, бо зашмат уклалі ў рэзэрвы ў амэрыканскай валюце. Цяпер стараюцца траціць, мо нешта выдаткоўваць.

Кітайская намэнклятура зацікаўленая ў Беларусі, бо Кітай перанаселены, а яе працаўнікам, асабліва іх дзецям і родзічам, добра б пажыць у Эўропе

Потым — кітайцы вельмі практычныя. Кітайская намэнклятура зацікаўленая ў Беларусі, бо Кітай перанаселены, а яе працаўнікам, асабліва іх дзецям і родзічам, добра б пажыць у Эўропе. У такой Эўропе, дзе ёсьць аўтарытарны рэжым, але побач Эўразьвяз.

Іншых асаблівых мэтаў я ў гэтым ня бачу, у тым ліку зыходзячы з майго асабістага досьведу жыцьця ў Кітаі. Я ня бачу тут нейкіх цікавых стратэгічных хадоў. 1 да 140 — чаго тут выдумляць?

„Шаўковы шлях“ — гэта партыйна-палітычная праграма Кітаю па стварэньні сваіх пунктаў апоры і свайго ўплыву ў краінах, пачынаючы ад Паўночнай Карэі і Пакістану. Казахстан вельмі патрэбны Кітаю. І ў адпаведнасьці з гэтай канцэпцыяй Кітай павялічвае сваю прысутнасьць на эўразійскай прасторы.

Я стаўлюся да гэтага скептычна: нейкая актыўнасьць хай ідзе, бо чыноўнікам больш няма чым заняцца, яны не ствараюць новую эканоміку, а шукаюць, да каго б прыхіліцца, хто экстэнсіўна разьвіваецца. Амэрыканцы занадта далёка, значна абагналі тэхналягічна, Эўропа жыве зусім у іншым фармаце, таму падзецца няма куды. Добра б ісьці ў адну нагу з Кітаем, але крок у 140 разоў большы».

Спадзявацца на перанос тэхналёгіяў ня варта

На мінулым тыдні амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заявіў, што кітайцы зацікаўленыя ў пераносе вытворчасьці ў Беларусь, бо ў Кітаі заробкі ўжо вышэйшыя за беларускія. Заіка не адмаўляе розьніцы ў заробках, але зьвяртае ўвагу на розьніцу ў маштабах эканомік краін і сумняецца ў «экспарце тэхналёгій»:

«Сярэдні заробак у кітайскай прамысловасьці — 760 даляраў. Беларускія чыноўнікі і сам прэзыдэнт пра гэта ня кажуць. Ён чалавек сьціплы, я разумею Аляксандра Рыгоравіча: калі ён скажа, што ў кітайскай прамысловасьці заробкі 760 даляраў, а беларускі прафэсар атрымлівае 350, то ўсе будуць глядзець на гэта як на нейкі жахлівы цуд!

Але што тычыцца пераносу прамысловасьці і трансфэру тэхналёгій... Прывяду адзін прыклад. Мае знаёмыя працавалі па рысунках кітайскай кампаніі, дык яны былі ў жаху: там столькі тэхналягічных ляпаў было! Калі яны гэта кітайцам расказвалі, тыя не разумелі, пра што гаворка.

Гэтыя тэхналягічныя працэсы супярэчлівыя: так, Кітай добра зарабляе на лёгкай прамысловасьці, пастаўляе добрую электроніку, тыя ж ноўтбукі і смартфоны выбіваюць эўрапейцаў... Але я б не сказаў, што беларусы тут нечаму навучыліся. Хіба кітайскі аўтамабіль, на якім могуць езьдзіць хіба выхадцы зь вельмі далёкіх раёнаў».

Акрамя таго, гучаць меркаваньні, што Кітай зацікаўлены ў рээкспарце сваёй прадукцыі ў Эўропу пад выглядам беларускай, каб абысьці нейкія абмежаваньні на гандаль. Заіка лічыць масавы рээкспарт фантастычным: значных перашкодаў экспарту кітайскіх тавараў у Эўропу ня чыніцца. Людзі і без таго носяць кітайскія курткі, джынсы і майткі, кажа Заіка, і ня стануць адмаўляцца ад гэтага толькі таму, што на іншых вырабах будзе напісана «Made in Belarus».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG