Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нож у сьпіну Ўкраіны». У Кіеве адрэагавалі на ўказ Пуціна аб выдачы расейскіх пашпартоў на акупаваным Данбасе


У сувязі з указам Уладзіміра Пуціна аб спрошчанай выдачы расейскіх пашпартоў жыхарам Данбасу Ўкраіна зьвярнулася ў Раду бясьпекі ААН.

Віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка заявіла, што рашэньне прэзыдэнта Расеі аб выдачы расейскіх пашпартоў грамадзянам Украіны, якія пражываюць на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей, парушае міжнароднае права і менскія дамоўленасьці.

«Гэта спроба паўзучай легітымізацыі псэўдарэспублік з боку Крамля, працяг расейскага сцэнару стварэньня замарожанага канфлікту на Данбасе. Паводле ўкраінскага заканадаўства падвойнае грамадзянства забаронена, і сваім грубым рашэньнем Пуцін дэманструе, што ён ня лічыць акупаваныя тэрыторыі часткай сувэрэннай Украіны», — заявіла Ірына Герашчанка.

Паводле яе словаў, прэзыдэнт Расеі, ухваляючы адпаведнае рашэньне, скарыстаўся момантам пераходу ўлады:

«Мы папярэджвалі: ён чакае аслабленьня ўкраінскай улады. Ён заўсёды карыстаецца момантамі нявызначанасьці і пераходнага пэрыяду, каб уставіць яшчэ адзін нож у сьпіну Ўкраіны».

Ірына Герашчанка перакананая, што міжнародныя партнэры Ўкраіны павінны патрабаваць ад Расеі скасаваньня гэтага ўказу і ўзмацніць санкцыі.

«На жаль, спраўджваюцца горшыя прагнозы — Расея пачынае наступ, пакуль на дыпляматычным фронце. Мы будзем гэтаму супрацьстаяць», — падкрэсьліла Ірына Герашчанка.

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін назваў указ Уладзіміра Пуціна «працягам агрэсіі і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Ўкраіны».

«Гэта новы „пашпартны“ этап акупацыі Данбасу. Заклікаю ўкраінскіх грамадзян на акупаваных Расеяй тэрыторыях не прымаць расейскія пашпарты. Расея пазбавіла вас сёньняшняга жыцьця, а цяпер замахваецца на вашу будучыню», — напісаў Паўло Клімкін на сваёй старонцы ў Twitter.

Намесьнік міністра Ўкраіны ў пытаньнях часова акупаваных тэрыторый Юры Грымчак перакананы, што міжнародная супольнасьць павінна асудзіць рашэньне аб выдачы расейскіх пашпартоў украінскім грамадзянам.

«Цяпер гэта ўжо адказнасьць, я так мяркую, новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны, бо міжнародная палітыка — гэта ягоная зона адказнасьці. Практычна — гэта парушэньне менскіх дамоўленасьцяў, чарговы варожы крок у дачыненьні да Ўкраіны, і трэба зьвяртацца да нашых саюзьнікаў, каб яны яго асудзілі і патрабавалі скасаваньня ўказу», — сказаў Свабодзе Юры Грымчак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG