Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыднястроўскі сцэнар», «Дзяржава-агрэсар» — Парашэнка і Зяленскі пра выдачу расейскіх пашпартоў жыхарам Данбасу

абноўлена

Пятро Парашэнка і каманда Ўладзіміра Зяленскага адрэагавалі на ўказ прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб спрошчанай выдачы расейскіх пашпартоў жыхарам Данбасу.

Парашэнка: «Гэта паўднёва-асэтынскі і прыднястроўскі сцэнар»

Дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў указ расейскага прэзыдэнта «чарговым беспрэцэдэнтным умяшаньнем Расеі ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, грубым парушэньнем сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Ўкраіны».

«Крэмль сьвядома і цынічна парушае міжнароднае гуманітарнае права, якое забараняе акупацыйнай уладзе мяняць грамадзянства жыхароў акупаваных тэрыторый. Расейская Фэдэрацыя зноў перасекла чырвоныя лініі і адкрыта і нахабна тарпэдуе мірны працэс на Данбасе», — заявіў Пятро Парашэнка.

Дзейны прэзыдэнт Украіны перакананы, што такімі дзеяньнямі Расея спрабуе «абнуліць» менскія дамоўленасьці, а разам з гэтым і пазбавіцца санкцый: «Незаконная выдача пашпартоў Расеі па так званым паўднёва-асэтынскім і прыднястроўскім сцэнарах — гэта спроба апраўдаць і легітымізаваць вайсковую прысутнасьць Расеі на акупаванай частцы ўкраінскага Данбасу».

Пятро Парашэнка заклікаў міжнародных партнэраў Украіны жорстка асудзіць дэструктыўныя і злачынныя дзеяньні расейскіх уладаў і ўзмацніць рэжым міжнародных санкцый. Ён таксама даручыў Міністэрству замежных спраў неадкладна ініцыяваць абмеркаваньне гэтага пытаньня ў рамках Рады Бясьпекі ААН, АБСЭ і Эўразьвязу.

Каманда Зяленскага: Расея прызнала сваю адказнасьць за акупацыю Данбасу

Каманда новаабранага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, які пакуль не ўступіў на пасаду, заявіла, што спрошчаным парадкам выдачы расейскіх пашпартоў жыхарам акупаванага Данбасу Расея фактычна «прызнала сваю адказнасьць як краіны-акупанта»:

«Гэтыя дзеяньні зьяўляюцца яшчэ адным наглядным пацьвярджэньнем для ўсясьветнай супольнасьці сапраўднай ролі Расеі як дзяржавы-агрэсара, якая вядзе супраць Украіны вайну. На жаль, гэты ўказ не набліжае нас да вырашэньня асноўнай мэты — спыненьня агню. Нягледзячы на гэта, Украіна будзе рабіць усё, што ад яе залежыць, каб абараніць, надаць належную дапамогу і забясьпечыць правы сваіх грамадзянаў, якія вымушаныя знаходзіцца на акупаваных тэрыторыях».

Каманда Ўладзіміра Зяленскага заявіла, што разьлічвае на падтрымку міжнароднай супольнасьці ў пытаньні абароны інтарэсаў, правоў і свабодаў украінскіх грамадзянаў на часова акупаваных тэрыторыях і на ўзмацненьне дыпляматычнага і санкцыйнага ціску на Расею. Сам Уладзімір Зяленскі пасьля перамогі на выбарах пакуль не зьяўляецца ў публічнай прасторы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG