Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін, Мядзьведзеў, Мацьвіенка: рэакцыя расейскай улады на перамогу Зяленскага


Перадвыбарчы білборд Пятра Парашэнкі ў Кіеве, красавік 2019 году
Перадвыбарчы білборд Пятра Парашэнкі ў Кіеве, красавік 2019 году

Уладзімір Пуцін пакуль не плянуе віншаваць Уладзіміра Зяленскага зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, сказаў у размове з журналістамі прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў. Ён таксама заявіў, што рана казаць пра магчымасьць супольнай працы зь Зяленскім, бо «меркаваць можна будзе толькі па канкрэтных справах».

Пяскоў назваў выбар ўкраінскага народу «відавочным», але адзначыў пры гэтым, што «легітымнасьць выбараў была пастаўленая пад пытаньне, калі не была дадзеная магчымасьць прагаласаваць тром мільёнам грамадзянам Украіны, якія жывуць у Расейскай Фэдэрацыі».

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прызнаў, што выбары ва Ўкраіне адбыліся, адзначыўшы, што іх «вынік паказаў відавочны запыт на новыя падыходы пры вырашэньні праблем» краіны. Ён заявіў, што ў яго няма сумневаў: новы кіраўнік Украіны ў дачыненьні да Расеі будзе прытрымлівацца рыторыкі, якую ён выкарыстаў у ходзе перадвыбарнай кампаніі, і «паўтараць вядомыя ідэалягічныя формулы, арыентаваныя на розныя групы насельніцтва». Мядзьведзеў адзначыў, што не адчувае «ніякіх ілюзій наконт гэтага».

Разам з тым, на думку расейскага прэм’ера, шанцы на паляпшэньне ўзаемадзеяньня паміж Украінай і Расеяй ўсё ж ёсьць, але для гэтага новаму ўкраінскаму кіраўніцтву неабходны «здаровы розум» і «разуменьне глыбіннай каштоўнасьці адносін народаў нашых краін, якія павінны стаяць вышэй за палітычную кан’юнктуру».

Кіраўнік Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка заявіла, што «Расея гатовая весьці дыялёг зь любым прэзыдэнтам, якому аказаны давер грамадзянамі Ўкраіны», але ўсё будзе залежаць ад таго, «ці пачуюць Зяленскі і яго каманда атрыманы ад грамадзтва сыгнал». Яна адзначыла, што «прынамсі першыя заявы Зяленскага ўсяляюць пэўную надзею». На думку кіраўніка Савету фэдэрацыі, грамадзяне Ўкраіны «выразна далі зразумець, што не прымаюць палітыку цяперашняй кіруючай эліты».

Пры гэтым Мацьвіенка палічыла патрэбным дадаць, што Ўкраіна апошнія пяць гадоў была нібыта несамастойнай і ўсё рабіла пад дыктоўку чужых галасоў, а акрамя таго, нагадаць, што яшчэ маюць адбыцца выбары ў Вярхоўную раду. «Гэтыя дзьве акалічнасьці будуць утрымліваць Зяленскага ў пэўных рамках», — лічыць кіраўнік Савету фэдэрацыі.

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны ахвотна камэнтуюць і расейскія чыноўнікі ніжэйшага рангу. Так, дэпутатка Дзяржаўнай думы і былая пракурорка анэксаванага Крыму (якая перад тым працавала ў пракуратуры Ўкраіны) Натальля Паклонская павіншавала Ўладзіміра Зяленскага зь перамогай, пажадаўшы яму «сілы адправіць у мінулае крывавы рэжым», «разьвязаць усе вузлы неразуменьня», «вярнуць мір на Данбас, а таксама вярнуць ўтрымліваных у месцах пазбаўленьня волі грамадзян абедзьвюх краін». Адначасова з гэтым Паклонская павіншавала ўвесь народ Украіны са «зьяўленьнем надзеі на зьмену пагібельнага курсу».
  • Посьпехаў Зяленскаму пажадаў і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў — у прыватнасьці, посьпехаў «у высакародных справах, накіраваных на адраджэньне Ўкраіны і яднаньне ўкраінскага і расейскага народаў, калі такія намеры ў яго зьявяцца».
  • Зяленскага таксама павіншавалі шэраг дзеячоў расейскага шоу-бізнэсу, нагадаўшы пра сваё знаёмства зь ім.

Падчас перадвыбарчай кампаніі супернік Зяленскага — дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка — адзначаў, што ў падтрымку Зяленскага выказваліся шэраг расейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Ён заяўляў, што перамозе Зяленскага будуць рады ў Маскве.

Сам Уладзімір Зяленскі казаў, што Пуцін для яго «вораг», і крытыкаваў Расею за анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе. Пасьля перамогі на выбарах ён заявіў, што ў першую чаргу будзе дамагацца вызваленьня ўкраінскіх грамадзян, якiя ўтрымлiваюцца ў Расеі ў калёніях і СІЗА.

  • Шоўмэн Уладзімір Зяленскі лідзіруе на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны па выніках падліку больш за 99 працэнтаў пратаколаў. На дадзены момант у другім туры выбараў ён атрымаў 73,22 працэнта, ці амаль 13,5 мільёна галасоў грамадзян Украіны. Дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка, які прызнаў сваю паразу, набраў 24,45 працэнта, або каля пяці з паловай мільёнаў галасоў.
  • Зь перамогай Зяленскага ўжо павіншавалі беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прадстаўнікі NATO.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG